×

Фотавыстава знакамітага выпускніка школы

23.01.2020 15:09,

Напярэдадні дня інфармавання “Ганаруся сваімі славутымі землякамі”, які адбудзецца 23 студзеня, вучні 9 і 10 класаў дзіцячага сада — сярэдняй школы № 1 імя П.І.Купрыянава Жодзіна наведалі фотавыставу знакамітага выпускніка школы — таксідэрміста, падарожніка і прыродазнаўцы Генадзя Пузанкевіча.

У час сустрэчы з аўтарам вучні змаглі не толькі пазнаёміцца з жывапіснымі краявідамі і здымкамі жывёл, але і пачуць ад Генадзя Канстанцінавіча яго гісторыю станаўлення як фатографа, якая пачалася з 11 гадоў, а таксама даведацца аб працэсе стварэння здымкаў на плёнкавым фотаапараце і пра якасці і ўменні, якімі трэба валодаць, каб зрабіць здымак птушкі ў палёце або дзікай жывёлы ў дзеянні.

Найбольшае захапленне выклікалі фатаграфіі з жыхарамі прыроды. І гэта нядзіўна! Бо думка падлеткаў аб тым, што чалавек, які жыве з імі ў адным горадзе, змог сфатаграфаваць у прыродных умовах жырафа, слана, тыгра, лямура, зебру, чарапаху і многіх іншых, здаецца практычна нерэальнай.

Не засталіся без увагі вучняў і цудоўныя пейзажы. Школьнікі заміралі практычна перад кожным фотаздымкам, любуючыся незвычайнымі дрэвамі, кветкамі, захадам сонца і вясёлкай над возерам.

Асобна на выставе прадстаўлены побытавыя здымкі, на якіх адлюстраваны жыхары тых краін, у якіх пабываў Генадзь Канстанцінавіч. Школьнікі з шырока расплюшчанымі вачыма слухалі апавяданні вандроўніка аб канібалах, прадаўцах лангустаў, аб лоўлі асьміногаў.

Прыемным дадаткам да фотавыставы былі зробленыя аўтарам чучалы ваўка і кракадзіла.

Па дарозе дадому хлопцы і дзяўчаты яшчэ доўга абмяркоўвалі ўбачанае і пачутае. Яны чарговы раз пераканаліся, што іх гораду ёсць кім ганарыцца!

Наталля ШЭПЕЛЕВІЧ, 
кіраўнік школьнага музея, настаўнік гісторыі дзіцячага сада — сярэдняй школы № 1 імя П.І.Купрыянава Жодзіна.