×

Больш чым адпачынак

13.08.2019 11:27,

Лета дорыць неверагодныя магчымасці для падарожжаў, знаёмстваў і сяброўства, а таксама для цікавых і карысных спраў. У тым ліку і з равеснікамі з іншых краін. Юныя жыхары Дзяржынска і Нясвіжа адправіліся ў гарады, якія з’яўляюцца пабрацімамі іх родных мястэчкаў, і прывезлі адтуль мноства ўражанняў і ўсмешак.

Горад Аўцэ, што на поўдні Латвіі, звязваюць пабрацімскія сувязі адразу з некалькімі гарадамі ў розных краінах. Ужо 9 гадоў тут ладзіцца міжнародны маладзёжны праект, які збірае юнакоў і дзяўчат з гарадоў-пабрацімаў. “Аўцэ-2019” сустракаў гасцей з Беларусі, Літвы, Малдовы, Польшчы і Украіны. Несвіжане ўдзельнічаюць у праекце пяты год, прадстаўляюць рэгіён на мерапрыемстве вучні сярэдняй школы № 3 Нясвіжа. У Латвію адправіліся 6 школьнікаў і два педагогі.


Прадстаўнікі Нясвіжа ў Аўцэ.

Галоўная ідэя сустрэч на латвійскай зямлі — культурны ўзаемаабмен, знаём­ства з культурнай і гістарычнай спадчынай розных краін. Кожная дэлегацыя прэзентавала сваю краіну і свой родны горад, каб іншыя ўдзельнікі маглі як мага больш даведацца аб іх. Так, каманды падрыхтавалі тэатралізаваныя візітоўкі, дзе расказалі аб гісторыі і сучаснасці радзімы. Таксама адбылася прэзентацыя традыцыйных народных касцюмаў краін — удзельніц мерапрыемства. А яшчэ юнакі і дзяўчаты падрыхтавалі народную песню і танец, якім вучылі сваіх равеснікаў з іншых краін. Так, разам з моладдзю з Нясвіжа ўсе танцавалі беларускую версію кракавяка і заспявалі “Ох, і сеяла Ульяніца лянок…”.

Праект “Аўцэ-2019” меў таксама і экалагічны кірунак — удзельнікі прадставілі модны паказ “Мы — за зялёны і квітнеючы свет!”, да якога падрыхтавалі вобразы з другаснай сыравіны або экалагічных матэрыялаў.

— За кароткія 5 дзён дзеці паспелі адпачыць, пазнаёміцца з моладдзю з іншых краін, весела і з карысцю правесці час, а таксама пашырыць свой кругагляд, павысіць узровень валодання англійскай мовай, пазнаёміцца з культурай розных краін і расказаць аб нашай цудоўнай краіне, — адзначае дырэктар сярэдняй школы № 3 Нясвіжа Марына Міхайлаўна Макаўчык. 

Гасцей чакалі шматлікія экскурсіі і падарожжы. Яны прагуляліся па вулачках Аўцэ, наведалі яго плошчы і палац, іншыя славутасці. Для дзяцей былі арганізаваны экскурсіі ў Рыгу, Юрмалу, Елгаву.

Важнай для моладзі стала сустрэча са старшынёй Думы Аўцкага краю Віяй Кершус, падчас якой прадстаўнікі дэлегацый падзяліліся сваімі ўражаннямі аб сустрэчы і прапанавалі новыя ідэя па ўзмац­ненні ўзаемадзеяння.

Цікавае падарожжа чакала і школьнікаў з Дзяржынска. Іх шлях быў накіраваны ў Ціхвін. Рэгіёны ўжо шмат гадоў звязвае цеснае ўзаемадзеянне ў розных сферах. Супрацоўніцтва ў галіне адукацыі паміж Ціхвінскім муніцыпальным раёнам Ленінградскай вобласці і Дзяржынскім раёнам Мінскай вобласці ладзіцца на працягу 10 гадоў. У яго ўключаны ўстановы дашкольнай, агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі. Летам рэалізуецца праект “Дзеці славянскіх народаў”, у рамках якога беларускія дзеці адпачываюць у расійскім лагеры і наадварот. Гэтае лета не стала выключэннем — дэлегацыя дзяцей і педагогаў з Дзяржынскага раёна адправілася ў дзіцячы аздараўленчы лагер “Агеньчык”, што размешчаны пад Ціхвінам, на беразе Царыцына возера. 8 дзяўчат з гімназіі № 1 Дзяржынска правялі тут адну змену.

Для дзяцей гэта была ўнікальная магчымасць спазнаць Расію. Гэта адбывалася кожны дзень падчас зносін з равеснікамі, а таксама падчас шматлікіх экскурсій. Для дэлегацыі была арганізавана шырокая культурная і адукацыйная праграма. Госці ўбачылі архітэктурныя і прыродныя помнікі, наведаўшы славутасці Ціхвінскага раёна — Дзяржаўны мемарыяльны дом-музей М.А.Рымскага-Корсакава, знакамітыя мясцовыя манастыры і цэрквы, паркі. Таксама гасцям выпала магчымасць аказацца ў цэнтры сучаснага культурнага жыцця Ціхвіна — яны ўзялі ўдзел у святкаванні Дня моладзі. 

Незабыўнай была экскурсія па Ленінградскай вобласці і Санкт-Пецярбургу. Школьнікі і педагогі наведалі панараму “Прарыў блакады Ленінграда”, схілілі галовы перад помнікам загінуўшым дзецям блакаднага Ленінграда, прайшліся па Неўскім праспекце і пагулялі па Дварцовай плошчы, атрымаўшы асалоду ад неверагоднай прыгажосці Паўночнай сталіцы Расіі.

І, канечне, юныя жыхары Дзяржынска акунуліся ў імклівае і бесклапотнае жыццё лагера. Кожны дзень пачынаўся і заканчваўся гукамі горна, быў напоўнены творчымі і інтэлектуальнымі конкурсамі, спартыўнымі спаборніцтвамі, смехам і сяброўствам. 

— Гэта больш чым проста адпачынак для дзяцей. Такі адпачынак надзвычай узбагачае іх духоўны свет. Адбылося насычэнне новымі ведамі аб культуры і гісторыі месцаў, дзе пабывалі. Дзеці атрымалі вялікую колькасць новых эмоцый, у іх з’явілася мноства новых сяброў, — дзеліцца ўражаннямі Ала Леанідаўна Курыцкая, педагог-псіхолаг гімназіі № 1 Дзяржынска. — Такія сустрэчы выхоўваюць, вучаць з дзяцінства паважаць прадстаўнікоў іншых краін, іх гістарычныя і культурныя каштоўнасці, вучаць цаніць добрыя адносіны і зберагаць мір.

А цяпер надышла чарга расійскіх дзя­цей атрымаць увесь спектр гэтых эмоцый — дэлегацыя з Ціхвіна прыехала на Дзяржыншчыну. У рамках праекта “Дзеці славянскіх народаў” школьнікі будуць адпачываць у дзіцячым аздараўленчым лагеры “Сяброўства” ў пасёлку Энергетыкаў. Іх чакаюць займальныя паездкі і экскурсіі, і шмат цікавых спраў, каб госці як мага бліжэй маглі пазнаёміцца з Беларуссю і беларусамі. 

Дар’я РЭВА.
Фота прадастаўлена сярэдняй школай № 3 Нясвіжа.