×

Найпрыгажэйшая кветка Украіны — Леся Украінка

15.03.2019 16:11,

Напрыканцы лютага сталічная школа № 21 імя М.Ф.Гастэлы сардэчна сустракала гасцей. Ушанаванне памяці знакамітай паэтэсы Лесі Украінкі (сапраўднае імя Ларыса Пятроўна Косач-Квітка) стала традыцыйным святам, якое аб’ядноўвае два брацкія народы і, што важна, далучае дзяцей да міжнароднай культурнай спадчыны.

Літаратурна-музычная кампазіцыя, прысвечаная 148-годдзю з дня нараджэння пісьменніцы, распрацоўкай якой займаліся намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Галіна Мікалаеўна Стальчук, старшыня Мінскага грамадскага аб’яднання ўкраінцаў “Заповіт” Галіна Яфімаўна Калюжная, студэнты філалагічнага факультэта БДУ пад кіраўніцтвам намесніка дэкана па навуковой рабоце Паўла Іванавіча Навойчыка, атрымалася пазнавальнай, змястоўна і эстэтычна насычанай. Слова для ўрачыстага адкрыцця мерапрыемства ўзяў дырэктар школы № 21 Міхаіл Міхайлавіч Савіцкі, які падкрэсліў карысць такога мерапрыемства як для вучняў, так і студэнтаў: “Чалавека нельга спазнаць і зразумець, не ведаючы яго вытокаў, перыпетый лёсу і хваляванняў. Леся Украінка некаторы час жыла непадалёку ад нашай школы, натхнялася беларускімі краявідамі, гуляла па мінскіх вуліцах, каб потым стварыць шэдэўральныя філасофскія творы ад імя шчырай барацьбіткі за жыццё і каханне. Мы часта глядзім на суседні дом з памятнай шыльдай, а сёння здзейснім экскурс у мінулае славутай паэтэсы, згадаем яе няпросты жыццёвы шлях, ушануем памяць жанчыны-змагаркі”.

Пра самабытную ўкраінскую паэтэсу, крыніцы яе натхнення, адметнасці лірыкі расказала Г.Я.Калюжная. Яна шчыра падзякавала школе за шматгадовае супрацоўніцтва і адзначыла, што вучні сваёй дапытлівасцю і цікаўнасцю абуджаюць у дарослых жаданне дзейнічаць у імя радзімы, дзеля захавання яе спадчыны. “Леся Украінка — узор жаночай мудрасці, духоўнасці і інтэлігентнасці, прыклад адданасці любімай справе”, — падагульніла Галіна Яфімаўна.

Прафесійная дзейнасць намесніка дэкана па навуковай рабоце, кандыдата філалагічных навук, дацэнта філалагічнага факультэта БДУ Паўла Іванавіча Навойчыка звязана з даследаваннем украінскай літаратуры. Павел Іванавіч спыніўся на творчасці паэтэсы, вобразах і сімвалах, мастацкіх дэталях яе лірыкі. У святочнай зале прагучаў урывак з самага знакамітага і жыццесцвярджальнага верша Лесі Украінкі “Contra spem spero” на трох славянскіх мовах: рускай, беларускай, украінскай — у выкананні студэнта ўкраінскага аддзялення філалагічнага факультэта БДУ Алеся Мінава, вучняў 6 “А” класа Арсенія Касцючэнкі і Уладзіміра Саевіча.

Другая частка мерапрыемства была напоўнена духоўнай музыкай, глыбінёй слоў. На сцэне — хор хлопчыкаў Дзяржаўнай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі пад кіраўніцтвам Паўла Шэпелева. Спевакі ўразілі шырокімі магчымасцямі голасу, унікальнымі вакальнымі данымі і, безумоўна, цеплынёй сэрцаў.

Супрацоўнік Пасольства Украіны ў Рэспубліцы Беларусь Ірына Анатольеўна Ліпатава ўручыла падзякі арганізатарам і актыўным удзельнікам літаратурна-музычнай кампазіцыі, выказаўшы надзею, што мерапрыемствы такога маштабу і надалей будуць аб’ядноўваць культурную эліту двух брацкіх народаў, якія ўмеюць ганарыцца поспехамі адзін аднаго, дзяліцца радасцю і працягваць руку дапамогі ў складанай сітуацыі.

Галіна СТРАЛЬЧУК,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 21 імя М.Ф.Гастэлы Мінска.