×

На заняткі — у сад Гётэ

23.07.2019 11:43,

У гімназіі № 10 Маладзечна ўрачыста адкрылі сад Гётэ. Гэта прастора, дзе будуць ладзіцца цікавыя і незвычайныя заняткі і мерапрыемствы.

Сад Гётэ — гэта клас пад адкрытым небам. Тут размешчана мэбля з экалагічных матэрыялаў, лаўкі, абсталявана сцэна, ёсць шахматны стол, усё аздоблена дэкаратыўнымі раслінамі. Сімвалічна, што першай раслінай маладзечанскага саду Гётэ стала гінкго, бо менавіта яе называюць дрэвам Гётэ.

У гэтым класе будуць праводзіцца вучэбныя, факультатыўныя і індывідуальныя заняткі па нямецкай мове, на сцэне будуць рэпеціраваць і паказваць пастаноўкі, за шахматным сталом прыемна бавіць вольны час. Сад будзе радаваць сваіх наведвальнікаў не толькі ў цёплую пару года, бо ён мабільны. Калі пахаладае, усе канструкцыі і расліны ў гаршках перанясуць у будынак гімназіі.

Сад з’явіўся ў гімназіі дзякуючы перамозе ўстановы ў конкурсе “Лепшы сад Гётэ”, які праводзіцца Інстытутам імя Гётэ ў Мінску. З інстытутам у гімназіі наладжаны цесныя ўзаемаадносіны. У 2014 годзе паміж установамі было падпісана пагадненне аб узаемадзеянні. Навучэнцы гімназіі актыўна ўдзельнічаюць у мерапрыемствах і праектах, ініцыіраваных Інстытутам Гётэ. Так, напрыклад, нядаўна гімназісты сталі пераможцамі Міжнароднага конкурсу “STEM у маім жыцці”. Настасся Жукоўская і Глеб Зубар, якія занялі 1-е месца, адправяцца вучыцца ў міжнародную STEM-акадэмію ў нямецкім горадзе Гёцінгене. 2-е месца занялі Арцём Нехаёнак і Мікалай Калачык. Яны паедуць у міжнародны STEM-лагер па робататэхніцы, які будзе працаваць у Мінску.

Штогод навучэнцы гімназіі паспяхова здаюць моўныя экзамены Інстытута Гётэ, павышаюць свой моўны ўзро­вень у лінгвістычных лагерах.  Вынікі такой работы не прымушаюць сябе чакаць. Практычна ўсе навучэнцы гімназіі вывучаюць нямецкую мову. За апошняе дзесяцігоддзе вучні гімназіі № 10 Маладзечна штогод прывозяць узнагароды з заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па нямецкай мове.

Дырэктар гімназіі Таццяна Генадзьеўна Камкова пераканана, што з’яўленне саду Гётэ дазволіць удасканаліць работу з  таленавітымі знаўцамі нямецкай мовы, прапанаваць вучням новыя формы работы, што дапаможа дзецям здзейсніць яшчэ больш дасягненняў.

Дар’я РЭВА.
Фота прадастаўлена гімназіяй № 10 Маладзечна.