×

Будучыя алімпійцы

11.06.2019 11:18,

Краіна жыве чаканнем значнай падзеі — II Еўрапейскіх гульняў. Гэтае мерапрыемства дае шмат магчымасцей для папулярызацыі спорту і здаровага ладу жыцця. Так, натхнёныя гульнямі, навучэнцы Грозаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Капыльскага раёна з захапленнем узялі ўдзел у малых алімпійскіх гульнях, якія прайшлі ва ўстанове.

“Мы — будучыя алімпійцы нашай краіны” — пад такім дэвізам прайшло мерапрыемства. Падрыхтавала яго педагог А.М.Холад. Анжэла Мікалаеўна ведае пра няпросты шлях спартсмена да перамог. У мінулым сама з’яўлялася членам нацыянальнай зборнай Беларусі, абсалютнай пераможцай Мінскага малога марафону 1991 года. Педагог пераканана: алімпійскія чэмпіёны выхоўваюцца ў спартыўнай зале школы, на школьным стадыёне. Таму ў грозаўскай школе традыцыйнымі сталі дні здароўя, наладжаны заняткі па інтарэсах “Мяч над сеткай” і “Калейдаскоп рухавых гульняў”. Дзякуючы намаганням А.М. Холад і яе выхаванцаў, у гэтым навучальным годзе каманда  школы  заняла 3-е месца ў раённай спартакіядзе сярод сельскіх устаноў агульнай сярэдняй адукацыі.

Права адкрыць малыя алімпійскія гульні і ўзняць Дзяржаўны сцяг было прадастаўлена лепшым спартсменам школы — Таццяне Ліннік  і Андрэю Мінізянаву. Шчыра вітала спартсменаў дырэктар ВПК Настасся Анатольеўна Нераненя. Юныя алімпійцы падзяліліся на дзве каманды — “Тарнада” і “Зубры”. Яны спаборнічалі ў разнастайных эстафетах: бег у гімнастычным абручы, скачкі з мячом, перацягванне каната, скачкі ў мяшку і інш. Спартыўныя гульні чаргаваліся з музычнымі паўзамі, танцавальнымі нумарамі. Сапраўдная алімпійская барацьба разгарэлася на школьным стадыёне. Абедзве каманды імкнуліся пераадолець эстафету за эстафетай, не саступаючы сапернікам. Кожнаму хацелася адчуць слодыч перамогі. Літаральна на апошнім конкурсе “Зубры” вырваліся наперад, абышоўшы “Тарнада” на два балы.

Напрыканцы мерапрыемства юных спартсменаў чакаў салодкі сюрпрыз. І хоць пераможцы былі вызначаны, але пераможаных у гэтых алімпійскіх гульнях не было. Інакш і не магло быць, бо спорт аб’ядноўвае.

Алена ДУБІНА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры Грозаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Капыльскага раёна.