×

Новыя перспектывы інклюзіі

17.09.2019 14:49,

Інклюзія — прыкмета сталага, гуманістычнага грамадства. Сістэма адукацыі ў нашай краіне на сучасным этапе развіцця імкнецца стварыць неабходныя ўмовы для задавальнення адукацыйных патрэб усіх навучэнцаў без выключэння. Ідзе работа над стварэннем цэласнай сістэмы інклюзіўнай адукацыі. Далучаецца да гэтай работы і Нясвіжскі дзяржаўны каледж імя Якуба Коласа. Ва ўстанове пачалі работу над эксперыментальным праектам, які закліканы адкрыць новыя інклюзіўныя перспектывы.

На Міншчыне інклюзіўныя працэсы набіраюць тэмп. За апошні час значна павялічылася колькасць груп інтэграванага навучання і выхавання і спецыяльных груп ва ўстановах дашкольнай адукацыі, колькасць класаў інтэграванага навучання і выхавання ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі. Доля навучэнцаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, якія атрымліваюць адукацыю ва ўмовах інтэграванага навучання і выхавання, склала 89,9%. Новы праект — яшчэ адзін упэўнены крок на шляху інклюзіі.

Сёння паняцце інклюзіўнай адукацыі прадугледжвае, што ўсе без выключэння, як навучэнцы, так і іх законныя прадстаўнікі, павінны мець роўныя правы, умовы і магчымасці ў сферы адукацыі, незалежна ад іх культурнага, эканамічнага і сацыяльнага статусу, а таксама розніцы ў здольнасцях і магчымасцях. Стваральнікі інавацыйнага праекта перакананы, што зараз наспела вострая неабходнасць у разуменні праблемы інклюзіі ў прафесійнай адукацыі. Патрэбны жаданне і гатоўнасць ствараць інклюзіўную адукацыйную прастору ва ўстановах, якія забяспечваюць атрыманне сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Таму і з’явіўся праект “Распрацоўка і апрабацыя мадэлі адаптыўнага адукацыйнага асяроддзя для рэалізацыі адукацыйных праграм сярэдняй спецыяльнай адукацыі ва ўмовах інклюзіі”. Распрацоўвалі праект педагогі Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа разам са спецыялістамі Мінскага абласнога ЦКРНіР, РІПА, Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Праект адпавядае актуальным напрамкам сацыяльнай палітыкі нашай дзяржавы. Галоўная мэта праекта — стварэнне інклюзіўнай адукацыйнай прасторы ва ўстанове для падрыхтоўкі педагогаў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй.

Папярэдні аналіз сітуацыі выявіў некалькі праблем, якія праект і закліканы вырашыць. Па-першае, зараз ва ўстанове не створана асяроддзе для навучання асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, якія маюць на гэта права, таксама не створана асяроддзе і для доступу бацькоў і законных прадстаўнікоў, якія маюць інваліднасць.

Па-другое, у каледжы рыхтуюць будучых выхавальнікаў устаноў дашкольнай адукацыі і настаўнікаў пачатковых класаў, але на цяперашні момант яны не вучацца кампетэнцыям, звязаным з працай у інклюзіўнай адукацыйнай прасторы. Таксама адсутнічае метадычнае суправаджэнне кампетэнцый, звязаных з ажыццяўленнем інклюзіўнай адукацыі па спецыяльнасцях “Пачатковая адукацыя”, “Дашкольная адукацыя”. Ва ўстанове выкладчыкі не падрыхтаваны як да навучання гэтым кампетэнцыям, так і да прафесійнага навучання асоб з асаблівасцямі фізічнага развіцця з улікам іх індывідуальных адукацыйных патрэб, не наладжана сістэма псіхолага-педагагічнага суправа­джэння інклюзіўнай адукацыі ў каледжы.

Такім чынам, пры рэалізацыі праекта будуць працаваць па двух асноўных кірунках. Першы — забяспечыць даступнасць атрымання адукацыі дзецям з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, якія не маюць супрацьпаказанняў для работы па спецыяльнасцях, што прапануе каледж.  Другі кірунак — падрыхтаваць педагогаў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй па спецыяльнасцях “Пачатковая адукацыя” і “Дашкольная адукацыя” да работы з рознымі катэгорыямі дзяцей і іх бацькамі, у тым ліку з дзецьмі-інвалідамі і дзецьмі з АПФР ва ўмовах інклюзіўнай і інтэграванай адукацыі.

Праект прадугледжвае некалькі блокаў, у рамках якіх будзе весціся работа. Першы — стварэнне адаптыўнай адукацыйнай прасторы, у якой падлеткі з АПФР змогуць атрымліваць прафесійную адукацыю. Для гэтага будзе ўдасканальвацца матэрыяльна-тэхнічная база каледжа, стварацца безбар’ернае асяроддзе. Важныя крокі для гэтага — абсталяванне пандуса на цэнтральным увахо­дзе ў вучэбны корпус, нанясенне спецыяльнай разметкі на лесвічных праёмах, набыццё пад’ёмніка. Таксама, акрамя фізічных, павінны знікнуць і бар’еры для прыняцця такіх навучэнцаў калектывам: актывізавана работа па фарміраванні інклюзіўнай культуры ў навучэнцаў і педагогаў каледжа. 

Плануецца распрацоўка навукова-метадычнага забеспячэння для навучання метадам і тэхналогіям работы ва ўмовах інклюзіі навучэнцаў, якія атрымліваюць спецыяльнасці “Дашкольная адукацыя” і “Пачатковая адукацыя”. На занятках па педагогіцы, псіхалогіі будуць вучыць  узаемадзейнічаць з людзьмі з інваліднасцю, з АПФР. Навучэнцы выпускных курсаў змо­гуць прайсці стажыроўку ва ўмовах інклюзіі, інтэграванага навучання і выхавання.

Таксама ў планах — стварэнне на базе каледжа рэсурснага цэнтра інклюзіўнай адукацыі па падрыхтоўцы будучых педагогаў.

Другі блок работы — работа з педагагічнымі кадрамі каледжа. У прыватнасці, для ўдзельнікаў праекта будзе арганізаваны пастаянна дзеючы семінар па пытаннях інклюзіі. Сістэматычна будзе праводзіцца работа па павышэнні прафесійных кампетэнцый педагагічных работнікаў.

Трэці блок, на які звярнулі ўвагу, — псіхолага-педагагічнае суправаджэнне ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу. Прадугледжвае аказанне псіхолага-педагагічнай дапамогі, правядзенне індывідуальных і групавых карэкцыйна-развіццёвых заняткаў, індывідуальнае суправаджэнне асоб з абмежаванымі магчымасцямі здароўя. Будуць праводзіцца мерапрыемствы, накіраваныя на пашырэнне сацыяльных кантактаў навучэнцаў з АПФР. Значную ролю ў гэтай рабоце будуць адыгрываць валанцёрскія атрады “Эра міласэрнасці”, “Рабі дабро”, якія дзейнічаюць у каледжы.

Чацвёрты блок — гэта прафарыентацыйная работа, якая заклікана  інфарма­ваць будучых абітурыентаў з АПФР аб магчымасцях атрымання прафесіі ў каледжы.

Рабіць вялікую справу лепш разам, таму абавязковы — пяты — блок работы прадугледжвае наладжванне ўзаема­дзеяння з сацыяльнымі партнёрамі. Для паўнавартаснай і эфектыўнай работы да рэалізацыі праекта  далучацца Інстытут інклюзіўнай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка, ЦКРНіР Нясвіжскага раёна, храм Узнясення Гасподня і касцёл Божага Цела ў Нясвіжы, грамадскія арганізацыі.

Дзеці павінны вучыцца разам — гэта асноўны пастулат інклюзіўнага падыходу. Новы праект дазваляе дасягнуць менавіта гэтага.

Дар'я РЭВА.