×

Медыяцыя: сучасныя формы зносін падчас адпачынку

03.08.2019 12:10,

У сучаснай установе адукацыі ствараюцца такія ўмовы, якія дапамагаюць падлеткам вучыцца ладзіць адносіны адно з адным, браць адказнасць за свае ўчынкі. Таму ў Пагарэльцаўскай сярэдняй школе Нясвіжскага раёна працуюць над педагагічным праектам  “Фарміраванне культуры зносін навучэнцаў праз арганізацыю работы школьнай службы медыяцыі”. Работа ў гэтым кірунку не спыняецца і летам, падчас працы аздараўленчага лагера “Купалінка”.

У 2018/2019 навучальным годзе ва ўстанове адукацыі была створана школьная служба медыяцыі “Цеплыня сэрцаў”, дзякуючы якой падлеткі атрымалі магчымасць вучыцца самім і вучыць сваіх сяброў урэгуляванню канфліктаў мірным шляхам. Кожную суботу педагог-арганізатар Алена Уладзіміраўна Акунец праводзіла заняткі аб’яднання па інтарэсах “Медыяцыя і культура зносін”. Удзельнікам адукацыйнага працэсу прапанавалася анкетаванне, будучыя медыятары вучыліся правядзенню медыятыўных заняткаў з іншымі дзецьмі. Асаблівую цікавасць выклікала праектная майстэрня “Сімволіка школьнай службы медыяцыі”, у выніку работы якой быў створаны лагатып службы. Даволі цікавай і пазнавальнай  стала сустрэча навучэнцаў са старшынёй Нясвіжскага суда, якая прайшла ў выглядзе экскурсіі і гутаркі аб судовых справах.

Значнымі падзеямі для пачынаючых медыятараў сталі ўдзе­л у раённым прававым конкурсе “Палітра закону”, у раённым конкурсе на лепшы прававы відэаролік “Злачыннасць спыніць наша салідарнасць”, у раённым конкурсе на лепшую сацыяльную рэкламу “Розны выбар — розныя шляхі”, у конкурсе малюнкаў “Намалюй свае правы”.

Асаблівыя ўражанні ў педагогаў былі звязаны з удзелам у такіх мерапрыемствах, як III і IV міжнародныя фестывалі медыяцыі, круглы стол “Беларуская школьная служба медыяцыі: уплы­ў на адукацыйны працэс і тэндэнцыі развіцця ў Рэспубліцы Беларусь”, што прайшоў у Мінску.

Работа школьнай службы медыяцыі атрымала працяг падчас летняга аздараўленчага лагера “Купалінка” з дзённым знаходжаннем. Згодна з планам работы лагера і ў рамках праекта “Гульня-пазлік “Кожнаму мілая свая старонка” былі запланаваны мерапрыемствы з удзелам школьнай службы медыяцыі для малодшых школьнікаў: гульня “Вучымся сябраваць”, гульні з выкарыстаннем медыятыўных тэхналогій “Пасядзім… Пасакрэтнічаем… Вучымся зносінам”, час працы “Ствараем калаж: хатка ўтульнасці і сяброўства”.

Падлеткі не толькі дапамагалі малодшым дзецям навучыцца сябраваць і падтрымліваць добры настрой у летні перыяд, але і развівалі ўласныя лідарскія і камунікатыўныя якасці, вучыліся і вучылі іншых урэгуляванню канфліктаў мірным шляхам.

Педагогі, навучэнцы і іх бацькі чарговы раз пераканаліся, што летні лагер можа быць не толькі цікавым, але і карысным для будучыні дзяцей.

Наталля ХАДАКОВА,
дырэктар Пагарэльцаўскай сярэдняй школы Нясвіжскага раёна.