×

Памятаць, адкуль ты родам

12.10.2019 14:51,

Для мяне заўсёды было важным, каб чалавек ведаў свае карані, шанаваў і паважаў старэйшых, цікавіўся традыцыямі і звычаямі свайго народа. Толькі зразумеўшы прыгажосць, арыгінальнасць, непаўторнасць мясцовых легенд і свят, пазнаўшы гісторыю свайго краю, можна па-сапраўднаму палюбіць месца, дзе ты нарадзіўся і вырас, палюбіць свой народ. У Год малой радзімы хочацца падзяліцца сваім вопытам работы па выкарыстанні этнаграфіі і краязнаўства ў выхаваўчым працэсе ў пачатковых класах.

З 2002 года я ўдзельнічала ў рабоце па праграме “Этнашкола”. Акрамя звычайных урокаў, з’явіліся новыя цікавыя прадметы: майстэрства мастацкага слова, фальклорны тэатр, музыка, выяўленчае мастацтва. Мы з калегамі разумелі, што ў звычайнай школе не можа быць адбору па здольнасцях, як у спецыяльных мастацкіх школах. Агульнаадукацыйная школа павінна вучыць усіх. Мы з’ездзілі ў Сеніцкую сярэднюю школу, азнаёміліся з іх вопытам работы. Пасля вяртання склалі праграму, абапіраючыся на звесткі пра сваю мясцовасць і ўмовы жыцця тут.

Дзеці з задавальненнем працавалі на гэтых уроках. Ім падабалася ўсё: спяваць, танцаваць, вышываць, ляпіць, удзель­нічаць у спектаклях. Навучэнцы развівалі свае творчыя здольнасці, памяць. На народных гульнях, карагодах, песнях, танцах, загадках выхоўвалася не толькі любоў да роднай мовы, але і дабрыня, чуласць, ветлівасць, сяброўскія адносіны дзяцей паміж сабой, а таксама цікавасць да нашых традыцый і абрадаў. І канечне, мы далучалі да фальклору баць­коў. Знаёміліся з кожнай сям’ёй, дзядулямі і бабулямі нашых вучняў, запісвалі тое, што яны ведалі з традыцыйнага народнага рэпертуару. Дапамагалі збіраць экспанаты і ў выніку стварылі музейную экспазіцыю “Беларуская хата”, якая дзейнічае і зараз. Тут праходзяць заняткі, на якіх вучні маюць магчымасць пазнаёміцца і пама­цаць рукамі невядомыя ім прадметы народнага побыту: посуд, абутак, вышыўкі, прылады працы. Работа ў рамках этнашколы не прайшла дарэмна: дзеці разняволіліся, навучыліся добра рухацца, гаварыць, не баяцца сцэны.

За час работы мы паказалі для настаўнікаў нашага раёна, сваіх землякоў вясковыя вячоркі, інсцэніроўку казкі-батлейкі “Рэпка на новы лад”, Багач, Юр’е, Купалле, Каляды.

Акрамя масавых мерапрыемстваў, фальклор і этнаграфія выкарыстоўваюцца мной і на ўроках.

Урок беларускай мовы. Тэма: “Дзеясловы І і ІІ спражэння”.

Дзеці слухаюць песню “Вёсачка мая”. Перад імі — тэкст песні. Праводжу ўступную размову “За што вы любіце сваю вёску?”. Потым даю заданні: дзяўчынкі выпісва­юць з песні дзясловы І спражэння, хлопчыкі — ІІ (можна па варыянтах).

Кожны ўрок па прадмеце “Чалавек і свет” пачынаем з народнага календара, з прымет месяца, з абрадаў і звычаяў, якія прымеркаваны да той ці іншай даты. Настаўніку добрым памочнікам у падрыхтоўцы да такіх урокаў можа паслужыць праграма “Тэлебарометр”.

На ўроках літаратурнага чытання мы паглыбляем веды дзяцей пра жыццё, традыцыі, звычаі нашых продкаў, пашыраем кругагляд, развіваем камунікабельнасць, вучым параўноўваць мінулае і сучаснае. Пры гэтым многа ўвагі ўдзяляем выхаванню гордасці за свой народ, за яго талент, багатую душу.

Вялікі выхаваўчы патэнцыял мае і факультатыў “Асновы праваслаўнай культуры”. Ужо некалькі гадоў — пачынаючы з 1 класа — я вяду гэтыя заняткі з апорай на праваслаўныя традыцыі нашага народа.

Народныя традыцыі і традыцыі праваслаўя дапамагаюць выхоўваць у нашых дзецях высокія маральныя пачуцці, фарміруюць цудоўныя чалавечыя якасці. І вельмі добра, што многія педагогі апошнія часы ўсё часцей звяртаюцца да такіх форм работы.

Таццяна БАБКО,
настаўніца пачатковых класаў Галынкаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Клецкага раёна.