×

Кіраўніцкія паядынкі

30.04.2019 12:14,

На Міншчыне конкурс “Малады дырэктар” праводзіцца раз у тры гады. У 2019 го­дзе кіраўнікі ўступілі ў барацьбу трэці раз. Удзельнікамі конкурсу ­могуць стаць работнікі, чый стаж на пасадзе кіраўніка не большы за 5 гадоў. ­Узрост пры гэтым не ўлічваецца. Кожны раён прадстаўляў адзін канкурсант, і, такім чынам, у абласным конкурсе было 23 удзельнікі. Большасць з іх, а менавіта 17 дырэктараў, працуе ў сельскай мясцовасці, шасцёра ўзначаль­ваюць вучэбна-педагагічныя комп­лексы, двое — гімназіі. Пяцёра канкурсантаў маюць стаж кіраўніцкай дзейнасці да аднаго года. Арганізатары адзначаюць, што ад конкурсу да конкурсу расце колькасць мужчын-удзельнікаў — у гэтым годзе іх было сямёра.

Конкурс “Малады дырэктар” — гэта прыступка прафесійнага росту для ўдзельнікаў. Новымі ведамі і ідэямі яны насычаюцца, рыхтуючыся да конкурсу, а потым — апынуўшыся ў конкурсным асяроддзі, сярод калег, якія маюць пэўны вопыт і свой прафесійны погляд. Акрамя таго, таленавітыя канкурсанты не застаюцца незаўважанымі. Як паказвае практыка мінулых конкурсаў, многія ўдзельнікі ў далейшым атрымліваюць цікавыя прафесійныя прапановы. Так, былыя канкурсанты ўзначальвалі буйныя ўстановы, раённыя ўпраўленні адукацыі, грамадскія аб’яднанні, станавіліся дэпутатамі. Яркі прыклад таго — пераможца першага конкурсу “Малады дырэктар” Наталля Міхайлаўна Сушко, якая з’яўляецца старшынёй Савета дэпутатаў Жодзіна. Наталля Міхайлаўна ўдзельнічала ў конкурсе і сёлета, але ўжо ў ролі члена журы. 

Спачатку канкурсантаў ­чака­лі за­вочныя конкурсныя заданні. Удзель­нікі расказвалі пра сябе ў відэакейсах “Я — дырэктар”, а таксама прадставілі распрацаваныя праграмы развіцця сваёй установы адукацыі. Затым маладыя дырэктары прайшлі тэсціраванне, якое дапа­магло вызначыць узровень іх навукова-метадычнай і псіхолага-педагагічнай падрыхтоўкі.

Наступным конкурсным выпрабаваннем стала пасяджэнне клуба дырэктараў. Падзяліўшыся на групы па чатыры чалавекі, перад членамі журы маладыя кіраўнікі абмеркавалі актуальныя пытанні развіцця сучаснай адукацыі. У прыватнасці, яны разважалі пра матывацыю і стымуляванне ў кіраванні, кіраўніцкія супярэчнасці, пра тое, што важнейшае — любоў да дзяцей ці прафесіяналізм, ці павінны кіраўніцкія рашэнні выконвацца адразу або могуць абмяркоўвацца. Канкурсанты актыўна ўключаліся ў гутарку,  выказвалі цікавыя думкі, прыводзілі прыклады з уласнага вопыту.

Па выніку чатырох конкурсных заданняў былі вызначаны фіналісты. Далейшыя конкурсныя выпрабаванні пяцёрка лідараў праходзіла перад публікай. Першым фінальным заданнем сталі “Кіраўніцкія паядынкі”. Канкурсанты выступалі ў парах і выказваліся на прапанаваную тэму: дакладчык прыводзіў аргументы за, а апанент — суп­раць. Змяняючы адно аднаго, канкурсанты пабывалі ў абедзвюх ролях. А пагава­рыць было пра што. Для выступленняў былі выбраны наступныя тэмы-тэзісы: “Сёння мяняць школу не трэба”, “Выхаванне руйнуецца сучаснымі гаджэтамі”, “Гульня, творчасць і праца — трыяда педмайстэрства”, “Адукацыйныя тэхналогіі — панацэя ад педагагічных няўдач”, “Дырэктар — камертон педагагічнага калектыву”. Складанасцю конкурснага задання было тое, што выступаць за нейкую думку ці супраць яе неабходна было незалежна ад уласных перакананняў на гэты конт, а толькі кіруючыся атрыманай роляй. Аднак канкурсанты справіліся з задачай, прадэманстраваўшы красамоўст­ва, уменне выказвацца пераканаўча, абгрунтоўваць свае думкі.

Далей на сцэне разгарнуліся інтэрактыўныя міні-педсаветы. Кожны ўдзельнік атрымліваў тэму, і яму адводзілася 20 мінут, каб абмеркаваць яе з калегамі. За гэты час трэба было арганізаваць работу каманды, паслядоўна і поўна абгрунтаваць сваю пазіцыю, прадэманстраваць уменне праектаваць кіраўніцкія рашэнні. Тэмамі педсаветаў сталі: “Навучанне і выхаванне поспехам”, “Роля педагагічнага калектыву ў кіраванні школай”, “Школа як сацыякультурны цэнтр” і іншыя.

Сучасны кіраўнік — гэта спалучэнне прафесійных і асобасных якасцей. Усё гэта члены журы ўбачылі ва ўдзельніках. Згодна з вынікамі конкурсу “Малады дырэктар — 2019”, лаўрэатамі сталі Людміла Станіславаўна Паўхлеб, дырэктар гімназіі Дзяржынска, і Аляксандр Мікалаевіч Барэйка, дырэктар Лебе­дзеўскай сярэдняй школы Маладзечанскага раёна.

Трэцяе месца заняла А.І.Ула­сіхіна, дырэктар сярэдняй школы № 3 Мар’інай Горкі Пухавіцкага раёна. Алена Іванаўна ўзначальвае ўстанову тры гады і на сваёй пасадзе імкнецца прад’яўляць справядлівыя патрабаванні да людзей, паважліва ставіцца да іх, быць прыкладам для свайго калектыву. Яна аптымістычны чалавек і стараецца ніколі не адчайвацца, а таксама не спыняцца на дасягнутым, пастаянна вучыцца і даведвацца нешта новае. 

На другой ­прыступцы п’едэстала гонару ­конкурсу апынуўся С.Э.Войніч, дырэк­тар Аталезскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Стаўбцоў­скага раёна. Станіслаў Эдуардавіч — самы малады ўдзельнік сёлетняга конкурсу. Яму ўсяго 27, і ўстанову ён узначаліў у верасні мінулага года. Нягле­дзячы на гэта, Станіслаў Эдуардавіч цудоўна праявіў сябе як удумлівы, адказны, пер­спектыўны кіраўнік. А яшчэ ён пакарыў гледачоў і журы сваім пазітывам і пачуццём гумару, актыўнай жыццёвай пазіцыяй. Акрамя выканання прафесійных абавязкаў, ён паспявае займацца плаваннем, настольным тэнісам, любіць едзіць на веласіпе­дзе, займаецца фатаграфіяй, таксама ён аматар падарожжаў і  валанцёр. С.Э.Войніч імкнецца да ўсяго падыходзіць творча, бо менавіта гэта лічыць асновай поспеху ў любой справе. Заўсёды гля­дзіць на праблему з розных бакоў, не дазваляючы эмоцыям браць верх.

Пераможцай конкурсу ­стала Алена Леанідаўна Буцэнка, ды­рэктар  Сеніцкай сярэдняй школы імя Янкі Купалы Мінскага раёна.
Установу яна ўзначаліла ў 2016 го­дзе, і праз год школа стала дыпламантам раённага конкурсу “За дасягненне высокіх паказчыкаў у развіцці адукацыі”, а Алена Леанідаўна па выніках мінулага навучальнага года была ўдастоена звання педагога-наватара. Малады дырэктар лічыць, што праца­ваць трэба, аддаючы кожнай справе кавалачак сэрца. Яна імкнецца заўсёды добрасумленна выкон­ваць свае абавязкі, да сябе і іншых ставіцца з павышанай адказнасцю і патрабавальнасцю.

 — У конкурсе мне вельмі спадабалася атмасфера, мы былі адной камандай, а не сапернікамі. Самым простым заданнем для мяне было тэсціраванне, таму што, па сутнасці, з усімі гэтымі пытаннямі мы сустракаемся ў штодзённай рабоце, — дзеліцца ўражаннямі пераможца конкурсу. — Найбольш складанымі аказаліся публічныя выступленні. Няпроста было справіцца з хваляваннем, яно перашкодзіла пака­заць сябе найбольш поўна. Конкурсныя заданні дазволілі ацаніць сваю работу, убачыць свае плюсы і мінусы. Мне ёсць над чым працаваць і да чаго імкнуцца. І галоўная мая задача — разам са сваім калектывам зрабіць так, каб наша школа стала лепшай не толькі ў раёне і вобласці, але і ў рэспубліцы.

Алена Леанідаўна ўзначальвае вялікую школу — у ёй 1300 навучэнцаў і больш за 120 педа­гогаў. Ва ўстанове актыўна развіваецца эстэтычны кірунак работы, праектная дзейнасць. У дырэктара ёсць дакладнае бачанне таго, над чым яшчэ
трэба працаваць, як у далейшым разві­ваць школу.

Дарэчы, Алена Леанідаўна Буцэнка перамагла і па выніках галасавання гледачоў.  Відэакейсы, стварэнне якіх было адным з першых конкурсных заданняў, былі разме­шчаны на сайце Мінскага абласнога ІРА. Кожны мог завочна пазнаёміцца з маладымі дырэктарамі і прагаласаваць за таго, хто найбольш спадабаўся. Удзел у анлайн-галасаванні ўзяло каля 30 тысяч чалавек, і кожны чацвёрты голас быў аддадзены за Алену Леанідаўну. 

Свой творчы патэнцыял канкурсанты ў далейшым будуць рэалізоў­ваць не толькі на рабочых месцах. На Міншчыне будзе створаны клуб прафесійнага майстэрства “Малады дырэктар Мінскай вобласці”. Членамі клуба стануць усе 23 сёлетнія ўдзельнікі, яны будуць дзяліцца сваім вопытам работы, ідэямі і ведамі на майстар-класах, конкурсах, семінарах і іншых мерапрыемствах прафесійнай накіраванасці. Таксама плануецца, што яны стануць настаўнікамі для новых пакаленняў маладых дырэктараў і канкурсантаў.

Дар'я РЭВА.