×

Поле паспяховых практык

09.07.2019 12:12,

Штогод установы адукацыі бяруцца за рэалізацыю цікавых і змястоўных праектаў. І кожны год некаторыя з гэтых праектаў завяршаюцца.  На Міншчыне стала традыцыяй падводзіць вынікі гэтай дзейнасці на творчай сустрэчы. У Мінскім абласным ІРА адбылася творчая справаздача ўстаноў адукацыі, якія завяршылі рэалізацыю педагагічных праектаў у 2018/2019 навучальным годзе.

На Міншчыне рэалізоўваецца шырокі спектр праектаў рознага ўзроўню — рэспубліканскія эксперыментальныя і інавацыйныя праекты, абласныя педагагічныя. Па колькасці рэалізуемых інавацыйных праектаў вобласць з’яўляецца лідарам у краіне. У мінулым навучальным годзе завяршылася рэалізацыя 27 педагагічных праектаў у 38 установах адукацыі. Праекты прайшлі папярэднюю ацэнку экспертнага савета, і 27 устаноў адукацыі прадставілі вынікі сваёй працы на творчай справаздачы. Мерапрыемства складаецца з дзвюх частак. Спачатку праекты былі прадстаўлены экспертнаму савету, потым адбылася іх адкрытая прэзентацыя ўсім гасцям мерапрыемства, дзе кожны меў магчымасць запытацца аб тым, што яго зацікавіла.

— Такі адкрыты фармат мерапрыемства дазваляе насычацца новымі ідэямі, узяць вынікі праектнай дзейнасці на ўзбраенне, завесці прафесійныя кантакты. Усё гэта ў сукупнасці пашырае поле паспяховых практык педагогаў і станоўча ўплывае на развіццё рэгіянальнай сістэмы адукацыі,  — гаворыць Інга Пятроўна Кандрацьева, выконваючы абавязкі рэктара Мінскага абласнога ІРА. — Гэтыя ідэі і прадукты, якія прадстаўлены тут, могуць стаць штуршком для кожнага канкрэтнага настаўніка акунуцца ў інавацыйную дзейнасць. На справаздачы мы падводзім вынікі, аднак мерапрыемства стане не кропкай, а трыгерам у развіцці адукацыйнай практыкі вобласці. 

Вынікі работы дэманстра­валіс­я падчас стэндавай прэзентацыі. Праекты прадстаўлялі ўстановы дашкольнай, агульнай сярэдняй, спецыяльнай, дадатковай адукацыі, а таксама  сацыяльна-педагагічная ўстанова. Усе яны браліся за самыя актульныя для сучаснай адукацыі тэмы.

— Тэматычны топ-ліст узначальваюць праекты, арыентаваныя на ІТ-сегмент у адукацыі, — адзначае І.П.Кандрацьева. — Сур’ёзная ўвага аддаецца дыягностыцы soft-skills, распрацоўцы кампетэнтнаснаарыентаваных заданняў, дыдактыцы ўрока, упісанага ў кантэкст сацыякультурных рэалій.

І сапраўды, сучасныя тэхналогіі ўсё больш пранікаюць у наша жыццё і знаходзяць сваё месца ў педагагічнай, метадычнай рабоце. У сярэдняй школе № 3 Барысава сучасныя тэхналогіі слу­жаць на карысць педагогаў і дзяцей. Тут працавалі над праектам “Віртуальная супольнасць як форма развіцця інфармацыйна-камунікацыйнай кампетэнтнасці ўдзель­нікаў адукацыйнага працэсу”. Так, дзякуючы праекту, педагогаў аб’ядналі метадычны сайт і сайт установы, група ў сацыяльнай сетцы “УКантакце”. Дарэчы, у сацыяльнай сетцы да супольнасці актыўна сталі далучацца навучэнцы і бацькі. Праект актывізаваў педагогаў і падштурхнуў іх развівацца ў кірунку сучасных тэхналогій — яны пачалі ствараць уласныя сайты. Так, дзейнічаюць сайты настаўнікаў пачатковых класаў, настаўнікаў гісторыі, дэфектолагаў, віртуальны кабінет англійскай мовы.

Праект не замыкаецца ў рамках школы — педагогі ўдзельнічалі ў стварэнні і адмініструюць раённыя адукацыйныя сеткавыя супольнасці. Настаўнікі сталі актыўна далучацца да дыстанцыйных мерапрыемстваў — конкурсаў, вэбінараў, курсаў. Некаторыя пайшлі далей і заняліся вывучэннем магчымасцей выкарыстання дапоўненай рэальнасці, а потым і распрацоўкай адукацыйных матэрыялаў з выкарыстаннем гэтай тэхналогіі.

Удзельнікі праекта адкрылі для сябе новыя магчымасці — яны заўсёды валодаюць інфармацыяй аб семінарах і конкурсах, маюць доступ да вопыту вядучых педагогаў краіны і наогул усяго свету, могуць разлічваць на зваротную сувязь з калегамі. Усё гэта не толькі павысіла інфармацыйна-камунікацыйную кампетэнтнасць педагогаў. Незапланаваным станоўчым вынікам праекта стала павышэнне выніковасці навучання.

Не засталіся без увагі і сацыяльныя сеткі. Над праектам “Фарміраванне асноў інфармацыйнай культуры падлеткаў праз выкарыстанне сацыяльных сетак” працавалі ў Бучацінскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе Капыльскага раёна. Супольнасць установы ў сетцы “УКантакце” змяшчае мноства карыснай інфармацыі, якая вучыць правілам паводзін у інтэрнэце. Тут можна даведацца аб інфармацыйнай бяспецы, сеткавым этыкеце, культуры маўлення і рабоце з інфармацыяй. Увагу да інфармацыі прыцягвалі творча — падаюцца веды ў цікавай форме, у супольнасці право­дзяцца конкурсы, тэсты, віктарыны, галасаванні і шмат іншага. Праект арыентаваны на падлеткаў, але да іх далучыліся і бацькі. Па выніках конкурсу, які праводзіўся БРСМ, Бучацін­скі ВПК прызнаны самай віртуальна — актыўнай сельскай школай Капыльскага раёна.

Яшчэ адна актуальная сёння тэма — інклюзія — знайшла адлюстраванне ў праектнай дзейнасці педагогаў. Напрыклад, у сярэдняй школе № 3 Лагойска рэалізоўвалі праект “Удасканаленне інклюзіўнай кампетэнтнасці педагогаў у сістэме метадычнай работы ўстановы адукацыі”. Была распрацавана сістэма мер падтрымкі і навучання педагогаў, якія працуюць з дзецьмі з АПФР. У выніку адбылося ўсведамленне педагогамі неабходнасці павышэння сваёй інклюзіўнай кампетэнтнасці, узмацнілася талерантнасць і прыняцце педагогамі дзяцей з асаблівымі патрэбамі, атрыманыя педагогамі веды спрасцілі работу з гэтай катэгорыяй навучэнцаў.

Адметнай з’явай гэтага года стала наяўнасць мультыпраектаў, калі розныя аспекты адной значнай педагагічнай інавацыі рэалізоўваюцца некалькімі ўстановамі адукацыі. Напрыклад, праект “Павышэнне інфармацыйна-камунікацыйнай кампетэнтнасці педагогаў у сацыяльна-маральным развіцці дзяцей дашкольнага ўзросту” рэалізоўвалі адразу чатыры ўстановы адукацыі Дзяржынскага раёна: ДЦРД і яслі-сад № 2 Фаніпаля, яслі-сад № 1 і № 2 Дзяржынска. У выніку рэалізацыі праекта выхавальнікі пазнаёміліся з рознымі магчымасцямі інфармацыйных тэхналогій і сталі іх смела выкарыстоўваць. Імі былі створаны электронныя адукацыйныя рэсурсы па розных тэмах для выкарыстання ў працэсе дашкольнай адукацыі. Яшчэ адзін прыклад мультыпраекта — праект “Фарміраванне чытацкай кампетэнтнасці навучэнцаў на аснове выкарыстання тэхналогіі прадукцыйнага чытання ў адукацыйным працэсе”, які рэалізоўвалі розныя ўстановы з розных раёнаў. У Камунараўскім дзіцячым са­дзе — сярэдняй школе імя Янкі Купалы Любанскага раёна ў рамках праекта праводзіліся мерапрыемствы па прыцягненні дзяцей да мастацкай літаратуры, пазнавальна-даследчая дзейнасць, арганізоўвалася сумесная дзейнасць бацькоў і дзяцей па прыцягненні да чытання. На ўсіх уроках і занятках выкарыстоўвалася тэхналогія прадукцыйнага чытання.

Педагогі Худавецкага ясляў-сада — сярэдняй школы Круп­скага раёна ў рамках праекта распрацавалі праграму “Я — чытач”. Праграма складаецца з шасці частак. Модуль “Кніга і ўрок” прадугледжвае работу з праграмнымі творамі з дапамогай тэхналогій прадукцыйнага чытання на ўроках рускай літаратуры, модуль “Кніга і твор­часць” прапаноўвае творчыя заданні па прачытаных творах.  Модуль “Чытацкі партфель” арыен­­­таваны на ўрокі пазакласнага чытання і прадугледжвае вя­дзенне чытацкіх дзённікаў. Модуль “Кніга і мастацтва” раскрывае перапляценне літаратуры з рознымі відамі мастацтва. “Кніга для душы” — модуль, які дае дзецям свабоду выбару твора. Падводзіць вынікі работы модуль “Кніга года” — напрыканцы года праводзіцца выніковая чытацкая канферэнцыя: дзеці выбіраюць кнігу, якая ім найбольш спадабалася, і рыхтуюць па ёй творчыя прэзентацыі.

Нягледзячы на тое, што пайшлі рознымі шляхамі, абедзве ўстановы прыйшлі да аднолькавага выніку — дзеці сталі шмат і з задавальненнем чытаць. Вынікам рэалізацыі кожнага праекта з’яўляецца пэўны прадукт, які можа быць выкарыстаны калегамі: электронныя адукацыйныя рэсурсы, матэрыялы для дыягностыкі, метадычныя распрацоўкі ўрокаў, майстар-класаў, рэкамендацыі і інш. Напрыклад, вынікам работы Цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі Салігорскага раёна над праектам “Развіццё тэхнічных здольнасцей вучняў у працэсе дадатковай адукацыі” сталі адукацыйна-метадычныя комплексы для рэалізацыі праграм аб’яднанняў па інтарэсах “Пачатковае тэхнічнае мадэляванне” і “Трасавы мадэлізм”. Комплексы ўключаюць падрабязныя праграмы заняткаў, а таксама сцэнарыі майстар-класаў, святочных і забаўляльных мерапрыемстваў.

Яшчэ ў адной творчай установе адукацыі Салігорска таксама працавалі над праектам — у Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі Салігорскага раёна рэалізоўвалі праект “Адраджэнне і захаванне ў сучасных умовах тэхналогій вырабу рэчаў народных промыслаў (кераміка) і іх выкарыстанне ў практыцы работы ўстаноў адукацыі і культуры”. За час рэалізацыі праекта павялічылася колькасць педагогаў, якія працуюць у тэхніцы кераміка, колькасць аб’яднанняў па інтарэсах і колькасць выхаванцаў у іх. Праектным прадуктам стала кніга педагога ЦТДіМ М.А.Пратасені “Гліняная казка”, якая апісвае віды керамічнай цацкі і паслядоўнасць вырабу кожнай з іх.

Па выніках творчай справаздачы 12 устаноў адукацыі былі ўзнагароджаны спецыяльнымі дыпломамі галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама “За паспяховую рэалізацыю педагагічнага праекта”. Мерапрыемства стала полем паспяховых практык, на якім выспела зерне мноства ідэй, з якіх вырастуць новыя ініцыятывы і праекты. 

Дар'я РЭВА.
Фота аўтара.