×

Міні-музеі для дашкольнікаў

16.07.2019 11:51,

На Міншчыне падвялі вынікі IV Абласнога фестывалю-конкурсу ўстаноў дашкольнай адукацыі “Свет дзяцінства”. Традыцыйнае мерапрыемства, якое праводзіцца галоўным упраўленнем па адукацыі Мінаблвыканкама і Мінскім абласным ІРА, сёлета прысвечана Году малой радзімы.

Фестываль-конкурс закліканы ўдасканальваць умовы знаходжання выхаванцаў ва ўстанове дашкольнай адукацыі і павышаць якасць арганізацыі адукацыйнага працэсу. Кожны год увага журы факусіруецца на асобных аспектах развіццёвага асяроддзя дашкольных устаноў. Так, сёлета ў цэнтры ўвагі былі музеі і музейныя куткі — спаборніцтва праводзілася ў намінацыі “Тэрыторыя дзяцінства: міні-музей беларускай культуры”.

Фестываль-конкурс прадугледжваў два этапы — раённы і абласны. Для ўдзелу ў абласным этапе былі пададзены заяўкі ад 24 устаноў адукацыі Мінскай вобласці. Канкурсанты прадставілі фотаматэрыялы, якія адлюстроўваюць магчымасці і ўмовы функцыянавання міні-музея ва ўстанове адукацыі; інфармацыю аб міні-музеі з апісаннем размешчаных у ім аб’ектаў; відэаролік аб арганізацыі адукацыйнага працэсу з дзецьмі ва ўмовах міні-музея (занятак, забаўка, экскурсія і г.д. — на выбар) і план-канспект дадзенага мерапрыемства.

Ёсць некалькі важных складнікаў у арганізацыі ва ўстановах дашкольнай адукацыі дзіцячых міні-музеяў. Па-першае, гэта асаблівасці экспанатаў: у дзіцячых міні-музеях могуць быць сабраны любыя прадметы, а не толькі арыгіналы. Па-другое, наяўнасць гульнявой адукацыйнай прасторы: дзіця можа зрабіць нешта самастойна, з улікам уласных інтарэсаў і магчымасцей. Па-трэцяе, міні-музей павінен быць інтэрактыўным, забяспечваць актыўныя паводзіны дзіцяці ў адносінах да экспанатаў. Усё гэта ўлічвала журы.

Пераможцамі IV Абласнога фестывалю-конкурсу ўстаноў дашкольнай адукацыі “Свет дзяцінства” сталі яслі-сад  № 4 Нясвіжа “Караблік дзяцінства” і Прывольненскі яслі-сад Мінскага раёна. Дыплом II ступені заваявалі ўздзенскі яслі-сад № 3 і Лошніцкі яслі-сад Барысаўскага раёна. Дыпломам ІІІ ступені ўзнагароджаны Чаркаскі яслі-сад Дзяржынскага раёна, яслі-сад № 3 “Пралеска” Валожына, Азярыцкаслабадскі дзіцячы сад Смалявіцкага раёна, яслі-сад № 2 Смілавіч Чэрвеньскага раёна.

Педагагічныя калектывы ўстаноў адукацыі змаглі арганізаваць ва ўмовах дзіцячых міні-музеяў не толькі работу з выхаванцамі, але і з іх бацькамі. Такім чынам, мамы і таты з проста назіральнікаў за педагагічным працэсам сталі ініцыятарамі і актыўнымі яго ўдзельнікамі. Прыкладам такога партнёрства стала стварэнне татамі і дзядулямі выхаванцаў ясляў-сада № 4 Нясвіжа “Караблік дзяцінства” аўдыязапісаў калыханак і забаўлянак на беларускай мове.

Падчас стварэння дзіцячых міні-музеяў беларускай культуры педагагічныя калектывы цесна супрацоўнічалі з разнастайнымі суб’ектамі сацыяльнага партнёрства. Так, Чаркаскі яслі-сад Дзяржынскага раёна ўзаемадзейнічаў з Чаркаскім домам культуры, Дзяржынскім раённым гісторыка-краязнаўчым музеем, Інстытутам культуры Беларусі; яслі-сад № 4 Нясвіжа “Караблік дзяцінства” — з прадстаўнікамі Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Няс­віж”. Вынік такога супрацоўніцтва — разнастайнае прадметна-развіццёвае асяроддзе дашкольных устаноў, арганізаванае з улікам сучасных падыходаў і патрабаванняў, арганізацыя і правядзенне з выхаванцамі разнастайных відаў дзейнасці з прыцягненнем спецыялістаў з пералічаных вышэй арганізацый.

Экспертная група адзначыла, што некаторыя з удзельнікаў фестывалю-конкурсу актыўна прымянялі сучасныя тэхналогіі для папулярызацыі міні-музеяў. Так, прадстаўнікі Лошніцкага ясляў-сада Барысаўскага раёна прапануюць з дапамогай сайта ўстановы здзейсніць віртуальную экскурсію як па асобных экспанатах міні-музея, так і па цэлых экспазіцыях. Асаблівасцю функцыянавання міні-музея ў гэтым садзе з’яўляецца тое, што яго могуць наведаць выхаванцы і бацькі i iншых устаноў адукацыi, папярэдне ўзгадніўшы час і дату візіту.

Перад тым, як стварыць дзіцячы міні-музей беларускай культуры, прадстаўнікі ўстаноў дашкольнай адукацыі павінны былі вызначыцца з профілем яго дзейнасці. Пераважная боль­шасць аддала перавагу гістарычнаму кірунку, адлюстраванню побыту беларускага народа. Аднак некалькі ўстаноў абрала нетрадыцыйны кірунак — літаратурны. Сярод іх — прызёр фестывалю-конкурсу яслі-сад № 2 Смілавіч, дзе дзейнічае міні-музей беларускай казкі.

Установы дашкольнай адукацыі шырока прадставілі арганізацыю адукацыйнага працэсу з дзецьмі ва ўмовах міні-музея. У сучасным свеце ад чалавека патрабуецца не толькі валоданне ведамі, але і ўменне здабываць іх самастойна. Нярэдка мы сутыкаемся са “скаванасцю” дзіцячага мыслення — дзіця думае па гатовых схемах, прапанаваных дарослым, пры гэтым многія дашкольнікі баяцца памыліцца. Вялікую ролю ў знаёмстве з экспанатамі дзіцячага міні-музея педагагічныя калектывы ўздзенскага ясляў-сада № 3, ясляў-сада № 2 Смілавіч, Азярыцкаслабадскога дзіцячага сада Смалявіцкага раёна адводзяць вырашэнню з выхаванцамі праблемных сітуацый. Усё гэта, безумоўна, спрыяе развіццю псіхічных пазнавальных працэсаў і здольнасцей дзяцей, а таксама фарміраванню, пашырэнню і ўзбагачэнню ўяўленняў пра навакольны свет.

Падчас знаёмства дашкольнікаў з экспанатамі дзіцячага міні-музея беларускай культуры выхавальнікі стараюцца прытрымлівацца прынцыпу даступнасці падачы інфармацыі. Большасць прадметаў побыту, якія людзі раней выкарыстоўвалі, у цяперашні час страцілі сваю актуальнасць, і дзеці нідзе, акрамя як у музеі, не змогуць пра іх даведацца. Адна з задач выхавальніка — пазнаёміць дзяцей з культурай свайго народа. Адпаведна, актуальным становіцца пытанне: як найбольш аптымальна арганізаваць адукацыйны працэс? Педагагічныя калектывы ясляў-сада № 3 “Пралеска” Валожына і Прывольненскага ясляў-сада Мінскага раёна выкарыстоўваюць у адукацыйным працэсе прыём параўнання — параўноўваюцца прадметы побыту беларусаў у даўнія часы і цяпер.

Па выніках правядзення IV Абласнога фестывалю-конкурсу “Свет дзяцінства” прадстаўнікі экспертнай групы адзначылі высокі ўзровень творчых здольнасцей, ініцыятыўнасці і педагагічнай дасведчанасці выхавальнікаў дашкольных устаноў Мінскай вобласці.

Вікторыя САБУРАВА,
метадыст вучэбна-метадычнага аддзела дашкольнай і пачатковай адукацыі МАІРА.