×

Гуляем на роднай мове

13.08.2019 11:16,

Любы педагагічны конкурс — гэта стымуляванне творчай актыўнасці, падтрымка ініцыятывы педагогаў, а некаторыя яшчэ і дапамагаюць удасканальваць прадметна-прасторавае асяроддзе ўстаноў адукацыі. Як, напрыклад, конкурс вучэбных наглядных дапаможнікаў і дыдактычных гульняў для дзяцей дашкольнага ўзросту, які праводзіўся ў Капыльскім раёне.

Раённы агляд-конкурс праводзіўся з мэтай папулярызацыі беларускай мовы, удасканалення работы па развіцці ў дзяцей дашкольнага ўзросту беларускага маўлення і далучэння іх да нацыянальных традыцый. Удзел у конкурсе бралі  не толькі выхавальнікі дашкольнай адукацыі, але і музычныя кіраўнікі, настаўнікі-дэфектолагі.

Для конкурсу трэба было прадставіць сваю распрацоўку, пазначыць назву, задачы, узрост выхаванцаў, змест. Журы ацэньвала адпаведнасць створаных дапаможнікаў і гульняў вучэбнай праграме дашкольнай адукацыі і ўзроставым магчымасцям выхаванцаў, наяўнасць метадычных рэкамендацый па ўключэнні ў адукацыйны працэс і выкарыстанні ва ўмовах сямейнага выхавання, наяўнасць гульнявога і дыдактычнага кампанента, эстэтычнасць афармлення, аўтарскі падыход.

Канкурсантам былі прапанаваны некалькі намінацый: “Лэпбук”, “Наглядныя дапаможнікі”, “Дыдактычная гульня для дашкольнікаў 4—6 гадоў”, “Дыдактычная гульня для дзяцей 2—4 гадоў”. У аглядзе-конкурсе ўзялі ўдзел 69 педагагічных работнікаў з 21 установы раёна, якія рэалізуюць адукацыйную праграму дашкольнай адукацыі. Удзельнікі праявілі творчасць, ініцыятыву, прафесійную кампетэнтнасць пры падрыхтоўцы да агляду-конкурсу. Дыпломамі былі адзначаны 49 удзель­нікаў.

Хацелася б падкрэсліць, што педагогі ўклалі ў свае распрацоўкі не толькі творчасць, але і часцінку душы, любоў да прафесіі, да дзяцей, паказалі валоданне роднай мовай на высокім узроўні. Педагогі змаглі прыдумаць па-сапраўднаму цікавыя і арыгінальныя гульні і дапаможнікі.

Напрыклад, дапаможнік, які стварыла Таццяна Валер’еўна Мароцкая, выхавальніца ясляў-сада № 3 Капыля, складзены з чатырох укладышаў, якія паслядоўна знаёмяць дзяцей з Рэспублікай Беларусь, з Мінскай вобласцю, з Капылём, з роднай сям’ёй. Дапаможнік рэкамендаваны для дзяцей 5—6 гадоў і можа быць выкарыстаны ў самастойнай дзейнасці, а таксама ў сумеснай дзейнасці на занятках па адукацыйнай галіне “Дзіця і грамадства”, “Развіццё маўлення і культура маўленчых зносін”.

Іна Іванаўна Бяляўская, выхавальніца ясляў-сада № 3 Капыля, стварыла аўтарскую гульню “Падарожжа Бульбашыка” для дзяцей 4—6 гадоў. Гульня знаёміць з назвамі месяцаў года, утрымлівае звесткі аб пахо­джанні гэтых назваў, змяшчае літаратурны матэрыял для выхаванцаў аб кожным месяцы, дазваляе дзецям падарожнічаць разам з любімым героем Бульбашыкам.

Аўтарская гульня, якую прадставіла Алена Валянцінаўна Масквічова, уяўляе сабой макет хаткі-зямлі, у якой жывуць “фарбы-чалавечкі”, вырабленыя са скрынак, абклееных паперай колеравага спектра вясёлкі, на галаве ў іх — каўпачкі. Ёсць таксама дадатковы матэрыял з сімваламі беларускага арнаменту на ліпучках. Дзецям 3—4 гадоў прапануецца падабраць каўпак па колеры “чалавечка”, назваць яго па-беларуску. Дзеці 5—6 гадоў падбіраюць да каўпака сімвал беларускага арнаменту і расказваюць, што гэты сімвал азначае.

Гульню “Розныя фарбы” стварыла і выкарыстоўвае ў рабоце Вольга Анатольеўна Камяк, выхавальніца ДЦРД “Сонейка” Капыля. Яна зроблена ў выглядзе скрыні з рознакаляровымі алоўкамі і дае прастору фантазіі ў прымяненні. Можна, напрыклад, прапанаваць дзецям адправіць алоўкі або фарбы ў падарожжа па рознакаляровай сцяжынцы. Дзіця атрымлівае аловак, называе яго колер і знаходзіць на дарожцы адпаведны колер.

Цудоўныя лэпбукі прадставілі на конкурсе Таццяна Леанідаўна Кахановіч, выхавальніца санаторнага ясляў-сада, і Ірына Аляксандраўна Ермаковіч, настаўнік-дэфектолаг ДЦРД “Сонейка”. Лэпбукі дазваляюць засвоіць мноства тэм, вучыць дзяцей адрозніваць і называць поры года, узбагачаць слоўнік дзяцей аб прыродных з’явах, замацоўваць веды назваў месяцаў, пашырыць веды дзяцей аб вопратцы і абутку па сезонах, развіваць увагу, зрокавае ўспрыманне, лагічнае мысленне, кемлівасць, актывізаваць маўленчую дзейнасць.

Праз гульні педагогі стараюцца забяспечыць дзецям радасць пры авалоданні беларускай мовай. Вельмі важна тое, што ў дзяцей захоўваецца станоўчая матывацыя да вывучэння мовы. Дзякуючы цудоўным гульням і дапаможнікам, якія ствараюць педагогі, дзеці атрымліваюць значныя яркія эмоцыі пры гучанні роднай мовы. Відавочна, што выхаванцы знаходзяць задавальненне ў працэсе гульні і зносінах з беларускамоўнымі суразмоўцамі.

Алена СЕРАДЗІНСКАЯ,
метадыст раённага вучэбна-метадычнага кабінета ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме Капыльскага райвыканкама.