×

Дабрыня і шчырасць вершаў нашага выпускніка

29.10.2019 14:43,

У Лядзенскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе Чэрвеньскага раёна ёсць добрая традыцыя сустракацца з былымі выпускнікамі. Кожнаму з іх заўсёды знойдзецца добрае слова, да кожнага будуць чулыя адносіны. Днямі адбылася сустрэча з адным з іх — паэтам Генадзем Рымашэўскім, які прэзентаваў свой новы зборнік вершаў.

Сярод нашых выпускнікоў — хлебаробы, рабочыя, праграмісты, інжынеры, настаўнікі, урачы, кандыдаты навук. Хтосьці жыве па-за межамі нашай краіны, хтосьці — у горадзе, а ёсць такія, хто асталяваўся ў нашым раёне, на сваёй малой радзіме, праслаўляе яе сваімі дасягненнямі і рэкордамі, талентамі. Паэт Генадзь Вітольдавіч Рымашэўскі доўгі час жыў у вёсцы Рэчкі, а затым пераехаў у Чэрвень. Нядаўна ён зладзіў сустрэчу ў роднай школе з нагоды выдання чацвёртага зборніка вершаў “Настрой”. Былы выпускнік заўсёды знаходзіць час, каб завітаць да нас, падзяліцца сваімі поспехамі, пагутарыць са старшакласнікамі, даць ім жыццёвыя парады.

На сустрэчы Генадзь Рымашэўскі расказаў пра гісторыю выдання, спонсараў, якія выдзялілі сродкі для друкавання, а затым прачытаў верш “Куток малой радзімы”, які крануў усіх прысутных, бо кожны думаў пра сваю вёсачку і той куточак, які назаўсёды застанецца ў сэрцы, дзе б ты ні быў. Кожны вучань ды і настаўнік быццам убачыў тыя кусты парэчак і агрэсту, той сад, дзе бавіў вольны час, дзе спелі наліўныя яблыкі, дзе шамацела лістота. Нават гушкалка, пра якую гаварылася ў вершы, усплыла ў памяці. Менавіта ў садзе пачуеш птушыны спеў, лежачы пад яблыняй і смакуючы ападак.

Тры словы, а якое хваляванне,

Тры словы, што ў душы маёй жывуць.

Куток малой Радзімы, як каханне,

Сцяжынкі, што ў дзяцінства прывядуць.

Так, малымі мы ўжо, на жаль, не будзем, а вось якім будзе далейшы адрэзак жыцця, залежыць ад сённяшніх учынкаў і ладу жыцця, ад успрымання чужога болю і выхавання цяперашніх дзяцей.

Дзелячыся ўражаннямі ад сустрэчы з пісьменнікам, 11-класніца Яна Краўчанка падкрэсліла, што Генадзь Вітольдавіч адкрыты і шчыры чалавек, які не проста распавёў пра жыццё, але і як да яго прыходзіць натхненне да напісання вершаў. На думку старшакласніцы, вершы паэта лірычныя, кранаюць душу цяплом і нейкай незваротнасцю быцця. Яны прымушаюць чытача задумацца аб сутнасці жыцця, адказнасці за родны край, блізкіх.

Узыходзіць ранішняе сонца,

Над небасхілам, над зямлёю.

І свеціць прама мне ў ваконца,

Нібыта кліча за сабою.

“Як у любога паэта, у Генадзя Рымашэўскага прысутнічае свой стыль. За кожным радком бачыцца творчая натура, здольнасць да своеасаблівага ўспрымання наваколля. Мы з вялікім захапленнем слухалі вершы пра родную школу, сяброў дзяцінства, — адзначыла Яна Краўчанка. — У час размовы мы даведаліся, што для Генадзя Рымашэўскага самай галоўнай якасцю з’яўляецца чалавечнасць. Таму што як бы ні складвалася жыццё, заўсёды неабходна памятаць, што ты чалавек. Дабрыня і шчырасць вершаў падкрэліваюць гэта сцвярджэнне”.

Акрамя таго, многа цёплых, пранікнёных слоў было сказана пра сям’ю. Сям’я, на думку аўтара, — гэта той цэнтр, які надае яму творчае натхненне, здольнасць да самавыяўлення.

Сустрэча прайшла вельмі цікава. Хоць раней здавалася, што вершы, акрамя праграмных, мала хто чытае і слухае, аднак ніхто не заўважыў, як праляцеў час. Кожны вучань меў магчымасць падзяліцца меркаваннямі. Так, 11-класнік Руслан Касцевіч прачытаў свой верш і атрымаў парады ад паэта.

Напрыканцы сустрэчы Генадзь Рымашэўскі, як заўсёды, падарыў свой зборнік бібліятэцы Лядзенскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Чэрвеньскага раёна. У кожнай школе ёсць такія таленавітыя вучні, якія праслаўляюць свой край, маленькую радзіму, куточак дзяцінства. І мы з вучнямі прапануем кожнай навучальнай установе напісаць нарысы аб сваім выпускніку, які жыве і працуе ў Беларусі, які мае гонар называцца выпускніком той ці іншай установы.

Ірына ЗМАЧЫНСКАЯ,
дырэктар Лядзенскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Чэрвеньскага раёна.