×

Час маладых

11.06.2019 11:06,

Свята апошняга званка падводзіць вынікі вучэбных спраў. А вынікі грамадскай дзейнасці дзяцей стала традыцыяй падводзіць на абласным форуме дзіцячых і маладзёжных ініцыятыў. У гэтым годзе форум “Час маладых: ад ідэі — да дзеяння!” зноў аб’яднаў актывістаў Мінскай вобласці.

Удзельнікамі форуму сталі старшакласнікі — лідары грамадскіх арганізацый і аб’яднанняў, маладзёжнага самакіравання, выдатнікі вучобы, пераможцы конкурсаў, фестываляў, iншых творчых, спартыўных, інтэлектуальных спаборніцтваў — усе, хто сваімі годнымі справамі робіць свет навокал лепшым. Каля 250 юнакоў і дзяўчат з усіх раёнаў вобласці прыехалі ў Дзяржынскі раён, дзе праводзіўся форум.

Удзельнікі і арганізатары форуму прысвяцілі мерапрыемства 75-годдзю вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Галоўная ідэя і лозунг форуму — “Беларусь памятае. Міншчына ганарыцца”. Гэтую ідэю падкрэсліла і начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінскага аблвыканкама Т.В.Апраніч, вітаючы моладзь на цырымоніі адкрыцця.

— Вы не проста таленавітыя школьнікі, лепшыя навучэнцы, а праўнукі і прапраўнукі салдат і пераможцаў Вялікай Айчыннай вайны. Вы тыя, хто будзе перадаваць ніць памяці будучым пакаленням, — адзначыла Таццяна Валянцінаўна.

Каб умацаваць гэтую ніць памяці, для ўдзельнікаў форуму быў арганізаваны экскурсійны тур “Дзяржыншчына: па месцах баявых падзей”. Яны наведалі ваенна-гістарычны комплекс “Старая мяжа” ў Станькаве, які з’яўляецца філіялам Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі ВАВ. Ушаноўваючы памяць герояў Вялікай Айчыннай вайны, удзельнікі форуму з розных раёнаў падрыхтавалі квілты, прысвечаныя 75-годдзю вызвалення Беларусі. На форуме яны былі аб’яднаны ў адзін вялікі квілт у гонар знакавай даты. Таксама гэтай падзеі прысвяцілі “жывыя карціны” — фларыстычныя кампазіцыі, якія дэманстраваліся на ландшафтнай пляцоўцы.

Цэнтральнай падзеяй форуму стала выстава-прэзентацыя “Ад ідэі — да дзеяння!”, якая аб’яднала некалькі пляцовак, дзе моладзь расказвала аб сваіх праектах, ідэях і ініцыятывах. Так, на пляцоўцы “Я — лідар” прэзентавалі ініцыятывы ў сферы маладзёжнага самакіравання. Цэнтр творчасці, турызму і экскурсій дзяцей і мола­дзі Жодзіна прадставіў тут міні-экспазіцыю “Жодзіна — мой любімы горад!”, якая расказвае аб рэалізацыі гарадской комплекснай праграмы “Алгарытм лідарства”. Праграма падтрымліваецца Жодзінскім гарадскім Саветам дэпутатаў і накіравана на фарміраванне актыўнай грамадзянскай пазіцыі, прававой, палітычнай і інфармацыйнай культуры ў членаў Жодзінскага гарадскога парламента і лідараў школьнага самакіравання.  Работа ў рамках праграмы вядзецца па некалькіх напрамках, такіх як фарміраванне асобасных, камунікатыўных, сацыяльна-палітычных кампетэнцый, фарміраванне грамадзянскасці і патрыятызму, прафесійная  арыентацыя школьнікаў.

На пляцоўцы “Якасная адукацыя — годная будучыня” можна было пазнаёміцца з маладзёжнымі ініцыятывамі ў адукацыйнай сферы. Маштабную экспазіцыю прадставілі выхаванцы Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Дзяржынскага раёна. Яны прэзентавалі свае канструктарскія дасягненні ў галіне тэхнічнай творчасці: запрашалі пагуляць у камп’ютарную гульню “Бітва эрудытаў”, паназіраць за спаборніцтвамі робатаў “Міні-сумо”, узяць удзел у майстар-класе па стварэнні драўляных карункаў і інш.

Ініцыятывы, прымеркаваныя да Года малой радзімы, былі прадстаўлены на пляцоўцы “З вялікай любоўю да малой радзімы”. Адна з іх  — работа пошукава-даследчага атрада “Кацюша”, што дзейнічае ў Жодзінскай жаночай гімназіі. Дзякуючы рабоце атрада, адноўлена шмат старонак гісторыі Жодзіна і наваколля, удалося ўстанавіць месцы пахаванняў 90 чалавек, 5 безыменных воінскіх пахаванняў атрымалі імёны. Дзяўчаты знаёмілі ўдзельнікаў форуму з родным краем падчас квест-гульні “Малая радзіма — горад Жодзіна”.

Валанцёры на пляцоўцы “На крылах дабра і міласэрнасці” не толькі расказвалі аб сваіх праектах, але і заахвочвалі ўсіх прысутных рабіць добрыя справы. Напрыклад, валанцёрскі атрад “Імпульс” гімназіі-інтэрната Мя­дзела праводзіў гульню “Кветачка-сямікветачка”. Кожны пялёстак кветкі сімвалізаваў карысныя справы, якія маглі б дапамагчы дзецям з абмежаванымі магчымасцямі.

Маладзёжныя ініцыятывы па арганізацыі вольнага часу дзяцей і моладзі прэзентаваліся на пляцоўцы “Творчы старт”. Зразумела, гэтая пляцоўка была самай вясёлай. Тут праводзіліся творчыя майстар-класы і цікавыя фотасесіі, ладзіліся гульнявыя і танцавальныя  праграмы.

Удзельнікі форуму сваімі справамі паказваюць, што яны годныя нашчадкі герояў. Яны гатовы дзейнічаць, каб Радзіма, якую цаной свайго жыцця абаранялі іх прадзеды, квітнела і развівалася.

Дар’я РЭВА.
Фота Марыі АРЭХ.