×

Перамогі ў свеце даследаванняў

11.06.2019 11:10,

Цудоўны падарунак да заканчэння навучальнага года зрабілі сабе, сваім бацькам і педагогам юныя даследчыкі Мінскай вобласці. Яны паспяхова выступілі на Міжнароднай канферэнцыі “Свет маіх даследаванняў”.

III Міжнародная вочна-завочная навукова-практычная канферэнцыя “Свет маіх даследаванняў” праводзіцца ў расійскім горадзе Новакузнецку з мэтай выяўлення адораных і таленавітых вучняў, стымулявання іх цікавасці да навукова-даследчай дзейнасці.


Я.Сівакова, В.Афонская, І.Косаў, А.Жылко.

Каб праявіць сябе маглі як мага больш юных навукоўцаў, мерапрыемства дазваляе ўдзельнічаць завочна. Акрамя таго, канферэнцыя прапаноўвае 18 секцый. Адметна, што ўдзельнікамі могуць стаць не толькі старшакласнікі, але і школьнікі любога ўзросту. Такім чынам, нават самыя маленькія даследчыкі маглі прадставіць вынікі сваёй навуковай дзейнасці. Усяго 228 школьнікаў з Расіі і Беларусі ўзялі ўдзел у канферэнцыі. 

Навучэнцы ўстаноў адукацыі Мінскай вобласці атрымалі шэраг узнагарод канферэнцыі. У секцыі “Свет маіх даследаванняў па рускай мове” ўзнагароджаны адразу дзве навучэнкі Сноўскай сярэдняй школы Нясвіжскага раёна. Сабрына Багірава атрымала дыплом I ступені, Віталіна Віннік — дыплом II ступені. Дапамагала дзяўчатам дасягнуць поспеху настаўніца Іна Рычардаўна Віннік.

Лізавета Берасневіч, вучаніца сярэдняй школы № 6 Жодзіна, атрымала дыплом II ступені ў секцыі “Свет маіх даследаванняў па замежнай мове”. Навуковы кіраўнік яе даследчай дзейнасці — настаўніца Святлана Міхайлаўна Каляда.

Паспяховым было выступленне каманды беларускамоўнай гімназіі № 2 Барысава. Ілья Косаў, вучань 4 класа, узнагароджаны дыпломам III ступені ў секцыі “Свет маіх першых даследаванняў па навакольным свеце”. Таксама “бронзу” канферэнцыі атрымала дзевяцікласніца Яна Сівакова ў секцыі “Свет маіх даследаванняў па рускай мове”. На шляху да гэтых дасягненняў вучняў падтрымлівалі педагогі Ала Уладзіміраўна Жылко і  Вольга Уладзіміраўна Афонская.

Дыпломам III ступені ў секцыі “Свет маіх матэматычных даследаванняў” узнагароджаны юны даследчык Аляксей Астапенка, пяцікласнік Сароцкай сярэдняй школы Любанскага раёна. Даследаванне юнак здзяй­сняў пад кіраўніцтвам педагога Наталлі Анатольеўны Астапенка.

Дар’я РЭВА.
Фота з уласнага архіва ўдзельнікаў мерапрыемства.