×

Інтэлектуальная субота

21.02.2019 10:15,

Традыцыйна вось ужо чацвёрты год запар адна з субот у лютым у нашай школе інтэлектуальная. Вучні 2—11 класаў развіваюць творчыя здольнасці, удзельнічаюць у творчых конкурсах, турнірах, віктарынах, падарожнічаюць па станцыях.

Пачалася субота з марафону, дзе навучэнцам прапаноўвалася выканаць за 60 хвілін заданні па чатырох дысцыплінах. Напрыклад, шасцікласнікі выконвалі заданні па беларускай і рускай мовах, геаграфіі і фізічнай культуры. Выпрабаванні нялёгкія, але развіваюць логіку, кемлівасць, памяць, мысленне.

Потым удзельнікаў інтэлектуальнага марафону чакала займальнае падарожжа па станцыях. Тры змешаныя каманды па чарзе наведвалі “Камп’ютарную станцыю”, “Літаратурна-гістарычную” і станцыю “Зажэвічы ў будучыні”. На камп’ютарнай станцыі каманды павінны былі стварыць і прадставіць свой праект пра Салігорскі раён. На літаратурна-гістарычнай разгадвалі крыжаванку, якую стварыла для іх папярэдняя каманда. А потым мадэліравалі сваё заданне, выкарыстоўваючы цікавыя факты па гісторыі і літаратуры. На станцыі “Зажэвічы ў будучыні” навучэнцам трэба было ўявіць, якой яны бачаць сваю малую радзіму ў далёкай будучыні, а затым з пластыліну, цеста або канструктара “Лега” рэалізаваць свае фантазіі. Уменне працаваць у камандзе дапамагло знайсці правільныя адказы і зарабіць балы. Навучэнцы змаглі праявіць веды і эрудыцыю.

Завяршыўся марафон спартыўнымі спаборніцтвамі, якія зарадзілі бадзёрасцю і добрым настроем.


Таццяна МАЗОЛЬ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры Зажэвіцкага ВПК дзіцячы сад — сярэдняя школа Салігорскага раёна.