×

Незабыўныя ўражанні

10.04.2019 16:45,

Чурлёнскі ВПК дзіцячы сад — сярэдняя школа Вілейскага раёна ўжо другі год атрымлівае навагоднія падарункі ад Міністэрства транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь у рамках рэспубліканскай дабрачыннай акцыі Нашы дзеці. Камп’ютары, мультымедыйны праектар, акустычная сістэма, прысмакі і цёплыя словы гасцей робяць свята чароўным і незабыўным. У гэтым годзе нас наведалі намеснік міністра транспарту і камунікацый Беларусі Аляксей Аляксеевіч Ляхновіч і першы намеснік генеральнага дырэктара галоўны інжынер Мінскага завода грамадзянскай авіяцыі Алег Несцеравіч Манчанка, які запрасіў нас на экскурсію на вясновых канікулах.

28 сакавіка адбылася паездка на Мінскі завод грамадзянскай авіяцыі. Усё было старанна прадумана і арганізавана: правядзенне інструктажу па тэхніцы бяспекі з выдачай спецжылетаў, займальная экскурсія па тэрыторыі завода з улікам узроставых груп, харчаванне, памятныя сувеніры.

А пытанняў у дзяцей было нямала: чаму крыло ў самалёта не плоскае? якая грузападымальнасць? якія ёсць віды самалётаў? ад чаго залежыць хуткасць адрыву ад зямлі? З якім гонарам расказвалі пра сваю працу намеснік галоўнага інжынера Сяргей Уладзіміравіч Багаеў, намеснік галоўнага інжынера па рамонце Раман Міхайлавіч Едзінаў і галоўны тэхнолаг Віктар Міхайлавіч Собаль. Мы не толькі атрымалі безліч уражанняў ад лятальнай тэхнікі, але і даведаліся гісторыю завода, пабывалі ў ангары, дзе праводзяць рамонтныя работы, пазнаёміліся з асноўнымі этапамі знаходжання самалётаў на заводзе, адкрылі найцікавейшыя прафесіі.

А якія эмоцыі выпрабавалі дзеці, калі знаходзіліся ў кабіне пілота! Яшчэ б: у кожнага цяпер ёсць індывідуальнае фота за штурвалам.

Уразілі і галоўныя паветраныя вароты Рэспублікі Беларусь — Нацыянальны аэрапорт “Мінск”.

На заключным этапе экскурсіі навучэнцам прапанавалі наведаць мемарыяльны комплекс “Курган Славы”, створаны ў памяць пра гераізм савецкіх салдат і афіцэраў, а таксама ў гонар перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

Гэтая паездка стала дзівоснай і пазнавальнай. “Найлепшая экскурсія ў свеце!” — сказаў адзін з нашых маленькіх удзельнікаў. Хочацца толькі дадаць, што гэтая экскурсія запомніцца на доўгія гады і дзецям, і дарослым!

Наталля РОЛІЧ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Чурлёнскага ВПК дзіцячы сад сярэдняя школа Вілейскага раёна Мінскай вобласці.