×

Госці з Паднябеснай

09.07.2019 12:34,

Пагадненне аб умацаванні гуманітарнага і культурнага ўзаемадзеяння падпісана паміж Капыльскім дзяржаўным каледжам і Чунцінскім універсітэтам. Дэлегацыя з кітайскага ўніверсітэта наведала беларускі каледж і пазнаёмілася з яго работай.

Дэлегацыя з раёна Ваньчжоу горада Чунцін Кітайскай Народнай Рэспублікі з двухдзённым візітам пабывала на Капыльшчыне. Рэгіёны зацікаўлены ў двухбаковым супрацоўніцтве ў галіне аграпрамысловага комплексу, прамысловасці, спорту, турызму і адукацыі.

Капыльскі дзяржаўны каледж вітаў спецыялістаў Чунцінскага ўніверсітэта “Тры цясніны”. Універсітэт  з’яўляецца  нацыянальным агульнаадукацыйным цэнтрам Кітая. Філіялы ўніверсітэта — некалькі дзясяткаў каледжаў, якія рыхтуюць спецыялістаў па розных кірунках: будаўніцтве, сельскай гаспадарцы, энергетыцы, грамадскім харчаванні і інш.  Таму прадстаўнікам універсітэта цікавы вопыт Капыльскага дзяржаўнага каледжа, які таксама рыхтуе спецыялістаў для прадпрыемстваў аграпрамысловага комплексу, арганізацый перапрацоўчай прамысловасці, гандлю, будаўнічых арганізацый, прадпрыемстваў грамадскага харчавання.

Наведаўшы каледж, госці пазнаёміліся са структурай і спецыфікай установы адукацыі, арганізацыяй адукацыйнага працэсу і пазаўрочнай дзейнасці навучэнцаў. На інтэрактыўных пляцоўках азнаёміліся з дзейнасцю бізнес-кампаніі “Эргана”, экалагічным праектам “Мядовая заімка”, узялі ўдзел у майстар-класах па кулінарыі, зборцы электрычных ланцугоў, рэгуляванні газаразмеркавальнага механізма і інш. Кітайскія калегі ацанілі матэрыяльна-тэхнічную базу і абсталяванне рэсурснага цэнтра вытворчага навучання па кваліфікацыі “электраманцёр па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання”. У сваю чаргу спецыялісты з Кітая расказалі пра сістэму адукацыі і магчымасці атрымання прафесіі ў сваёй краіне.

У ходзе афіцыйнай сустрэчы былі абмеркаваны магчымыя шляхі супрацоўніцтва Чунцінскага ўніверсітэта з капыльскім каледжам. Абмяркоўваліся пытанні абмену студэнтамі і выкладчыкамі, правядзення сумесных інтэрнэт-канферэнцый, семінараў. Былі выказаны ідэі аб арганізацыі вывучэння кітайскай мовы ў каледжы. Завяршылася сустрэча падпісаннем пагаднення аб умацаванні гуманітарнага і культурнага ўзаемадзеяння. Свае подпісы на дакуменце пакінулі дырэктар Капыльскага дзяржаўнага каледжа Анатоль Францавіч Пяткевіч і віцэ-прэзідэнт Чунцінскага ўніверсітэта “Тры цясніны” прафесар Чы Чуншын.

— Міжнароднае супрацоўніцтва — важны кірунак развіцця нашай установы адукацыі. Культурны ўзаемаабмен і ўзаемадзеянне ў розных аспектах з Чунцінскім універсітэтам адкрывае для нашых навучэнцаў і педагогаў новыя магчымасці, — лічыць дырэктар Капыльскага дзяржаўнага каледжа А.Ф. Пяткевіч. — Мы можам пазнаёміцца з культурай Кітая, кітайскім вопытам у галіне адукацыі. Таксама гэта цудоўная магчымасць прэзентаваць наш каледж, раён і нашу краіну ў далёкай Паднябеснай.  

У найбліжэйшы час у рамках рэалізацыі пагаднення ў Капыльскім дзяржаўным каледжы будзе створаны культурны цэнтр вывучэння Кітая.

Дар’я РЭВА.
Фота прадастаўлены галоўным упраўленнем па адукацыі Мінаблвыканкама.