×

Хачу быць педагогам

13.04.2019 11:24,

Амаль кожны ў дзяцінстве марыць стаць настаўнікам. У адных гэта жаданне змяняецца наступнай “прафесійнай марай”, а ў іншых — застаецца да выпускных класаў. Тых, хто збіраецца выбраць педагагічную прафесію, у Крупскім раёне аб’яднаў раённы фестываль“Хачу быць педагогам”.

Фестываль праводзіц­ца ў нашым раёне ўпершыню, — расказвае Ірына Уладзіміраўна Драні­ца, дырэктар Крупскага цэнтра дзіця­чай творчасці. — Гэтае мерапрыемства дае магчымасць знайсці і падтрымаць навучэнцаў, арыентаваных на атрыманне педагагічнай прафесіі, а таксама папулярызаваць прафесію педагога.

У гэтым навучальным годзе ў Крупскім раёне дзейнічаюць 2 педагагічныя групы — на базе сярэдняй школы № 3 Крупак і Хацюхоўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы. Іх выхаванцы сталі актыўнымі ўдзельнікамі фестывалю. Усяго ў мерапрыемстве ўзялі ўдзел 8 навучэнцаў з 7 устаноў адукацыі раёна.

Фестываль прадугледжваў конкурснае спаборніцтва паміж удзельнікамі, падзеленае на 4 туры.

Першы тур быў завочным — удзельнікі прадставілі сачыненне-разважанне “Усё пачынаецца з настаўніка”, якое пісалі ў прозе і ў вершах. У сваіх творах расказалі аб настаўніках, якія паўплывалі на іх светапогляды і лёс, аб тым, ці складаная, на іх погляд, настаўніцкая праца, як дасягнуць у ёй поспеху.

Астатнія конкурс­ныя заданні выконвалі на сцэне. Спачатку расказалі гледачам пра сябе і пра тое, чаму збіраюцца выбраць педагагічную прафесію, у самапрэзентацыі “Мой выбар”. Потым рашалі няпростыя педагагічныя задачы — адказвалі, як павялі б сябе ў прапанаванай сітуа­цыі, калі, напрыклад, дзіця адмаўляецца мыць рукі перад абедам або калі ўсе дзяўчынкі класа хочуць атрымаць галоўную ролю ў п’есе.

Адным з найбольш складаных было дамашняе заданне — правесці міні-ўрок або выхаваўчае мера­прыемства. За 10 хвілін удзельнікі імкнуліся паспрабаваць сябе ў справе і зрабіць гэта максімальна прафесійна. Яны справіліся з заданнем і прапанавалі ўвазе журы, напрыклад, брэйн-рынг і выхаваўчае мерапрыемства, прысвечаныя Году малой радзімы, псіхалагічны трэнінг па выяўленні лідарскіх якасцей.

Журы ацэньвала інтэлектуальны кругагляд удзельнікаў, сцэнічную культуру, арыгінальнасць і крэатыў­насць у выступленні, творчыя здольнасці,  уменне імправізаваць, камунікатыўныя якасці. Па рашэнні суддзяў пераможцамі фестывалю сталі Хрысціна Рошчына, навучэнка Крупскай раённай гімназіі, і Ілона Варламава, якая вучыцца ў сярэдняй школе № 3 Крупак.

— Усіх нас — арганізатараў, педагогаў, журы — парадавала, што ўяўленне аб педагагічнай дзейнасці ва ўдзельнікаў фестывалю не павярхоўнае, яны  паказалі сапраўднае глыбіннае разуменне прафесіі і тое, што яны шчыра хочуць стаць педагогамі і валодаюць якасцямі, неабходнымі для гэтага. Ужо на гэтым этапе ў іх ёсць пэўныя ўменні, і яны гатовы іх удасканальваць, — дзеліцца ўражаннем Ірына Уладзіміраўна Драніца, дырэктар Крупскага ЦДТ. — Мы хацелі б бачыць іх у школах нашага раёна ўжо ў якасці педагогаў.

Дар'я РЭВА.
Фота прадастаўлена Крупскім ЦДТ.