×

Летні маршрут

05.08.2019 12:17,

Абласны фестываль аздараўленчых лагераў “Летні маршрут — Міншчына” прайшоў на базе Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Салігорскага раёна. Фестываль стаў пляцоўкай для папулярызацыі адпачынку і аздараўлення дзяцей, удасканалення дзейнасці выхаваўча-аздараўленчых устаноў адукацыі, а таксама іншых устаноў, якія забяспечваюць адпачынак і аздараўленне дзяцей. Мерапрыемства спрыяе абагульненню і распаўсюджванню інавацыйнага вопыту ў арганізацыі працы лагераў.

У вазе журы фестывалю былі прадстаўлены творчыя выступленні дзяцей і педагогаў, якія раскры­ваюць змест дзейнасці кожнага лагера. На адкрытых пляцоўках каманды дэманстравалі формы і метады работы з дзецьмі па розных напрамках выхавання і аздараўлення, прэзентавалі свае метадычныя распрацоўкі.

У рамках мерапрыемства была арганізавана выстава-панарама метадычнага вопыту па арганізацыі летняга адпачынку і аздараўлення дзяцей у Мінскай вобласці “Каб лета прайшло на ўра!”. Працавалі шэсц­ь адкрытых пляцовак.

Так, на пляцоўцы “Лагін: лета. Пароль: малая радзіма”, прысвечанай грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню дзяцей, свой вопыт работы прадэманстравалі прадстаўнікі лагераў “Дружба” пасёлка Энергетыкаў Дзяржынскага раёна, “Патрыёт” Клецкага раёна і “Следапыты: па сцежках малой радзімы” Крупскага раёна.

На пляцоўцы “Тэрыторыя новых ведаў” каманды лагераў “Вясёлка” Вілейскага раёна і “Робатэк” Мінскага раёна дзяліліся вопытам арганізацыі дадатковай адукацыі дзяцей і вучэбна-даследчай дзейнасці. Пра валанцёрскую дзейнасць расказалі прадстаўнікі лагера “Мы — САМІ!” Вілейскага раёна на пляцоўцы “Сцежка добрых спраў”.

Пляцоўка “Мы выбіраем здароўе”, прысвечаная фізкультурна-аздараўленчай рабоце, прадэманстравала вопыт лагера працы і адпачынку “Юнацтва” Клецкага раёна, спартыўнага лагера Салігорскага раёна і лагера “Нёман” Стаўбцоўскага раёна.

Пра арганізацыю творчай дзейнасці выхаванцаў на пляцоўцы “Нам ідэй не займаць” расказалі каманды лагераў “Папараць-кветка” Бярэзінскага раёна, “Алімп” — Валожынскага, “Горад дзяцінства” — Капыльскага, “Арэса” — Любанскага, “Крынічка” Маладзечанскага раёна. Таксама на пляцоўцы можна было азнаёміцца з цікавымі ідэямі выхавальнікаў і выхаванцаў лагераў “Фарбы лета”, “Купалінка”, “Зорка”, “Журавушка” і “Проф.box” — прадстаўнікоў Мя­дзельскага, Нясвіжскага, Слуцкага, Салігорскага і Старадарожскага раёнаў адпаведна.

А прадстаўнікі абаронна-спартыўнага лагера “ПраваЗнайка” з Нясвіжскага раёна на пляцоўцы “Адкрытыя інавацыі” падзяліліся інавацыйнымі падыходамі пры арганізацыі працы ў аздараўленчым лагеры.

Па выніках абласнога фестывалю дыпломамі I ступені ўзнагароджаны лагеры “Вясёлка” Вілей­скага раёна і “Патрыёт” Клецкага раёна, якія прадста­вяць Міншчыну на рэспубліканскім фестывалі аздараўленчых лагераў у жніўні ў НДЦ “Зубраня”. Дыпломаў II ступені ўдастоены лагеры “Папа­раць-кветка” Бярэзінскага раёна, “Арэса” Любанскага і “Крынічка” Маладзечанскага раёна. Дыпломы III ступені атрымалі лагеры “Мы — САМІ!” Вілейскага раёна, “Нёман” Стаўбцоўскага раёна і спартыўны лагер Салігорскага раёна.

Па інфармацыі галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама.