×

Духоўныя рэсурсы выхавання

03.09.2019 14:33,

Маральныя каштоўнасці — падмурак, на якім фарміруецца асоба, таму духоўна-маральнае выхаванне — важны кампанент выхаваўчай сістэмы і адначасова вельмі складаны. Працаваць у гэтым кірунку на Случчыне дапамагае рэсурсны цэнтр.


Супрацоўнікі рэсурснага цэнтра па духоўна-маральным выхаванні навучэнцаў.

Духоўна-маральнае выхаванне падрастаючага пакалення павінна грунтавацца на хрысціянскіх традыцыях беларускага народа, фарміраваць культуру адносін да сябе, да сваёй сям’і, да лю­дзей вакол, да прыроды і дзяржавы, павінна прывіваць каштоўнасці, якія ўжо сталі нацыянальнымі рысамі характару беларускага народа: любоў да блізкага, працаві­тасць, законапаслухмянасць і інш. Менавіта гэтым кіруюцца педагогі сярэдняй школы № 6 Слуцка, дзе тры гады назад быў створаны раённы рэсурсны цэнтр па духоўна-маральным выхаванні навучэнцаў. Яго з’яўленню папярэднічала актыўная работа ў школе. Пачыналася ўсё з аднаго настаўніка і аднаго класа, дзе праводзіўся факультатыў  “Асновы  праваслаўнай культуры”. У мінулым навучальным годзе такія заняткі праводзіліся ўжо ў 11-х класах. Работа хутка выйшла за межы факультатыву, і выхаванне на аснове хрысціянскіх традыцый ажыццяўляецца на класных гадзінах, агульнашкольных мерапрыемствах, падчас экскурсій і даследчай дзейнасці. Карані хрысціянскіх традыцый глыбока прараслі ў гісторыю і культуру нашага народа, таму маюць вялікае значэнне ў краязнаўчай дзейнасці, экалагічным, эстэтычным, патрыятычным выхаванні.

 Работа рэсурснага цэнтра ладзіцца ў адпаведнасці з Праграмай супрацоўніцтва ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме Слуцкага раённага выканаўчага камітэта і Слуцкай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы ў сферы адукацыі на 2015—2020 гады. У цэнтры прытрымліваюцца важных прынцыпаў: свецкага характару адукацыі; узаемнай павагі і неўмяшання ў справы, якія адносяцца да кампетэнцыі бакоў; талерантнасці, якая азначае ў да­дзеным кантэксце, што супрацоўніцтва органаў і ўстаноў адукацыі з Беларускай Праваслаўнай Царквой не мае на мэце ўціску правоў іншых канфесій або грамадзян.

— У рабоце мы выкарыстоўваем той найбагацейшы выхаваўчы патэнцыял, назапашаны хрысціянствам за больш чым дзве тысячы гадоў існавання, — адзначае кіраўнік рэсурснага цэнтра Тамара Мікалаеўна Пятроўская. — Пры гэтым паважаем права навучэнцаў на фарміраванне ўласнай пазіцыі ў дачыненні да рэлігіі і права баць­коў выхоўваць дзяцей у адпаведнасці з уласным стаўленнем да рэлігіі.


Калядны спектакль.

Цэнтр мае некалькі кірункаў работы. Па-першае, з’яўляецца навукова-метадычным рэсурсам. Тут акумулюецца вопыт выкладання прадметаў, накіраваных на духоўна-маральнае выхаванне і развіццё навучэнцаў. Сёння банк педагагічнага вопыту змяшчае мноства ўнікальных сцэнарыяў разнастайных мерапрыемстваў, свят, распрацоўкі адкрытых факультатыўных заняткаў, фота- і відэаматэрыялы да іх. Школьная бібліятэка пастаянна папаўняецца праваслаўнай літаратурай — як метадычнага зместу (для педагогаў), так і мастацкімі творамі для дзяцей. Супрацоўнікі цэнтра праводзяць тэматычныя круглыя сталы, метадычныя гасцёўні, лекцыі, семінары. Іх удзельнікамі становяцца класныя кіраўнікі, педагогі-арганізатары, намеснікі дырэктараў школ па выхаваўчай рабоце.

Цікавая форма трансляцыі вопыту работы на рэгіянальным і міжнародным узроўні, што выкарыстоўваецца цэнтрам, — творчыя паездкі, у якія разам адпраўляюцца настаўнікі, дзеці, бацькі і падчас якіх прадстаўляюць падрыхтаваны тэатралізаваны паказ. Напрыклад, уба­чыць пастаноўку, прысвечаную памяці святой праведнай княгіні Софіі Слуцкай, маглі навучэнцы і педагогі праваслаўнай гімназіі Бабруй­ска, Уладзімірскай праваслаўнай гімназіі ў Расіі.  

Супрацоўнікі рэсурснага цэнтра, педагогі школы не перастаюць вучыцца і набываць новыя веды на разнастайных курсах.

Па-другое, цэнтр з’яўляецца выхаваўча-асветніцкім рэсурсам для дзяцей і бацькоў. Важным складнікам работы з навучэнцамі з’яўляецца факультатыў “Асновы праваслаўна культуры”. На працягу навучальнага года заняткі наведваюць святары.

Акрамя таго, у рэсурсным цэнтры стымулююць і падтрымліваюць даследчую дзей­насць дзяцей, якія з цікавасцю вывучаюць святыні роднага краю. Так, другакласнік Георгій Красоўскі падрыхтаваў даследаванне “Цуды зямлі Слуцкай”, а навучэнец чацвёртага класа Яўген Дзенісенка вывучаў праваслаўныя святыні Случчыны. Работы занялі 2-е і 1-е месца адпаведна ў раённым этапе конкурсу даследчых работ малодшых школьнікаў.  

Займаюцца ў рэсурсным цэнтры і выхаваннем бацькоў, што лічаць адным з найважнейшых кірункаў сваёй дзейнасці.


Калядны баль.

 — Выхаванне дзяцей павінна пачынацца з бацькоў, таму рабоце з сем’ямі ўдзяляем асаблівую ўвагу, тым больш што многія сённяшнія мамы і таты раслі і сталелі ў 90-я гады мінулага стагоддзя. Гэта час, калі разбураліся духоўныя каштоўнасці, змяняючыся іншымі, — разважае Тамара Мікалаеўна Пятроўская. — Сёння, прыцягваючы бацькоў да розных відаў дзейнасці, імкнёмся паказваць ім, наколькі цудоўна жыць у атмасферы дабрыні, любові і дабрадзейнасці.  

Праводзяцца бацькоў­скія сходы, на якія запрашаюцца святары, ладзіцца работа бацькоўскіх універсітэтаў (гэта маштабныя заняткі, удзел у якіх бяруць сацыяльны педагог, урач, крызісны псіхолаг, святар, іншыя спецыялісты, кампетэнтныя ў пэўнай сферы). Такіх мера­прыемстваў было праведзена 11. Кожнае прысвячалася актуальнай выхаваўчай тэме, напрыклад, “Уплыў атмасферы ў сям’і на псіхалагічнае здароўе дзіцяці”, “Асаблівасці выхавання дзяўчынак”, “Прафілактыка залежных паводзін у падлеткаў”, “Камп’ютар: за і супраць”, “Павышэнне матывацыі да вучобы ў падлеткаў” і іншыя. Бацькі становяцца актыўнымі ўдзельнікамі экскурсійных, паломніцкіх паездак па святых месцах. Такія падарожжы маюць краязнаўчую накіраванасць, дазваляюць лепш пазнаць сваю радзіму, азнаёміцца з выдатнымі мясцінамі роднага краю. І, што важна, сумесныя падарожжы з дзецьмі аб’ядноўваюць сем’і, паляпшаюць узаемаадносіны. Так, бацькі, дзеці і педагогі адправіліся ў велапаход па памятных месцах баявых дзеянняў вайны 1812 года, на экскурсію ў храм Аляксандра Неўскага, Свята-Міхайлаўскі сабор і інш.

Па-трэцяе, цэнтр — гэта яшчэ і культурна-адпачынкавы рэсурс. Важным складнікам духоўна-маральнага выхавання з’яўляецца арганізацыя і правядзенне тэматычных агульнашкольных свят. Пры падрыхтоўцы да такіх мерапрыемстваў ствараецца атмасфера нязмушанасці і любові. Падчас іх правядзення дзеці прымяняюць веды, атрыманыя на факультатыўных занятках, спасцігаюць глыбокі сэнс і значэнне свят і традыцый нашага народа. Абавязкова ўдзель­нічаюць у такіх мера­прыемствах бацькі, яны выступаюць не толькі як гледачы, але і як памочнікі ў арганізацыі мера­прыемстваў, і як акцёры. У  школе ладзяцца святы, прысвечаныя памяці святой праведнай Софіі Слуцкай, Вялікадню, Дню маці, Масленіцы. Традыцыйным стала правя­дзенне дабрачынных кірмашоў. Навучэнцы разам з бацькамі пякуць, прадаюць і купляюць кулінарныя вырабы. Атрыманыя грошы пералічваюцца дзецям, якім патрэбна дарагое лячэнне.

Надзвычай маштабна праводзяцца ў цэнтры калядныя святы. Паказы і спектаклі адрозніваюцца асаблівай атмасферай цудаў. А два гады назад з’явілася новая традыцыя — у школе быў праведзены калядны баль. Ён патрабуе карпатлівай і доўгай падрыхтоўкі, аднак яно варта гэтых намаганняў, бо зачароўвае сваёй прыгажосцю, урачыстасцю і духоўнай напоўненасцю. Падчас правядзення падобных мерапрыемстваў педагогі з задавальненнем заўважаюць, як фарміруецца своеасаблівая пераемнасць. Вучні, якія скончылі школу, калісьці маленькімі выступалі тут на сцэне, прыводзяць ужо сваіх дзяцей і выступаюць разам з імі.

Работа рэсурснага цэнтра працягваецца і пашыраецца. Так, у новы навучальны год установа ўваходзіць у новым статусе — абласнога. Цяпер трансліраваць свой вопыт слуцкія педагогі будуць на ўсю Міншчыну. Далейшая работа дазволіць далучаць навучэнцаў да традыцыйных культурна-гістарычных і духоўна-маральных каштоўнасцей нашага народа, а таксама ствараць умовы для фарміравання маральных паводзін і ідэалаў. Таму з гэтага навучальнага года школа і рэсурсны цэнтр удзель­нічаюць у рэалізацыі рэспубліканскага інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі маральнага развіцця навучэнцаў у сучаснай адукацыйнай прасторы на праваслаўных традыцыях і каштоўнасцях беларускага народа з улікам рэгіянальнага сацыякультурнага кластара”.

Мяняць абраны курс педагогі сярэдняй школы № 6 Слуцка не збіраюцца, бо перакананы, што духоўна-маральнае выхаванне на хрысціянскіх традыцыях неабходнае для фарміравання правільных арыенціраў у жыцці навучэнцаў, засваення імі крытэрыяў ацэнкі дабра і зла.

Дар'я РЭВА.
Фота аўтара
і з архіва рэсурснага цэнтра.