×

Палачкі Кюізенера дапамогуць пераадолець няўважлівасць

11.01.2020 11:40,

Праблема развіцця адвольнай увагі ў дзяцей дашкольнага ўзросту заўсёды хвалюе педагогаў і псіхолагаў. Вельмі часта да педагога-псіхолага звяртаюцца выхавальнікі і бацькі па дапамогу са словамі: “Дзіця няўважлівае, як гэта выправіць?”

Па даных школьных псіхолагаў, вялікая колькасць першакласнікаў не ўмее ўтрымліваць увагу на дэталях, не засяроджана на рабоце, яны рассеяныя, няўседлівыя, няўважлівыя. Такіх дзяцей вызначае няўменне канцэнтраваць, размяркоўваць, пера­ключаць, засяроджваць увагу на вучэбнай дзейнасці, а менавіта ад гэтага і залежыць эфектыўнасць навучання. Таму пра развіццё адвольнасці ўвагі, пра яе ўдасканаленне неабходна клапаціцца ў першую чаргу, рыхтуючы дашкольніка да навучання.

З году ў год у сваёй рабоце я сутыкаюся з пытаннем бацькоў: “Ці аддаваць дзіця ў школу? Яму толькі летам споўніцца 6 гадоў, яно яшчэ зусім няўважлівае”. Вядома, я як педагог-псіхолаг даю бацькам неабходныя парады і рэкамендацыі па падрыхтоўцы дзіцяці да школы, кансультую па пытаннях, якія іх хвалю­юць. Але асаблівую ўвагу ўдзяляю заняткам з дзецьмі па развіцці ўласцівасцей адвольнай увагі. На занятках стараюся выкарыстоўваць розныя метады і прыёмы, разнастайныя дапаможнікі і, канечне, дыдактычныя гульні, бо гульня складае асноўны змест жыцця дашкольнікаў, стварае зону найбліжэйшага развіцця дзіцяці і таму выступае як вядучая дзейнасць.

Вельмі часта на занятках я выкарыстоўвала блокі Дзьенэша, гульні “Танграм”, “Чаго не стала?”, “Знай­дзі адрозненні”, “Што змянілася?”, “Угадай, што знікла”, “Пераблытаныя дарожкі”, “Дамалюй”, “Слухай і выконвай” і інш. Аднак заўсёды хацелася дабавіць штосьці новае, цікавае для дашкольнікаў. Менавіта таму я пачала выкарыстоўваць палачкі Кюізенера для развіцця ўласцівасцей адвольнай увагі, хоць іх асноўная задача, па задуме аўтара, — дапамагчы дзіцяці пазнаёміцца з матэматыкай і развіваць матэматычныя здольнасці. Палачкі Кюізенера маляўнічыя, практычныя і зручныя ў выкарыстанні, а галоўнае — прывабныя для дзяцей.

На бацькоўскім сходзе ў старшай групе я паказала палачкі Кюізенера бацькам і расказала пра іх больш падрабязна, а таксама прапанавала выка­наць некалькі гульнявых практыкаванняў. Якое ж было ­здзіўленне бацькоў! Большасць з іх не ведала пра такі дапаможнік увогуле і бачылі ўпершыню, а з выкананнем практыкаванняў у бацькоў нават узнікалі цяжкасці. Такім чынам, дзякуючы зацікаўленасці бацькоў былі набыты палачкі Кюізенера для заняткаў з падгрупай на кожнае дзіця.

Заняткі праводзіла як з падгрупай дзяцей, так і індывідуальна. Рыхтавалася да заняткаў, а іменна да выбару гульняў і практыкаванняў з палачкамі Кюізенера, вельмі ўважліва. Патрабавалася, каб практыкаванні былі змястоўнымі, цікавымі і зразумелымі дзецям, а іх выкананне займала няшмат часу. Таксама ўлічвала матывацыю як адзін з фактараў, якія ўплываюць на выяўленне ўласцівасцей увагі. Напрыклад: “Хто хутчэй знойдзе палачку, такую ж, як і ў мяне”, “Пакладзі столькі ж палачак, колькі і ў мяне”, “Выкладзі палачкі, чаргуючы іх па колеры, даўжыні”, “Якая палачка знікла?”, “Выкладзі па ўзоры” і “Што змянілася?” і інш. Цыкл заняткаў праводзіла сістэматычна, паслядоўна, з паступовым ускладненнем заданняў. На падгрупавых занятках для стымуляцыі прымяняла спаборніцкі момант, гэта значыць падводзіла вынікі, выяўляючы пераможцу і заўважаючы нават нязначныя поспехі ў дзяцей. На занятках з выкарыстаннем палачак Кюізенера дзеці заўсёды вельмі эмацыянальныя і зацікаўленыя. Дзейнічаючы рукамі, у забаўнай гульнявой форме праз дотык і ўспрыманне колеру і даўжыні вучыліся размяркоўваць і пераключаць увагу.

Пасля праведзеных заняткаў у дзяцей адбыліся станоўчыя змены. Дыягностыка паказала, што ў іх дакладна павысіўся ўзровень развіцця ўласцівасцей увагі. Дзецям стала лягчэй выконваць заданні тэстаў, у якіх патрабуецца пераключэнне і размеркаванне ўвагі, яны трацілі менш часу на іх выкананне, рабілі менш памылак, пачалі выкарыстоўваць прыёмы самакантролю: прагаворванне шэптам інструкцыі, праверку работы, арыенціроўку на ўзор і інш. Увага дзяцей стала больш устойлівай, яны здольны больш працяглы перыяд выконваць заданне. Дзеці пачалі кіраваць сваёй увагай, свядома накіроўваць яе на пэўныя дзеянні, прытрымлівацца пастаўленай мэты задання, гэта значыць хутчэй пачала развівацца адвольнасць.

Такім чынам, дыдактычныя гульні і практыкаванні з выкарыстаннем палачак Кюізенера могуць забяспечыць станоўчую дынаміку ў развіцці ўласцівасцей адвольнай увагі ў дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту, аблегчыць паспяховую падрыхтоўку да школы.

Марына КАРПОВІЧ,
педагог-псіхолаг ясляў-сада № 3 аг. Лясны Мінскага раёна.