×

Дапоўненая рэальнасць на ўроках астраноміі

03.08.2019 12:13,

Астраномія — фундаментальная навука, якая вывучае будову, рух, паходжанне і развіццё нябесных цел, іх сістэм і ўсяго Сусвету ў цэлым. Навучэнцы засвойваюць вялікі і насычаны матэрыял, які складаецца не толькі з тэарэтычнай часткі, але і з мноства формул і законаў. Некаторых гэта пачынае пужаць, бо часам здаецца, што прадмет ператвараецца ў суцэльную няпростую фізіку.

Як жа захаваць цікавасць да прадмета і паказаць прыгажосць такога неверагоднага і таямнічага Сусвету? Так, існуе вялікая колькасць фільмаў, якія можна дэманстраваць на ўроку. Але нярэдка яны даволі доўгія, што супярэчыць санітарным нормам. Ёсць у падручніку і ілюстрацыі. Але яны не заўсёды могуць перадаць усю сутнасць і прыгажосць той ці іншай астранамічнай з’явы. І тут на дапамогу нам могуць прыйсці розныя дадаткі дапоўненай рэальнасці.

Дапоўненая рэальнасць — гэта тэхналогія, якая дазваляе ажывіць абсалютна любы малюнак. У сваёй практыцы выкарыстоўваю сайт studio.hpreveal.com на камп’ютары для стварэння аўр дапоўненай рэальнасці і дадатак HP Reveal на тэлефоне для чытання ўжо гатовых элементаў (аўр).

На любую выяву можна накласці тры віды кантэнту: іншую выяву, відэафайл, 3D-мадэль. Важна, каб гатовая аўра атрымалася інфарматыўнай і маляўнічай. А ствараць такі кантэнт могуць не толькі выкладчыкі, але і навучэнцы. У сярэдняй школе № 3 Барысава рэалізоўваўся педагагічны праект “Віртуальная супольнасць як форма развіцця інфармацыйна-камунікацыйнай кампетэнтнасці ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу”. У рамках работы над праектам мною былі распрацаваны 16 аўр да розных раздзелаў падручніка “Астраномія. 11 клас” (І.В.Галуза, У.А.Голубеў, А.А.Шымбалёў; Мінск: “Адукацыя і выхаванне”, 2015).

Цяпер на старонках падручніка ажывае сузор’е Касіяпеі ва ўяўленні беларусаў, бачны петлепадобны рух Марса, рэльефная карта паверхні Венеры, складзеная па даных радыёлакацыйных даследаванняў касмічнага апарата “Магелан”, касмічны тэлескоп Хабл, Млечны шлях, фотаздымак Зямлі з космасу, від Месяца ў тэлескоп, Каліста — спадарожнік Юпітэра і спадарожнік Урана Міранда. Дзякуючы такой візуалізацыі, больш зразумелымі становяцца схема сонечнага і месячнага зацьменняў, схема будовы Меркурыя, змена пратуберанца, за якім назіралі на працягу некалькіх гадзін, і інш.

Прапаноўваю калегам прымяняць гэтыя напрацоўкі і паказаць навучэнцам уражвальную прыгажосць Сусвету. Каб скарыстацца выявамі з элементамі дапоўненай рэальнасці, неабходна спампаваць і ўсталяваць на тэлефон або планшэт дадатак HP Reveal, падпісацца (fallowing) на parabkovich.liudmila, сканіраваць выяву ў падручніку. Для работы ў дадатку неабходна падключэнне да інтэрнэту.

Больш падрабязна з гэтымі, а таксама іншымі карыснымі матэрыяламі можна азнаёміцца на метадычным сайце сярэдняй школы № 3 Барысава ў раздзеле “Метадскарбонка”, выбраўшы падраздзел “Фізіка” (https://metodsh3.wixsite.com/mysite/metodkopilka).

Дарэчы, прыведзеная вышэй праграма для стварэння дапоўненай рэальнасці не адзіная, якую можна выкарыстоўваць. І кожны можа падабраць тую, якая будзе адпавядаць яго патрабаванням. Асвоіць такія праграмы нескладана, а вынік варты намаганняў.

Галоўнае — не баяцца выкарыстоўваць новыя інфармацыйныя тэхналогіі і ісці ў нагу з часам, які не стаіць на месцы. І тады настаўнік не толькі па-іншаму адчуе ўласны ўрок, але і будзе інакш выгля­даць у вачах вучняў. А іх, пагадзіцеся, не так лёгка здзівіць.

Людміла ПАРАБКОВІЧ,
настаўніца фізікі і матэматыкі сярэдняй школы № 3 Барысава.