×

Гліняныя цуды ў Салігорску

23.07.2019 11:37,

— З глыбінь вякоў гучыць свіст глінянай цацкі-свістулькі. Ганчарнае кола нарэзвае кругі з сівой даўніны ў сённяшні час. Маленькі хлопчык, беручы ў рукі кавалачак гліны, якую дала яму маці-Зямля, хоча зрабіць тую ж цацку, з якой гуляў яго аднагодак тысячы гадоў назад, каб адчуць вялікую сілу няспыннага жыцця, спасцігнуць яго глыбокую таямніцу, — з гэтых слоў Мікалая Аляксеевіча Пратасені пачаўся II адкрыты фестываль-выстава керамічнай цацкі “Гліняны цуд” у Салігорску.

Гэтую сувязь мінулага і сённяшняга часу кіраўнік заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь студыі дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Скарбонка”  Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Салігорскага раёна Мікалай Аляксеевіч Пратасеня нясе на працягу ўсёй сваёй творчай дзейнасці і прывівае сваім таленавітым навучэнцам. У керамічнай майстэрні не змаўкае дзіцячая гамонка і вясёлы смех — дзяўчынкі і хлопчыкі адчуваюць добрыя адносіны да сябе і веру ў іх здольнасці ад свайго кіраўніка і з вялікім задавальненнем наведваюць заняткі ў студыі. Навучэнцы Мікалая Пратасені актыўна ўдзельнічаюць у конкурсах і выставах рознага ўзроўню — ад раённага да міжнароднага, нязменна атрымліваюць ганаровыя дыпломы. Сам педагог атрымаў грант Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

У 2018/2019 навучальным годзе Цэнтрам творчасці дзяцей і моладзі Салігорскага раёна быў рэалізаваны педагагічны праект “Адраджэнне і захаванне ў сучасных умовах тэхналогій вырабу прадметаў народных промыслаў (кераміка) і іх выкарыстанне ў практыцы работы ўстаноў адукацыі і культуры”. Вынікам праекта стаў II адкрыты фестываль-выстава керамічнай цацкі “Гліняны цуд”, арганізаваны на базе Цэнтра творчасці.

Мэта фестывалю — адра­джэнне і захаванне ў сучасных умовах набыткаў традыцыйнай народнай культуры; выкарыстанне ва ўстановах культуры і адукацыі ў вучэбна-выхаваўчым працэсе тэхналогій стварэння твораў народных мастацкіх промыслаў, якія вылучаюцца яркай нацыянальнай самабытнасцю.

Фестываль сабраў майстроў, педагогаў і навучэнцаў Салігор­скага, Слуцкага, Старадарожскага, Мінскага, Стаўбцоўскага, Лагой­скага раёнаў і  Жодзіна, таксама віталі гасцей з Магілёўскай вобласці. Усяго ў Салігорску сабраліся 37 удзельнікаў. Ацэньвала выставы і работу майстроў кампетэнтнае журы на чале са старшынёй Беларускага Саюза майстроў Яўге­нам Міхайлавічам Сахутам.

Фестываль пачаўся святочным шэсцем удзельнікаў свята з павозкай ганчара, які прадае свістулькі па вуліцах горада. Цырымонію ўрачыстага  адкрыцця свята ўпрыгожыла канцэртная праграма народных калектываў Цэнтра творчасці, а ў неба на паветра­ных шарах узнялася цацка — сімвал фестывалю. Гасцей мерапрыемст­ва запрасілі на майстар-класы і конкурсы, экскурсію па Салігор­ску. На працягу ўсяго свята працаваў святочны кірмаш. Падчас фестывалю адбылася прэзентацыя кнігі М.А.Пратасені “Гліняная казка”, у якой аўтар дае падрабязнае апісанне тэхналогій вырабу розных відаў керамічных цацак.

У параўнанні з першым фестывалем, які праходзіў у 2015 го­дзе, другі фестываль сабраў большую колькасць удзельнікаў, якія прадставілі свае керамічныя цацкі ў самых разнастайных намінацыях. Тут былі народная традыцыйная і сучасная цацка-свістулька, гліняная цацка-бразготка, цацкі-макеты, цацкі, выкананыя на ганчарным крузе, сюжэтныя цацкі, цацкі-кампазіцыі, выявы чалавека і птушак. Кожны ўдзельнік прывёз з сабой выставу дамашніх работ, якія адрозніваліся сваёй непаўторнасцю і каларытам.

На фестывалі прайшлі цікавыя майстар-класы па вырабе акарыны і яйка-бразготкі, якія былі вельмі карыснымі для навучэнцаў і майстроў, якія толькі пачынаюць свой шлях у кірунку беларускай керамікі.

Вынікі II адкрытага фестывалю-выставы керамічнай цацкі “Гліняны цуд” падвялі на ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў. Ініцыятар і ідэйны натхняльнік свята Мікалай Аляксеевіч Пратасеня атрымаў дыплом лаўрэата І ступені за захаванне і трансляцыю традыцый беларускай народнай керамікі. Яго навучэнцы таксама атрымалі дыпломы І і ІІ ступені.

У наш час вельмі важна захаваць традыцыйнае народнае мастацтва, культурны вопыт свайго народа і прадоўжыць яго развівац­ь у сучасных умовах. Фестываль керамічнай цацкі са­дзейнічае абмену вопытам, акрэслівае стан і перспектывы развіцця гэтага віду мастацтва, стымулюе творчы патэнцыял усіх, хто стварае цацку, цікавіцца яе лёсам.

Ірына ДАМАЛАЗАВА,
загадчыца аддзялення народнай творчасці Цэнтра творчасці  дзяцей і моладзі Салігорскага раёна.