×

Новае гучанне роднага слова

03.06.2019 14:34,

Роднае слова набывае новае гучанне дзякуючы маладому пакаленню. Спрыяе гэтаму Рэспубліканскі творчы конкурс юных чытальнікаў “Жывая класіка: прысвячэнне маёй Радзіме”. Абласны этап конкурсу прайшоў у Мінскім абласным ІРА.

Ва ўсіх раёнах Мінскай вобласці прайшлі адборачныя туры, у якіх узялі ўдзел больш за 1500 юных чытальнікаў. Пераможцы раённых спаборніцтваў у кожнай узроставай катэгорыі трапілі на абласны этап конкурсу. 96 хлопчыкаў і дзяўчынак прыехалі ў Мінск, каб прадэманстраваць любоў да літаратуры, артыстызм, глыбокае разуменне паэтычных тэкстаў. Канкурсанты чыталі творы класікаў беларускай літаратуры, а таксама сучасных беларускіх аўтараў. Многія выбіралі прысвечаныя малой радзіме радкі сваіх землякоў.  

Сярод самых маленькіх канкурсантаў — навучэнцаў пачатковых класаў самым моцным было выступленне Станіслава Рабіцкага, навучэнца ўздзен­скай сярэдняй школы № 2 імя Кандрата Крапівы. Станіслаў чытаў верш Алеся Дудара “Я малады”. Раман Карага, навучэнец сярэдняй школы № 9 Жодзіна, быў лідарам сярод пяці- і шасцікласнікаў. Для выступлення выбраў верш Уладзіміра Карызны “Дзіўныя чаравікі”. Ва ўзроставай катэгорыі, дзе спаборнічалі вучні 7—8 класаў, перамогу святкаваў Глеб Маісеенка, навучэнец Азярцоўскай сярэдняй школы Мінскага раёна. Поспех яму прынёс верш Васіля Віткі “Доктар Нос”. Анастасія Астапеня, навучэнка сярэдняй школы № 6 Салігорска, так пранікнёна прачытала твор Янкі Сіпакова “Сяўба”, што стала безумоўным лідарам сярод канкурсантаў-старшакласнікаў.

Дар'я РЭВА.
Фота аўтара.