×

Музей “Памяць” адкрыўся ў Любані

14.12.2019 12:15,

Прайшло больш як 30 гадоў пасля вываду савецкіх войск з Афганістана. 15 лютага 1989 года апошні савецкі салдат перайшоў мост пагранічнай ракі Амудар’я пад Тэрмезам. Гэтая вайна доўжылася 9 гадоў, 1 месяц і 18 дзён.

Усе гэтыя гады Афганістан з’яўляўся самым вялікім болем і трывогай нашага народа. Сотні нашых юнакоў не вярнуліся дадому. Для тых, хто прайшоў праз пекла Афганскай вайны, гэта незабыўная падзея. А тыя, хто вярнуўся, — жывыя сведкі тых ваенных гадоў. Усе яны — і тыя, хто загінуў, і жывыя — з гонарам выканалі свой воінскі абавязак… і вартыя памяці нашчадкаў. Іх жыцці павінны працягвацца — у нашай памяці. Няхай яны не абарвуцца другі раз — ад нашага забыцця. Усім “афганцам” — воінам-інтэрнацыяналістам, якія смела глядзелі ў вочы небяспекі і смерці, усім жывым і мёртвым прысвячаюцца экспазіцыі музея.

Нядаўна ў сярэдняй школе № 3 Любані імя Генадзя Леанідавіча Сечкі, у дзень нараджэння знакамітага зямляка, выпускніка школы, героя, імя якога носіць установа адукацыі, ва ўрачыстай атмасферы пасля рэканструкцыі адбылося адкрыццё музея “Памяць”.

“Музей установы адукацыі валодае вялікім адукацыйным патэнцыялам, у ім захоўваюцца і экспануюцца сапраўдныя гістарычныя дакументы, якія з’яўляюцца асновай пошукава-даследчай работы і даюць магчымасць вучням азнаёміцца з гісторыяй, гісторыяй Любаншчыны, гісторыяй роднай Беларусі. Я лічу, што наш школьны музей “Памяць”, несумненна, будзе захавальнікам гістарычнай памяці, пляцоўкай для зносін, школьным інфармацыйным цэнтрам. Музей і школа — гэта дарога ў будучыню, дзе ўвасабляюцца новыя ідэі новага стагоддзя”, — сказала, адкрываючы ўрачыстае мерапрыемства, дырэктар школы Ірына Ула­дзіміраўна Нямальцава.

Права перарэзаць сімвалічную стужку прадаставілі маці героя Лідзіі Ільінічне Сечцы. Вестка пра смерць нашых юнакоў і Гены ўскалыхнула ўсіх педагогаў і вучняў, жыхароў нашага горада. У педагогаў і вучняў школы з’явілася ідэя ўвекавечыць памяць Генадзя. Спачатку быў клас памяці, потым — кабінет памяці Г.Сечкі і воінаў-інтэрнацыяналістаў, у якім праводзіліся зборы, сходы, памятныя вечары, захоўваліся матэрыялы (фота, плакаты, партрэты зямлякоў, ураджэнцаў Міншчыны, якія не вярнуліся з Афганістана, альбомы, фота­альбомы, кінадакументы, кнігі і іншыя экспанаты). Вучыцца ў гэтым вучэбным кабінеце было ганарова і адказна. У выніку праведзенай вялікай работы ў 2006 годзе школе было прысвоена імя выпускніка Г.Л.Сечкі.

На працягу доўгага часу вялася пошукава-даследчая работа, сабраны сотні сапраўдных гістарычных дакументаў, фотаздымкаў, плакатаў, малюнкаў, дакладаў вучняў, прысвечаных падзеям той вайны. Штогод праводзіліся сустрэчы з воінамі-зямлякамі, неаднаразова ў гасцях бывалі вучні Яраслаўскай вобласці.

У 2018/2019 навучальным годзе пачалася рэканструкцыя кабінета, і дзякуючы намаганням педагогаў школы, выпускнікоў, воінаў-інтэрнацыяналістаў, якія пражывалі ў раёне, музей аформлены ў новым кабінеце ў сучасным стылі.

Экскурсаводы музея, звяртаючыся да матэрыялаў стэндаў “Вайна, якую не чакалі”, “Памяць мацнейшая за час”, “Афганістан — без права на забыццё”, успомнілі гісторыю грамадзянскай вайны ў Афганістане, пра ўдзел у ёй савецкіх войск і, вядома, нашых зямлякоў. Пачуццё смутку выклікае стэнд “Афганістан — мой боль”, у цэнтры якога — салдат з аўтаматам у руках, а ўнізе — чорны цюльпан з сямю пялёсткамі (з імёнамі ўраджэнцаў Любаншчыны, якія не вярнуліся жывымі дадому, а вярнуліся ў цынкавых трунах на “Чорным цюльпане” як груз 200).

Сэрца музея — гэта экспазіцыі памяці, дзе размешчаны фотаздымкі загінуўшых. Праз іх жыцці прайшла вайна, чужая і незразумелая. Хлопчыкам і мужчынам, якія прайшлі праз яе, прысвоілі статус “афганец” — пажыццёва і пасмяротна.

З вялікім трапятаннем і хваляваннем сваімі ўспамінамі падзяліліся воіны-“афганцы” Аляксандр Буян, Аляксандр Коўшар, Віктар Сянчэня, Сяргей Коўшар, Уладзімір Герцмановіч і Генадзь Рамановіч, назваўшы сваю службу са­праўднай школай мужнасці і ваен­нага братэрства.

Прысутныя з вялікай цікавасцю слухалі відавочцаў тых падзей. Кожны з іх быццам зноў і зноў праходзіў тымі звілістымі дарогамі, успамінаючы цяжкія баі, горкія страты. Пра подзвігі гераічных людзей красамоўна сведчаць шматлікія ўзнагароды.

“Стварэнне музея — вялікая справа. “Афганцы” — прыклад служэння Радзіме, вернасці прысязе, згуртаванасці і салдацкага братэрства, таму музей будзе садзейнічаць фарміраванню пачуцця абавязку ў тых юнакоў, якія будуць несці службу”, — падкрэсліла Т.Н.Аляксеева, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Любанскага райвыканкама, па­дзякаваўшы за вялікую работу ў стварэнні музея. Важнасць музея ў выхаванні падрастаючага пакалення адзна­чылі і іншыя госці мера­прыемства.

Напрыканцы Л.І.Сечка сардэчна падзякавала ўсім за памяць пра сыноў, якія годна выконвалі свой воінскі абавязак.

У планах музея “Памяць” — працяг збору матэрыялаў і экспанатаў, правя­дзенне свят і конкурсаў ваенна-патрыятычнай і афганскай песні “Месца подзвігу — Афганістан”, дзён памяці, сустрэч з ветэранамі-“афганцамі”, класных гадзін, фотавыстаў, урокаў мужнасці “Афганістан баліць у маёй душы”, “Мы бу­дзем памя­таць”, “Афганістан у нашай памяці”, “Воіны-“афганцы”, “Нас паклікалі ў край далёкі”; прагляд з вучнямі дакументальных і відэа­фільмаў “Беларускія афганцы”, “Жыць, каб памятаць”, “Дарогамі той вайны…”, “Вайна ад першай асобы. Афганістан”, “Афганістан. Я памятаю”. Значнай падзеяй бу­дзе закладка алеі памяці воінаў, якія загінулі пры выкананні інтэрнацыянальнага абавязку ў рэспубліцы Афганістан.

Таццяна КРУГЛЕНЯ,
метадыст вучэбна-метадычнага кабінета ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме Любанскага райвыканкама Мінскай вобласці.
Фота Уладзіміра ЕЎДАКІМАВА.