×

Чытанне — аснова навучання

08.07.2019 12:30,

Упэўненае валоданне навыкам чытання з’яўляецца адной з умоў паспяховасці дзяцей у навучанні. Аднак у цяперашні час выклікае сур’ёзную трывогу навык чытання ў школьнікаў. Многія сучасныя дзеці не любяць чытаць, хаця чытанне — гэта не толькі прадмет, якім навучэнцу трэба паспяхова авалодаць, але і тое, з дапамогай чаго дзіця будзе засвойваць іншыя вучэбныя дысцыпліны, пазнаваць багацце навакольнага свету і чалавечых адносін.

У канцы 1 класа я стала заўважаць, што некаторыя мае навучэнцы чытаюць павольна, чытанне не вылікае ў іх цікавасці, таму фарміраваць адпаведны навык я вырашыла праз выкарыстанне заданняў займальнага характару.

На мой погляд, калі ў навучэнцаў з’яўляецца цікавасць да ўрокаў літаратурнага чытання, яны імкнуцца ўдасканальваць навык чытання. Калі школьніку падабаецца прадмет, то ён будзе захоплена, з цікавасцю засвойваць новыя веды.

Першы мой крок — увядзенне штоўрочных пяцімінутак чытання. У пачатку кожнага ўроку дзеці разгортваюць кнігі і пяць мінут працуюць у рэжыме гудучага чытання.

Шматразовасць чытання. Прапаную навучэнцам на працягу адной мінуты чытаць тэкст напаўголаса, пасля чаго яны адзнача­юць, да якога слова паспелі дачытаць. Потым ідзе паўторнае чытанне гэтага ж тэксту. Навучэнец зноў адзначае, да якога слова дачытаў, і параўноўвае з першым вынікам. Натуральна, другі раз ён прачытае на некалькі слоў больш. Павелічэнне тэмпу чытання выклікае ў дзяцей станоўчыя эмоцыі, ім хочацца чытаць яшчэ.

Рэжым палегчанага чытання выкарыстоўваю, калі дзіця не хоча чытаць. Дамаўляемся, што вучань чытае 1—2 абзацы (3—5 мінут) і пасля гэтага атрымлівае кароткачасовы адпачынак.

На бацькоўскіх сходах і ў размовах з бацькамі тлумачу, што важнай з’яўляецца не працягласць, а частата трэніровачных практыкаванняў, таму, калі мы хочам дапамагчы дзецям давесці навык чытання да аўтаматызму, неабходна што­дзень праз пэўныя прамежкі часу праводзіць з імі невялікія практыкаванні па чытанні.

У пачатку ўрокаў літаратурнага чытання праводжу дыхальную гімнастыку і практыкаванні для падрыхтоўкі голасу і адпрацоўкі дыкцыі:

  • “Задзьміце свечку”. “Зрабіце глыбокі ўдых і выдыхніце ўсё паветра. Вы загасілі вялікую свечку. А цяпер уявіце, што стаяць тры маленькія свечкі. Зрабіце глыбокі ўдых і выдыхніце паветра трыма порцыямі, задзімаючы кожную свечку”.
  • “У кветкавым магазіне”. “Уявіце, што вы прыйшлі ў кветкавы магазін і адчулі пах кветак. Зрабіце шумны ўдых носам і ціхі выдых”.
  • “У ліфце”. “Уявіце, што вы едзеце ў ліфце і аб’яўляеце паверхі. Чым вышэйшы паверх, тым вышэйшы голас. І наадварот.
    Едзем спачатку з першага паверха на дзявяты, потым — на першы”.
  • “Чытанне скорагаворак”. У скорагаворцы іншым колерам вылучаю літары, што абазначаюць гукі, над якімі трэба будзе папрацаваць, напрыклад: “Шла Саша по шоссе и сосала сушку”. Скорагаворкі чытаем ад асобнага, выразнага прагаворвання да максімальна дакладнага хуткага чытання.

Падчас урокаў літаратурнага чытання выкарыстоўваю такія практыкаванні для развіцця тэхнікі чытання:

  • “Дынамічнае чытанне”. На дошцы ці картачцы запісаны слупок з 5—7 слоў з паступовым павелічэннем колькасці літар у словах.
  • “Пастка”. Настаўнік ці падрыхтаваны вучань чытае знаёмы тэкст і замяняе некаторыя словы сінонімамі. Вучні шукаюць гэтыя замены.
  • “Скачкі”. Чытанне праз слова.
  • “Галава і хвост”. Настаўнік ці вучань пачынае чытаць сказ, дзеці хутка яго знаходзяць і дачыт­ваюць разам.
  • “Першы і апошні”. Чытанне першай і апошняй літары ў слове, першага і апошняга слова на радку, першага і апошняга слова ў сказе.
  • “Хованкі”. Знаходжанне ў тэксце слова з пэўнай прыметай (складаецца з двух складоў, пачынаецца на пэўную літару і інш.).

Павышае цікавасць дзяцей да чытання прыём “прачытанне слоў з цяжкасцямі”:

  • “зашумленне” слоў з дапамогай розных ліній, штрыхоў, якія перасякаюць літары;
  • накладанне аднаго слова на іншае: словы пішуцца так, каб адно слова нагрувашчвалася на іншае, перасякалася з ім;
  • перавернутае напісанне слова: картка са словам перакручваецца на 180° ці літары слова размяшчаюцца справа налева;
  • графічнае скажэнне напісання слова;
  • часткова закрытыя словы;
  • словы без галосных;
  • выключэнне літар, якія паўтараюцца, і інш.

На ўроках літаратурнага чытання таксама шырока выкарыстоўваю займальныя пытанні, рэбусы, шарады, шыфроўкі, прыказкі і прымаўкі. Усе прапанаваныя заданні спрыяюць фарміраванню навыку чытання, павышэнню пазнавальнай цікавасці.

Святлана АЎДЗЕЙ,
настаўніца пачатковых класаў вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Заастравецкай сярэдняй школы Клецкага раёна.