×

Конкурсы, пленэры, перамогі

16.07.2019 11:59,

27 медалёў і 30 дыпломаў розных ступеней атрымалі юныя творцы з Салігорскага раёна падчас V Міжнароднага фестывалю дзіцячай і маладзёжнай творчасці Аrt-panorama Baltika.

Фестываль Аrt-panorama Baltika — гэта падарожжа па Балтыцы, падчас якога праводзяцца пленэры, конкурсы, выставы і іншыя культурна-асветніцкія мерапрыемствы для пачынаючых мас­такоў. У гэтым годзе ў фестывалі ўдзельнічалі каля 700 маладых людзей з розных краін Еўропы. Сярод іх — 27 выхаванцаў аддзялення сучаснага мастацтва Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Салігорскага раёна.

Да пачатку фестывалю дзеці на працягу некалькіх месяцаў рыхтавалі работы для выставы, якой распачалося мерапрыемства. Работы юных салігорскіх мастакоў былі прысвечаны роднай краіне і малой радзіме. Яны прадэманстравалі разнастайнасць тэхнік і жанраў. 

— Аддзяленне сучаснага мастацтва ЦТДіМ Салігорскага раёна рэалізоўвае праект “Я малюю Беларусь”. Разам з выхаванцамі мы ездзім па розных куточках нашай радзімы і ладзім там пленэры, — расказвае Святлана Уладзі­міраўна Бурак, загадчыца аддзела сучаснага мастацтва ЦТДіМ. — Дзеці адлюстроўваюць у сваіх работах прыроду, архітэктуру Беларусі. Такім чынам яны спазнаюць радзіму і пранікаюцца шчырай любоўю да яе. Сваімі пачуццямі яны падзяліліся з міжнароднай публікай на выставе.

Адкрыццё фестывалю адбылося ў Рэзекнэ (Латвія), тут жа прайшла выстава творчых работ удзельнікаў. Потым юныя творцы адправіліся ў Швецыю. У Стакгольме для іх быў арганізаваны пленэр.

У завяршэнні фестывалю юныя таленты атрымалі свае заслужаныя ўзнагароды. Члены Беларускага саюза мастакоў, якія ўваходзілі ў склад журы, адзна­чылі творцаў дыпломамі розных ступеней за адлюстраванне ў работах гісторыка-культурных каштоўнасцей нашай краіны.

Пленэр і наогул фестываль падарылі юным мастакам натхненне. Свае ўражанні яны ўвасабляюць у творчасці — ужо зараз рыхтуюць работы да выставы па матывах свайго падарожжа. Выстава “Падарожжа па Балтыцы” адбудзецца восенню ў цэнтры творчасці.

Дар’я РЭВА.
Фота прадастаўлена ЦТДіМ Салігорскага раёна.