×

Дзень абаронцаў Айчыны: новы погляд

25.02.2020 14:52,

Свята, без якога немагчыма ўявіць плённую працу па выхаванні патрыятычных якасцей, пачуцця годнасці за сваю радзіму, развіцця асобы грамадзяніна і патрыёта, — Дзень абаронцыаў Айчыны. Гэты дзень дапамагае аднавіць у памяці некаторыя моманты гісторыі, звярнуць увагу на неабходнасць абароны нашай краіны і адчуць гонар за нашых дзядоў, бацькоў і тых, хто абараняе наша жыццё.

Вялікая работа праводзіцца ў межах гэтага мерапрыемства ў яслях-садзе № 15 “Рабінка” Жодзіна. Кожны раз педагогі шукаюць новае, імкнучыся пашырыць межы свята, павялічыць аўдыторыю выхавальнікаў і бацькоў.

На дапамогу педагогам установы адукацыі прыйшоў Цэнтр патрыятычнага выхавання моладзі “Вектар” Жодзіна. На чале з дырэктарам цэнтра Ігарам Аляксеевічам Лазаравым выхавальнікі цэнтра арганізоўваюць свята “Аты-баты, мы — салдаты!”. Падлеткі ў ваеннай форме ўражваюць дашкольнікаў не толькі сваім знешнім выглядам і бездакорным выкананнем ваенных каманд, але і фізічнай падрыхтоўкай. Усе разам спаборнічаюць у спартыўных эстафетах, аказваюць першую медыцынскую дапамогу, спяваюць ваенныя песні.

Ігар Аляксеевіч назапашвае заданні не толькі для дзяцей, але і для дарослых — выхавальнікаў. Цэнтр патрыятычнага выхавання моладзі “Вектар” арганізоўвае выставу зброі, абмундзіравання, узнагарод.

На свята запрашаюцца бацькі, якія служылі ў войску. Яны расказваюць цікавыя гісторыі з армейскага жыцця. І самае галоўнае — гэта сустрэча з ветэранамі. Неаднойчы да дашкольнікаў прыходзіў бацька Ігара Аляксеевіча Аляксей Дзмітрыевіч Лазараў. Сваім асабістым прыкладам ветэраны дапамагаюць педагогам у выкананні мэт па патрыятычным выхаванні.

Год за годам сумеснымі намаганнямі свята набірае большую значнасць і актуальнасць, таму што і педагогі ясляў-сада № 15 “Рабінка” Жодзіна, і дырэктар Цэнтра патрыятычнага выхавання моладзі “Вектар” з любоўю адносяцца да працы.

Таццяна ХАДАРОНАК,
кіраўнік фізічнага выхавання ясляў-сада № 15 “Рабінка” Жодзіна Мінскай вобласці.