×

Калядныя гульні

30.01.2019 16:47,

Калядкі ў дзіцячым садку № 12 Жодзіна — любімае і доўгачаканае свята. Да яго заўсёды сур’ёзна рыхтуюцца і адзначаюць, прытрымліваючыся народных традыцый.

Свята традыцыйна праходзіць на беларускай мове, ярка, займальна, у жартоўнай форме. Падрыхтоўка і стварэнне касцюмаў (маскі, хусткі, іншыя галаўныя ўборы, сарафаны, доўгія спадніцы і г. д.) і розных беларускіх шумавых інструментаў (бразготкі, дудкі, свісткі, драўляныя лыжкі, бубны і г. д.) для гулянняў займае асаблівае месца ў арганізацыі свята.

Прыбраўшыся ў ветлівых бабу і дзеда, гуллівых мядзведзя, чорта і казу, хітрую цыганку і іншых герояў, работнікі дзіцячага сада не проста ігралі, а жылі ў вобразах сваіх персанажаў, падарыўшы дзецям і гасцям свята незабыўнае прадстаўленне.

Героі спявалі калядныя песні і заклічкі, праслаўляючы Каляду. Вадзілі карагоды, гулялі ў народныя гульні, ладзілі вясёлыя пераплясы.

Выхаванцы сада былі не толькі гледачамі, але і непасрэднымі ўдзельнікамі. Госці выконвалі песні і прыпеўкі, жадаючы ветлівым гаспадарам здароўя, поспехаў і багатага ўраджаю. Усе ўдзельнікі калядак танцавалі, гулялі і весяліліся ад душы.

У святочных касцюмах, з песнямі і пацешкамі, з пажаданнямі багацця і шчасця калядоўшчыкі абышлі ўвесь дзіцячы сад.

Вялікую дапамогу ў арганізацыі калядак аказалі выхавальнікі малодшых, сярэдніх і старшых груп, а таксама бацькі, якія дапамаглі накрыць святочны стол з пачастункамі.

Свята падарыла дзецям незабыўныя ўражанні і атрымалася вясёлым, шумным і відовішчным.

 

К.Н. ПАЎЛАВА,
педагог-псіхолаг,

А.С. КРЫВІЦКАЯ,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці дзіцячага сада № 12 Жодзіна.