×

Клас бяспекі

17.09.2019 14:56,

Новы кабінет па асновах бяспекі жыццядзейнасці адкрыўся ў Капылі. Ён будзе працаваць на базе гімназіі № 1 імя М.В.Рамашкі.

Кабінет атрымаў сучаснае абсталяванне для вывучэння асноў бяспекі. Тут размясціліся яркія інфармацыйныя стэнды, шмат вучэбнай літаратуры, падборка мультымедыйных матэрыялаў, макеты для адпрацоўкі розных навыкаў. З іх дамапогай гімназісты і школьнікі змогуць вучыцца, як дзейнічаць у небяспечных сітуацыях і як аказваць першую медыцынскую дапамогу. Тут будуць праводзіцца заняткі для дзяцей — урокі, пазакласныя мерапрыемствы, падрыхтоўка да спаборніцтваў раённага і абласнога ўзроўню, а таксама заняткі для настаўнікаў — семінары для педагогаў, якія будуць праводзіцца сумесна з супрацоўнікамі РАНС. Дарэчы, заняткі будуць арганізаваны не толькі для навучэнцаў і педагогаў гімназіі, але і для вучняў і педагогаў усяго раёна.

Бяспека дзяцей — справа надзвычайнай важнасці, таму з’яўленне такога класа — значная падзея для горада і раёна. Удзел ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця ўзялі прадстаўнікі Капыльскага райвыканкама, Капыльскага РАНС, раённай арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі.

Асабліва рады новаму кабінету ўдзельнікі клуба юных ратавальнікаў-пажарных “Палымяныя сэрцы”, які дзейнічае ў гімназіі. Кіраўнік клуба — Юлія Анатольеўна Бурак, намеснік дырэктара гімназіі. Клубаўцы актыўна бяруць удзел у раённых і абласных мерапрыемствах і конкурсах. Яны гатовы яшчэ больш актыўна прапагандаваць карысныя веды і дзяліцца імі, тым больш што цяпер у іх для гэтага яшчэ больш магчымасцей. 

Дар'я РЭВА.
Фота прадастаўлена гімназіяй № 1 імя М.В.Рамашкі.