×

Незвычайная экскурсiя

23.02.2019 13:30,

Напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь 2-ю інжынерную брыгаду наведалі вучні СШ № 20 сталіцы. У госці да свайго былога класнага кіраўніка, а цяпер радавога Ільі Конева прыехаў 10 “С” клас.

У Пакоі баявой славы і на Алеі славы юнакі пазнаёміліся з гісторыяй воінскай часці, у клубе паглядзелі фільм аб інжынерных войсках, аб ратных буднях сённяшніх салдат. Пабывалі ў казарме, паглядзелі на армейскі побыт.

У Пакоі баявой славы юнакоў (а ў 10 “С” класе вучацца дзеці-гандбалісты Рэспубліканскага цэнтра алімпійскага рэзерву) асабліва зацікавілі макеты ППШ і вінтоўкі Мосіна. Уважліва разглядалі школьнікі збудаванні на Алеі славы — вехі гісторыі ваенных інжынераў. Як сцвярджалі хлопцы, асабліва іх уразіў той факт, што ў час Вялікай Айчыннай вайны менавіта ваенныя інжынеры дапамаглі выратаваць Крэмль ад налёту варожых самалётаў — замаскіравалі яго пад жылы квартал.

А ў казарме для юных спартсменаў была разгорнута выстаўка стралковай зброі. І знаёмы хлопцам настаўнік беларускай мовы і літаратуры Ілья Дзмітрыевіч Конеў правёў зусім ужо не звычайны ўрок: прадэманстраваў правілы зборкі-разборкі аўтамата і прапанаваў хлопцам паспрабаваць самім выканаць гэтыя маніпуляцыі са зброяй.

Пытанняў пра армейскі побыт і службу ў хлопцаў за час экскурсіі назапасілася шмат. “А з чаго аўтамат складаецца? Як адбываецца стрэл? А берцы зручныя? А чаму на ўваходзе ў казарму салдат каштуе? А праўда, што дзяжураць цэлыя суткі? А хто і як выбірае, каму і калі дзяжурыць?” — сыпаліся пытанні. І радавы Ілья Конеў з радасцю адказваў, імкнучыся тлумачыць як настаўнік: без лішніх слоў, ёміста і даходліва.

— Мой клас — спартсмены. І прадмета дапрызыўнай падрыхтоўкі ў іх у праграме навучання няма. А юнакам, між тым, ён патрэбны. Гэта ж пачатковае ўяўленне пра службу ў войску. Ды і падрыхтоўваюць да жыцця веды гэтага прадмета. Да таго ж  хлопцы — будучыя абаронцы Айчыны, — лічыць Ілья. — Я сумую па класе. І вельмі рады, што ім давялося пабываць у нашай вайсковай часці. Цяпер мне не верыцца, што яны тут. Думаю, калі я вярнуся ў школу, яны будуць пытаць пра тэрміновую ваенную службу. Буду рады ўсё падрабязна распавесці.

Праводзячы вучняў 10 “С” да КПП, радавы Конеў затрымаўся на пляцы, каб правесці кароткі ўрок страявой падрыхтоўкі. І юнакі, пазіраючы на свайго настаўніка, старанна паўтаралі ўсе рухі.

— Мы, вядома, узрадаваліся, калі даведаліся, што паедзем да Ільі Дзмітрыевіча. Яму, дарэчы, форма ідзе. Экскурсія цікавая, пазнавальная, — падзяліўся ўражаннямі стараста класа Эрнэст Iльмер. І калі я, развітаўшыся, сыходзіла, крыкнуў мне наўздагон: — Дзякуй адміністрацыі школы і часці за тое, што арганізавалі для нас гэтую сустрэчу. І напішыце, што такiх добрых адносiн да класнага кіраўніка не бачыў ніхто і ніколі. Абавязкова напішыце!

Алена МЯЦЕЛЬСКАЯ. 
Фота аўтара.