×

Беларуская мова для дашкалят

07.09.2019 12:09,

Дзяцей важна з маленства далучаць да роднай мовы, да сваіх каранёў. Пасеенае ў раннім узросце зерне пазней дасць добры ўраджай. Усведамляючы гэта, ужо шмат гадоў удзяляю такому кірунку работы асаблівую ўвагу. За гэты час склалася пэўная сістэма работы і вызначыліся важныя яе асаблівасці.

Вырашаць  задачы па далучэнні дзяцей да роднай мовы дапамагае работа з творамі мастацкай літаратуры. Мастацкая літаратура не вынесена ў асобныя заняткі, таму я для сябе распланавала работу з літаратурнымі творамі з выхаванцамі ў розных групах па сезонах у тэматычным планаванні нерэгламентаваных відаў дзейнасці. Калі бярэцца той ці іншы твор для завучвання ці расказвання, то вядзецца вялікая папярэдняя работа, якая ўключае эцюды, дынамічныя паўзы, рухавыя і дыдактычныя гульні, разглядванне карцін, назіранні, маляванне і г.д. Для лепшага засваення тэксту шырока выкарыстоўваю метад мадэлявання. Як вынік — дзеці з лёгкасцю запамінаюць верш ці апавяданне і могуць пераказаць яго.

Пачынаецца работа з самымі маленькімі дашкалятамі. Спачатку яны завучваюць кароткія вершы (“Кую, кую ножку”, “Вожык”), потым — вершы-дыялогі (“Каця і Коця”, “Зайчаняткі”, “Дачка”). Гуляем у  беларускія народныя гульні (“Шэры кот”, “Адгадай, чый галасок”, “Бусел і жабкі”). Далей, у сярэдняй групе, замацоўваецца пройдзены матэрыял за другую малодшую групу, і дзеці ўжо з большым натхненнем слухаюць і разумеюць родную мову. Пасля ўважлівага праслухоўвання і аналізу твора дзеці з задавальненнем прыдумваюць свой пачатак ці канец казкі, інтанацыйна перадаюць характар герояў, выкарыстоўваюць разнастайную інтанацыю пры выразным чытанні вершаў, а таксама пера­даюць у міміцы, жэстах, рухах розныя эмацыянальныя станы. Такім чынам, работа па далучэнні дзяцей да роднай мовы мае пэўны вынік ужо ў сярэдняй групе. У старшай групе работа становіцца яшчэ больш разнастайнай: пашыраюцца веды дзяцей аб жанрах фальклору — небыліцы, заклічкі, дражнілкі, лічылкі; жанрах прозы — апавяданне, аўтарская казка, байка; жанрах паэзіі — верш, аўтарская казка, байка. Дзеці з паспяховасцю вучацца адрозніваць жанры казкі, апавядання і верша, лагічна і паслядоўна пераказваюць празаічныя творы і з задавальненнем завучваюць вершы. Такім чынам, мае выхаванцы вало­даюць навыкамі дыялогу, умеюць уважліва слухаць, усту­паць у дыялог, могуць абгрунтаваць свой адказ.

Разам з дзецьмі мы развучваем многа вершаў, прыказак, прымавак, прыкмет на роднай мове. Перад завучваннем дасканала разбіраем твор: шукаем незразумелыя словы, я высвятляю, як дзеці разумеюць тое ці іншае слова, а потым расказваю, што яно абазначае на самай справе. Улічваючы ўспрымальнасць і жывы водгук дзяцей на змест літаратурнага тэксту, стымулюю жаданне дзіцяці даць ацэнку падзеям, дапамагаю зразумець слова ў кантэксце, гэта значыць, за літаральным значэннем слова дапамагаю ўбачыць нешта іншае, супаставіць і ўспо­мніць, уявіць і суперажыць.

Пры знаёмстве з беларускімі народнымі казкамі выкарыстоўваю не чытанне, а аповед. Гэта ўзмацняе эмацыянальнае ўздзеянне, што, у сваю чаргу, спрыяе лепшаму разуменню асноўнага сэнсу казкі. Калі выхавальнік глядзіць не ў кнігу, а на дзяцей, то нібы размаўляе з кожным з іх і такім чынам развівае ў выхаванцаў вельмі важнае ўменне слухаць і разумець маналагічную мову.

Звяртаю ўвагу, каб, адказваючы на пытанні па змесце літаратурных твораў, дашкольнікі карысталіся словамі ў правільнай граматычнай форме. Як вынік, у канцы года пасля сістэматычных заняткаў дзеці малодшага ўзросту ўмеюць пераказваць невялікія ўрыўкі з казак.

Дзяцей варта пастаянна заахвочваць да зносін адно з адным. На занятках яны вучацца выбіраць змест, які перадаецца ў маўленні, падбіраць дакладныя словы для выказвання думкі, правільна выкарыстоўваць неабходныя для звязнага маўлення сродкі: інтанацыю, лагічны націск, розныя віды сувязі сказаў і частак тэксту.

Эфектыўнасць выкарыстання такіх форм і метадаў пацвярджаецца тым, што дзеці маёй групы не толькі разумеюць родную мову, але і карыстаюцца ёй падчас гульняў. Усе дзеці могуць расказаць забаўлянкі, заклічкі, прыказкі, прымаўкі, вершы-дыялогі, вершаваныя творы, лічылкі. З задавальненнем ладзім міні-спаборніцтвы тыпу “Чыя каманда больш раскажа лічылак, вершаў, прыказак, прымавак, забаўлянак”.

Важна зрабіць бацькоў сваімі аднадумцамі ў гэтай рабоце, бо, толькі працуючы разам, можна прыйсці да пэўнага выніку. Для гэтага быў створаны клуб для бацькоў “Далучым да роднай мовы”, у рамках работы якога бацькі маглі ўбачыць дасягненні сваіх дзяцей. Ладзіліся канцэрты, міні-спаборніцтвы тыпу “Перакладзіце прымаўку на беларускую мову”, “Раскажыце казку па малюнку”, “Прадоўжыце верш”. Праводзілася сямейная міні-выстава “З бабуліных куфэркаў”, дзе дэманстраваліся вырабы ручной працы: ткацтва, вышыўка, вырабы з дрэва, гліны, саломкі. Бацькі разам з дзецьмі выраблялі кніжкі-самаробкі пра казкі, поры года,  пра свойскіх і дзікіх жывёл. Разам мы стварылі кнігу “З бабуліных рэцэптаў”, куды запісваліся рэцэпты продкаў, што перадаваліся ў сем’ях у спадчыну.  Для большага прыцягнення і далучэння да вучэбнага працэсу бацькоў прапанаваны наглядна-інфармацыйны матэрыял “Мая краіна — Беларусь”, а таксама для бацькоў была створана насценгазета “Размаўляем па-беларуску”, дзе разам з дзецьмі мы малявалі малюнкі і падпісвалі назвы  на беларускай мове.

Прыемна бачыць вынікі працы, якая право­дзіцца на працягу некалькіх гадоў: у дзяцей узра­стае цікавасць да роднай мовы, маўленчая актыўнасць узнімаецца на больш высокі ўзровень, выпрацоўваецца ўменне слухаць педагога і аднагодак, фарміруюцца ўяўленні аб разнастайнасці і жанравых асаблівасцях фальклорных і літаратурных твораў. У дзяцей назіраецца развітое дыялагічнае і маналагічнае маўленне на роднай мове, значна ўзбагачаецца слоўнікавы запас. Яны ўмеюць пераказваць казкі, апавяданні, чытаць на памяць вершы з інтанацыйнай выразнасцю, інсцэніраваць творы і інш. Радуе тое, што і настаўнікі, якія потым працуюць з маімі выпускнікамі,  застаюцца задаволенымі вынікамі прац­ы.

Вольга ВЫСОЦКАЯ,
выхавальніца ясляў-сада № 1 Капыля.