×

“ГУКавая” кніжка для маленькіх школьнікаў

02.11.2019 14:24,

Фарміраваць пісьменнасць вучняў неабходна пачынаць праз развіццё іх фанематычнага слыху. Таму педагогі соснаўскай сярэдняй школы № 1 Любанскага раёна рэалізоўвалі педагагічны праект “Фарміраванне арфаграфічнай пільнасці вучняў 1—4 класаў на аснове выкарыстання прыёмаў развіцця фанематычнага слыху на ўроках беларускай мовы”. У рамках работы над праектам была створана “ГУКавая” кніжка для чытання і малявання”.

Паколькі беларускае пісьмо гука-літарнае, самым важным з’яўляецца арыенціроўка малодшых школьнікаў у гукавой рэчаіснасці мовы. Маўленчае развіццё малодшых школьнікаў, іх паспяховае навучанне знаходзяцца ў пэўнай залежнасці ад правільнай арганізацыі, зместу работы над ведамі па фанетыцы. Калі недастаткова развіты маўленчы слых, вучні адчуваюць цяжкасці ў зносінах.

Таму праект, над якім працавалі педагогі школы, надзвычай актуальны. Вынікам работы над праектам стала “ГУКавая” кніжка для чытання і малявання”, накіраваная на замацаванне ведаў, выпрацоўку навыкаў па фанетычнай сістэме роднай мовы. Работа з ёй прадугледжвае выкананне інтэграваных заданняў па мове і выяўленчым мастацтве, якія прапаноўваюцца малодшым школьнікам на ўроках беларускай мовы і ў якасці дамашніх заданняў. Надзейнымі сябрамі ў гэтым працэсе з’яўляюцца гаманлівыя двайняты — спрытны Язычок і балбатлівы Роцік, чуйнае Вушка, Чытачы-эрудыты. Прысутнасць іх на старонках кніжкі дазваляе сарыентавацца, на што, у большай ступені, накіравана заданне: вымавіць, пачуць ці даведацца нешта новае і цікавае.

Практыкаванні, змешчаныя ў кніжцы, аб’яднаны ў раздзелы, якія адпавядаюць паслядоўнасці вывучэння фанетычных з’яў: склад і складападзел; націск; зычныя гукі; галосныя гукі. Асобна выдзелены заданні “Для кемлівых”, якія прапаноўваюцца вучням у якасці дадатковых і адпавядаюць дастатковаму і высокаму ўзроўням засваення вучэбнага матэрыялу. Гэта дазваляе дыферэнцыраваць дзейнасць малодшых школьнікаў.

Работа з “ГУКавой” кніжкай” прадугледжвае пераважна самастойную дзейнасць пачаткоўцаў, таму што любы гук (слова), які аналізуецца з пункту гледжання фанетыкі, павінен быць вымаўлены самім вучнем.

Многія практыкаванні аб’яднаны па тэмах (“Ягады”, “Птушкі”, “Транспарт”, “Свойскія жывёлы”). Гэта дазваляе не толькі папаўняць лексічны запас вучняў, але і праводзіць параўнанне фанетычных з’яў рускай і беларускай моў. Напрыклад, руск. “поезд” — бел. “цягнік”; руск. “малина”, “черника” (адз.лік) — бел. “маліны”, “чарніцы” (мн.лік).

Каб дзеці працавалі з захапленнем, у кожнае заданне ўведзены элементы творчай дзейнасці, якая найбольш падабаецца вучням: (раз)дамаляваць, скласці, прыдумаць, саставіць.

Любая дыдактычная гульня садзейнічае не толькі дысцыплінаванасці, выпрацоўцы павагі, дапамогі пры рабоце ў парах, групах, калектыве, але і вучыць, правярае, абагульняе веды. Таму распрацавана да кніжкі гульня-ўкладыш “СКЛАДовае даміно”, мэта якой — сістэматызацыя і замацаванне дзялення слоў на склады праз суаднясенне складовай структуры слоў з колькасным паказчыкам. Як зрабіць даміно? Неабходна размаляваць з укладыша нарыхтоўкі, наклеіць іх на фааміран і разрэзаць. Атрымаецца 28 касцяшак. Умовы гульні патрабуюць класці ланцужок такім чынам, каб колькасць складоў слова супала з папярэднім лічбавым паказчыкам. Калі ўсе заданні выкананы правільна, то ланцужок замкнецца — складовая структура назвы апошняй касцяшкі супадзе з першым колькасным паказчыкам.

Сваімі распрацоўкамі мы гатовы дзяліцца з калегамі. Кніга знаходзіцца ў вольным доступе на сайце ўстановы.

Людміла ВАРВАШЭВІЧ,
настаўніца пачатковых класаў соснаўскай сярэдняй школы № 1 Любанскага раёна.