×

Памятаць кожнага

11.05.2019 14:23,

Прайшло нямала гадоў з таго часу, як скончылася вайна, а раны зямлі не зацягнуліся, не зараслі, не знямела памяць людская пра тых, хто назаўсёды застаўся маладым, хто стаў травой, гранітным абеліскам, нашай памяццю. Памяць жыве ў сэрцах людзей. Сведчанняў таму мноства, і адно з іх — сустрэча, якая адбылася ў нашай школе. З Масквы прыехалі да нас госці, каб ушанаваць памяць аб сваім продку.  

Ёсць у вёсцы Рубілкі Дабрынёўскага сельскага Савета братэрская магіла. Знаходзіцца яна на ўскрайку вёскі. Атачаюць магілу высокія стромкія  яліны. Яны не адзін дзясятак гадоў берагуць спакой тых, хто навекі заснуў глыбокім салдацкім сном. Навучэнцы Баравікоўскай базавай школы Дзяржынскага раёна шэфст­вуюць над брацкай магілай. Кожную восень і вясну валанцёрскі атрад старшакласнікаў наводзіць тут парадак.

У гэтай магіле апошні прытулак знайшло каля 140 салдат і афіцэраў Чырвонай Арміі. І дата іх смерці вядомая: 6—7 ліпеня 1944 года. Ёсць сярод загінуўшых Міхаіл Ісакавіч Цэльнік, гвардыі радавы 385-й стралковай Крычаўскай дывізіі.

Міхаіл Ісакавіч Цэльнік (1917—1944) — ура­джэнец Масквы. Радавы, стралок, 1270 сп, 385 сд. Загінуў на фронце. Пахаваны: вёска Рубілкі Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці. Вось і ўсё, што можна было даведацца з інтэрнэту і кніг. Але памяць аб ім жыве ў сэрцах родных і блізкіх.

Калектыў школы падтрымлівае цесную сувязь з нашчадкамі аднаго з загінуўшых герояў. Некалькі гадоў назад да нас прыйшло пісьмо ад Міхаіла Кудраўцава, які жыве ў Маскве. Ён  пісаў, што яго сям’я захоўвае памяць пра Міхаіла Ісакавіча, яго дзядулю, які загінуў пры вызваленні Беларусі падчас аперацыі “Баграціён”. Шмат гадоў унук марыў пабываць на магіле дзеда, пакланіцца той зямлі, што прыняла яго на вечны спачын. Нарэшце ўнук здзейсніў сваю мару.

Напярэдадні Дня Перамогі цэлай сям’ёй прыехалі ў Беларусь нашчадкі загінуўшага героя. Унук Міхаіл Кудраўцаў і праўнук Ілья Кудраўцаў наведалі брацкую магілу ў Рубілках, зайшлі ў нашу школу, сустрэліся з навучэнцамі, наведалі школьны музей, расказалі пра тое, як паважаюць памяць свайго дзеда і прадзеда. Маленькі Ілья, якому 6 гадоў, казаў пра тое, што яму спадабалася ў Беларусі і што для яго асаблівай па­дзеяй было наведванне таго месца, дзе пахаваны яго прадзед.

Навучэнцы школы з пашанай аднесліся да візіту гасцей. Словы нашчадкаў героя кранулі кожнага. Усе адчулі, як беражліва захоўваюць памяць аб продках у сям’і Кудраўцавых. Унук Міхаіл з гонарам носіць імя свайго гераічнага дзеда, з захапленнем расказвае пра яго ваеннае мінулае. Шкада, не дажыў да светлай перамогі, не ўбачыў святочнага салюту, не прытуліў да грудзей родных і блізкіх, якія так чакалі і верылі, што аднойчы адчыняцца дзверы і на парозе з’явіцца ён, Міша, як пяшчотна называлі яго ў сям’і.

Сустрэча з такімі гасцямі — урок грамадзянскасці і патрыятызму, урок сяброўства і вернасці, веры, што ў суровы час, мы, беларусы і рускія, станем плячо ў плячо, каб не дапусціць ліхалецця, гвалту, новай бяды.

Хутка праходзіць час. Мы цёпла развіталіся і правялі сваіх гасцей з Расіі. А на душы стала цяплей ад таго, што сталі мы багацейшымі яшчэ на некалькі сяброў.

Ала ЗАНЕЎСКАЯ,
намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Баравікоўскай базавай школы Дзяржынскага раёна.