×

Навучанне праз творчасць

15.10.2019 14:40,

Метад праектаў на ўроках англійскай мовы я выкарыстоўваю ўжо каля дзесяці гадоў і лічу яго найбольш эфектыўным для фарміравання і развіцця ў гімназістаў іншамоўных камунікатыўных кампетэнцый. Як паказвае практыка, найбольш эфектыўнымі з’яўляюцца праекты, якія рэалізоўваюцца на аснове зместу вучэбнай праграмы і з апорай на жыццёвы вопыт навучэнцаў, а таксама з прымяненнем сродкаў сучасных інфармацыйных тэхналогій.

На сваіх уроках праектнай методыцы я ўдзяляю асаблівую ўвагу, бо лічу, што яна з’яўляецца адной з галоўных у развіцці ўменняў і навыкаў навучэнцаў ва ўсіх відах маўленчай дзейнасці (чытання, маўлення, пісьма, успрымання і разумення маўлення на слых), спрыяе ўзба­гачэнню іх лексічнага запасу, раскрывае творчыя здольнасці. У ходзе выканання праекта дзеці вучацца самастойна набываць веды, атрымліваць вопыт пазнавальнай і вучэбнай дзейнасці.

Метад праектаў (асабліва доўгатэрміновы праект) патрабуе дбайнай працяглай падрыхтоўкі, таму я эфектыўна выкарыстоўваю яго на ўроках абагульнення і сістэматызацыі ведаў. Працуючы над праектам, і настаўніку, і навучэнцам трэба выконваць пэўны алгарытм і спалучаць розныя віды дзейнасці (яны будуць пазначаны на кожным этапе работы над праектам).

У рабоце над праектам я вылучаю для сябе пяць асноўных этапаў:

  1. Падрыхтоўка да праекта. Я надаю гэтаму этапу важнае значэнне, паколькі трэба ўлічваць індывідуальныя асаблівасці кожнага навучэнца, яго інтарэсы, узровень падрыхтоўкі. Прыступаючы да стварэння вучэбнага праек­та, трэба выбраць яго тэму, сфармуля­ваць праблему, можна прапанаваць ідэю і абмеркаваць яе з навучэнцамі. Аб’ёмныя тэмы я разбіваю на некалькі падтэм, тым самым даючы вучням магчымасц­ь выбару. Так, у 8 класе ў рамках агульнай тэмы National cuisine быў вылучаны шэраг наступных падтэм: My favourite dish, Belarusian cuisine, English meal, Famous dishes of different countries.

На дадзеным этапе дзейнасць настаўніка заключаецца ў тлумачэнні мэты праекта, фармулёўцы праблемы і матываванні дзяцей. Задача навучэнцаў — абмерка­ваць заданне і ўдакладніць інфармацыю.

  1. Арганізацыя ўдзельнікаў праекта. На гэтым этапе я даю дзецям поўную свабоду выбару. Навучэнцы самі выраша­юць, ці будуць яны фарміраваць групы, пары або праца будзе насіць індыві­дуальны характар. Пры рабоце над аб’ёмнымі тэмамі (Sport, National cuisine, Belarus і гэтак далей) эфектыўнай з’яўляецца групавая і калектыўная работа, калі вучні размяркоўваюць абавязкі, улічваючы свае схільнасці: адзін навучэнец мае схільнасць да афарміцельскай дзейнасці, другі — да лагічных разваг і г.д. Але тут неабходна нагадаць дзецям, што агульны поспех залежыць ад укладу кожнага ўдзельніка. Таксама не магу не адзна­чыць станоўчыя бакі групавой і калектыўнай работы ў тым выпадку, калі ў класах ёсць навучэнцы з розным узроўнем моўнай падрыхтоўкі.

На дадзеным этапе настаўнік выступае ў ролі кансультанта, які накіроўвае і арганізоўвае доступ да інфармацыйных рэсурсаў і тэхналагічных сродкаў. Навучэнцы фарміруюць групы і размяркоўваюць абавязкі.

  1. Выкананне праекта. Як паказаў вопыт, гэта самы цікавы этап праектнай дзейнасці для навучэнцаў. Ён непасрэдна звязаны з пошукам новай неабходнай інфармацыі, яе абмеркаваннем, дакументаваннем, выбарам прадукту рэалізацыі: плакаты, постары, малюнкі, віктарыны, відэафільмы, прэзентацыі і г.д.

Мы з навучэнцамі заўсёды загадзя вырашаем, дзе і як будзем выконваць праекты: дома або на ўроку. Так, у 6 класе пасля заканчэння тэмы Our hobbies дзеці выказалі жаданне ствараць праекты на ўроку. Яшчэ дома яны падрыхтавалі тэксты абароны работ, якія былі загадзя правераны мной на наяўнасць граматычных і лексічных памылак. Таксама дзеці падрыхтавалі вельмі шмат выразак з часопісаў, раздруковак, малюнкаў.

У час выканання праектаў наш клас ператвараецца ў майстэрню. Дзеці прыносяць клей, нажніцы, паперу, маркеры, алоўкі і пачынаюць ствараць. Часцей за ўсё вучні выказваюць жаданне выкон­ваць работу дома, а на ўроку — толькі дэманстраваць канчатковы вынік. Магу сказаць, што ў асноўным кожны працуе індывідуальна над сваім праектам, радзей — у пары з аднакласнікам. Галоўнае — не спыняць ініцыятыву вучняў, з павагай ставіцца да любой ідэі, ствараць сітуацыю поспеху. На этапе выканання праекта настаўнік накіроўвае працэс, калі ў гэтым ёсць неабходнасц­ь, і назірае. Задача навучэнцаў — выканаць даследаванне і аформіць праект.

  1. Прэзентацыя праекта. Гэта адказны момант для навучэнцаў. Усю неабходную адпрацаваную інфармацыю, аформлены матэрыял трэба прадставіць аднакласнікам і абараніць уласны праект.

У 7 класе пры вывучэнні тэмы Appearance and character навучэнцы працавалі над праектамі пра сваіх любімых герояў, акцёраў, персанажаў мультыплікацыйных фільмаў. У ходзе абароны былі агучаны цікавыя факты з жыцця знакамітых асоб, якія пацвяр­джалі іх акцёрскае майстэрства. У дадзеным выпадку ўсе дзеці выбралі індывідуальную форму работы. А вось навучэнцы 8 класа вырашылі свае індывідуальныя работы на тэму My favourite dish прадставіць у выглядзе прэзентацый. Адна дзяўчынка праявіла ініцыятыву і зняла асабістае відэа гатавання дамашніх шакаладных кексаў, якое прадэманстравала на ўроку.

Карэкціраванне лексічных і граматычных памылак, ацэнка выніку праекта — задача настаўніка на гэтым этапе. Дзейнасць навучэнцаў заключаецца ў абароне праектаў і ва ўдзеле ў калектыўнай ацэнцы іх вынікаў.

  1. Падвядзенне вынікаў праектнай работы. Гэта заключны этап, на якім я падводжу вынік, ацэньваю праекты, каменцірую асобныя моманты. Што я ўкладваю ў паняцце “ацэньванне”? На мой погляд, афармленне, прадстаўленне работы, адказы на пытанні настаўніка і навучэнцаў — асноўныя складальнікі гэтага паняцця. Паколькі на дадзеным этапе я выступаю ў якасці незалежнага эксперта, кантрольна-ацэначная роля становіцца вядучай.

Выкарыстоўваючы метад праектаў на ўроках, я прыйшла да высновы, што пры абагульненні, замацаванні, паўтарэнні і практычным прымяненні вучэбнага матэрыялу дадзены метад вельмі эфектыўны. Выкарыстанне праектнай методыкі моцна ўплывае на матывацыйную сферу навучэнцаў. Вельмі важна, што, рыхтуючы праект, дзеці вучацца супрацоўнічаць, а навучанне ў супрацоўніцтве выхоўвае ў іх такія маральныя каштоўнасці, як узаемадапамога, жаданне і ўменне суперажываць, фарміруе творчыя здольнасці і выклікае актыўнасць навучэнцаў.

Ларыса БУЙВІЛА,
настаўніца англійскай мовы вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі гімназіі Клецка.