×

Каб любіць мову продкаў

08.06.2019 11:50,

Як выхаваць духоўна багатую і ўсебакова развітую асобу, жыццё якой было б цесна звязана з лёсам народа, краіны? Работа Саскаліпкаўскага дзіцячага сада Нясвіжскага раёна ў рэспубліканскім інавацыйным праекце “Укараненне мадэлі фарміравання асобаснай і сацыяльнай ідэнтычнасці дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту на праваслаўных традыцыях і каштоўнасцях беларускага народа” спрыяе гэтаму.

Любоў да родных мясцін пачынаецца з маленства, з дашкольных гадоў. Менавіта ў гэты час у свядомасці юных грамадзян краіны закладваюцца асновы патрыятызму і грамадзянскасці, таму так важна не прапусціць гэты момант і выхаваць з падрастаючага пакалення сапраўдных патрыётаў, якія пачалі б адчуваць сябе неад’емнай часткай Бацькаўшчыны. Каб глыбей спазнаць гісторыю свайго краю, выхаваць любоў да родных мясцін, трэба размаўляць на роднай мове.

Гэтае пытанне хвалюе мяне як выхавальніка дашкольнай адукацыі, таму ў сваёй рабоце з дзецьмі па папулярызацыі беларускай мовы я выкарыстоўваю гульні-заняткі, мастацка-эстэтычныя, фізкультурна-аздараўленчыя мерапрыемствы, каляндарныя народныя святы і забавы, выставы дзіцячых малюнкаў, вырабаў з прыроднага матэрыялу, чытанне казак, складанне кніг, афармленне тэатральных куткоў, куткоў маральна-патрыятычнага выхавання і шмат чаго іншага. Дзецям другой рознаўзроставай групы вельмі падабаецца сюжэтна-ролевая гульня “Турыстычнае агенцтва”. Дзякуючы ёй, дашкольнікі могуць завочна падарожнічаць па гарадах Беларусі, бліжэй знаёміцца з гістарычнымі помнікамі свайго роднага Нясвіжа.

Ёсць у нашым дзіцячым садзе і свой этнаграфічны куток “Беларуская хата”. Пры знаёмстве дзяцей з традыцыямі беларускага народа гэты куток дапамагае ўбачыць, як раней быў арганізаваны побыт нашых продкаў. У “Беларускай хаце” праводзяцца экскурсіі і заняткі, у ім можна пагуляць у рухавыя беларускія народныя гульні. Праз тэксты народных гульняў, лексіку дзеці ўзбагачаюць уяўленні пра навакольны свет, прыродныя з’явы, знаёмяцца з прыладамі працы, даведваюцца пра нацыянальныя стравы, засвойваюць беларускія назвы месяцаў, дзён тыдня, значна пашыраецца актыўны слоўнік дашкольнікаў.

Ярка акрэсленую выхаваўчую накіраванасць маюць і  беларускія народныя песні. Праз іх я знаёмлю дзяцей з лепшымі рысамі характару беларусаў: шчырасцю, чуласцю, сціпласцю, уважлівасцю. Фальклорныя песні дапамагаюць развіццю эмацыянальнай сферы дашкольнікаў, рыхтуюць іх да выканання пэўных са­цыяльных роляў.

Заняткі па азнаямленні дзяцей з вуснай народнай творчасцю прахо­дзяць цікава, калі да ўдзелу ў іх далучаны мамы і таты, бабулі і дзядулі. Менавіта з адносін таты і мамы да сваёй мовы, да Радзімы, да мінулага ў дзіцяці пачы­наюць фарміравацца першыя ўражанні і першая любоў да роднай мовы, да таго месца, дзе яно нара­дзілася.

Бацькі нашых выхаванцаў з’яўляюцца не толькі гасцямі сада, але і актыўнымі ўдзельнікамі разнастайных мерапрыемстваў. У рамках інавацыйнага праекта ў нас адзначаюцца вялікія праваслаўныя святы: Пакроў, Каляды, Вялікдзень. З удзе­лам бацькоў і дзяцей арганізоўваюцца выставы творчых работ, праходзяць тэатралізаваныя паказы, дзе мамы і таты разам з дзецьмі паказваюць прыклады сямейных традыцый і дэманструюць прыгажосць беларускай мовы.

Размаўляючы ў штодзённым жыцці на беларускай мове, мове нашых бацькоў і продкаў, дашкольнікі кожны дзень адпраўляюцца ў казачнае падарожжа слоў. Крок за крокам дзеці пазнаюць усё больш новага, стараюцца прымяняць набыты вопыт у гульнявой і вучэбнай дзейнасці.

Рыта МАЦКЕВІЧ,
выхавальнік дашкольнай адукацыі Саскаліпкаўскага дзіцячага сада Нясвіжскага раёна.