×

Полікультурнае выхаванне ў дзіцячым садзе

02.11.2019 14:31,

Полікультурная адукацыя разглядаецца педагогамі нашага дзіцячага сада як спосаб далучэння выхаванцаў да розных культур з мэтай фарміравання агульнапланетарнай свядомасці, якая дазваляе ў далейшым цесна ўзаемадзейнічаць з прадстаўнікамі розных краін і народаў і інтэгравацца ў сусветную культурна-адукацыйную прастору.

Многа намаганняў было накіравана на стварэнне развіццёвага прадметна-гульнявога і інфармацыйна-адукацыйнага асяроддзя па полікультурным выхаванні. З найважнейшымі яго элементамі мы знаёмім чытачоў.

Міні-музей “Беларуская хатка”

Міні-музей у нашым дзіцячым садзе пачаўся з маленькай выставы, прысвечанай прадметам побыту. Па меры збірання экспанатаў узнікла неабходнасць у афармленні кутка ў міні-музей у дзіцячым садзе. Бацькі нашых выхаванцаў актыўна збіралі экспанаты ў сваіх сваякоў і знаёмых. У выніку атрымалася ўтульная беларуская хатка. У міні-музеі праводзяцца заняткі па патрыятычным выхаванні і далучэнні дзяцей да нацыянальнай культуры Беларусі. Дзецям дазваляюць пасядзець каля калыскі, разгледзець блізка вышытую цацку — яны адчуваюць, што маюць дачыненне да працэсу, і пачынаюць цікавіцца гісторыяй стварэння экспаната, лягчэй засвойваюць матэрыял.

Гэтая форма работы фарміруе такія каштоўнасці, як павага і любоў да роднай культуры, працавітасць, адказнасць, забяспечвае пераемнасць пакаленняў.

Народная цацка

Народная цацка спрыяе глыбокаму ўздзеянню на свет дзіцяці, валодае маральнай, эстэтычнай, пазнавальнай каштоўнасцю, увасабляе гістарычны вопыт многіх пакаленняў і раглядаецца як частка матэрыяльнай культуры. На думку Н.С.Старжынскай, цацка як частка дзіцячай гульнявой рэальнасці з’яўляецца незаменным сродкам інкультурацыі — працэсу асваення чалавекам асноўных рыс і зместу культуры свайго грамадства, менталітэту, культурных узораў і стэрэатыпаў у паводзінах і мысленні. Педагогі разам з бацькамі сабралі калекцыю “Цацкі народаў свету”, якія выкарыстоўваюцца на народных святах, у працэсе мастацка-маўленчай дзейнасці дзяцей, на занятках па выяўленчым мастацтве.

Знаёмячы дзяцей з народнымі цацкамі Беларусі, Украіны, Германіі, Францыі і іншых краін, мы стараемся адначасова далучыць іх да беларускай культуры, а таксама да эстэтычных каштоўнасцей культуры іншых народаў.

Цэнтр дыдактычных, развіццёвых і творчых гульняў

Выхавальнікі аформілі ў групах цэнтры дыдактычных, развіццёвых і творчых гульняў, якія ўключаюць у сябе картатэкі рухавых гульняў розных краін свету, пазлы полікультурнай накіраванасці, настольна-друкаваныя гульні па полікультурным выхаванні, папяровых лялек для рэжысёрскіх і тэатральных гульняў, атрыбуты для правядзення сюжэтна-ролевых, творчых гульняў.

Нашы педагогі выкарыстоўваюць рухавыя гульні ў розных формах фізкультурна-аздараўленчай работы, дзе яны вырашаюць развіццёвыя, аздараўленчыя задачы, а таксама выхаваўчыя, накіраваныя на фарміраванне асобы дзіцяці, талерантных узаемаадносін у дзіцячым калектыве. Напрыклад, праводзяцца бурацкая народная гульня “Іголка, нітка, вузельчык”, удмурцкая гульня “Вадзянік”, азербайджанская гульня “Дзень і ноч”, латвійская гульня “Воўк і каза”.

Дыдактычныя гульні педагогі дашкольнай установы выкарыстоўваюць як на занятках, так і ў нерэгламентаванай дзейнасці. Пры падборы ілюст­рацый і нагляднага матэрыялу для дыдактычных гульняў выхавальнікі выкарыстоў­ваюць мастацкія вобразы, якія адлюстроўваюць маральныя сэнсы і ідэалы. Прымяняюцца такія дыдактычныя гульні, як “Добры дзень! — Да пабачэння!”, “Краіны свету”, “Касцюмы народаў свету”, “Жыллё народаў свету”, “Знайдзі адрозненні” і г.д.

Навучаючыся ў гульні паважаць кожнага чалавека, нашы выхаванцы выкарыстоўваюць свае веды ў рэальным жыцці. Гэта значыць, гульня, якая з’яўляецца вядучым відам дзейнасці ў дашкольнай установе, можа быць эфектыўным сродкам полікультурнага выхавання дзяцей і развіцця такіх якасцей, як працавітасць, адказнасць, справядлівасць, павага і любоў да роднай культуры і культур і звычаяў іншых народаў, талерантнасць да прадстаўнікоў розных нацыянальнасцей.

Мастацка-маўленчы цэнтр

Кожны педагог у сваёй групе аформіў падборку кніг, паштовак, ілюстрацый, якія знаёмяць з гісторыяй, культурай, працай, побытам розных народаў. Асаблівае месца ў цэнтры займае мастацкая літаратура.

Літаратура ў нашай дашкольнай установе з’яўляецца адным з асноўных сродкаў полікультурнага выхавання. Менавіта літаратура выкарыстоўваецца як актыўны сродак полікультурнага выхавання дзяцей рознага ўзрос­ту. Нашы педагогі падбіраюць літаратуру па некалькіх напрамках: пазнавальныя апавяданні пра побыт іншых нацыянальнасцей; апавяданні, якія знаёмяць дзяцей з нацыянальнай культурай народаў; апавяданні пра жыццё дзяцей розных нацыянальнасцей. Пры падборы мастацкіх твораў арыентуюцца на наступнае: станоўчыя героі — гэта дзеці, якія любяць сваіх блізкіх, сваю Радзіму, умеюць берагчы сяброўства, валодаюць такімі якасцямі, як дабрыня, клапатлі­васць, працавітасць, суперажыванне і г.д. Эфектыўным сродкам полікультурнага выхавання дзяцей дашкольнага ўзросту таксама з’яўляюцца казкі народаў свету, якія не толькі знаёмяць дзяцей з фальклорам, але і даюць уяўленні пра дабро і зло.

Вялікую ролю ў полікультурным выхаванні аказваюць прыказкі і прымаўкі. Нягледзячы на іх кароткасць і лаканічнасць, у іх прасочваюцца даволі поўныя рэкамендацыі да паводзін. І таму кожны педагог (пачынаючы з сярэдняй групы) аформіў у сябе картатэку прыказак і прымавак розных краін свету.

Калекцыя лялек у нацыянальных касцюмах

У інфармацыйна-метадычным цэнтры педагогі разам з бацькамі аформілі калекцыю лялек у нацыянальных касцюмах. У гэтай калекцыі ёсць прадстаўніцы Украіны, Расіі, краін Афрыкі, Францыі, В’етнама, Абхазіі, Японіі, Кіргізіі, Туркменістана, Малдовы. І, канечне ж, ганаровае месца займае прадстаўніца Беларусі. Каштоўнасць лялек у тым, што з іх дапамогай можна ў даступнай форме азнаёміць дзяцей з побытам народаў, абудзіць у дзіцячых сэрцах шчырую прыхіль­насць і любоў да людзей усіх нацыянальнасцей. Лялькі служаць сродкам эмацыянальнага ўздзеяння на дзяцей, развіваюць іх цікаўнасць. Гульні з нацыянальнай лялькай выхоўваюць у дзяцей пачуццё клопату, ласкі.

Музычныя забавы і фальклорныя святы

З іх дапамогай можна выхоўваць павагу і талерантнасць да звычаяў сваёй і іншых дзяржаў. У дашкольнай установе стала традыцыйным правядзенне фальк­лорнай забавы “Калядкі”, а таксама правядзенне кірмашу “Кухні народаў свету”, дзе выхавальнікі разам з дзецьмі прадстаўляюць адну краіну свету па іх жаданні.

Калекцыя музычных інструментаў народаў свету

Музычныя кіраўнікі аформілі ў музычнай зале падборку інст­рументаў з розных куткоў планеты. Яны знаёмяць выхаванцаў не толькі з музычнымі інструментамі народаў свету ў адпаведнасці з вучэбнай праграмай, але і з рознымі краінамі і іх культурнымі традыцыямі. Такім чынам фарміруюць уменне параўноўваць і называць музычныя творы аднаго жанру, якія адрозніваюцца характарам, уласцівы той ці іншай краіне, выхоўваюць эстэтычны густ.

У музычнай калекцыі ёсць спрадвечна рускія народныя інструменты — балалайка, гармонь, ражок; малдаўскі народны інструмент флуер, бразільскі агаго, афрыканскія маракасы і барабаны, індыйскі сітар, іспанскія канстаньеты, традыцыйныя беларускія цымбалы, жалейка, свістулькі, трашчоткі, дудачкі і г.д.

Калекцыя кветак народаў свету

Выхавальнікі аформілі ў групах калекцыі кветак у адпаведнасці з вучэбнай праграмай, падтрымліваюць ціка­васць да асаблівасцей знешняга выгляду раслін, прыстасаваных да розных умоў жыцця. З іх дапамогай дзеці вывучаюць натуральнае асяроддзе росту раслін, іх кліматычныя асаблівасці.

У дзіцячым садзе можна ўбачыць, напрыклад, пышныя кусты герані з рознакаляровымі кветкамі — гэта прадстаўнікі Індыі, хуткарослы бальзамін у натуральным асяроддзі сустракаецца ў Паўднёвай Азіі, а ўсімі намі любімы зігакактус, ён жа дзекабрыст, расце ў Паўднёвай Амерыцы.

Педагогі дашкольнай установы рэалізоўваюць выхаваўчы і развіццёвы патэнцыял нацыянальных традыцый і звычаяў у полікультурным выхаванні дашкольнікаў, выхоўваюць у дзяцей цікавасць, павагу і любоў да роднай культуры, а таксама да культур і звычаяў іншых народаў, выхоўваюць талерант­насць да прадстаўнікоў розных нацыянальнасцей.

Настасся КРЫВІЦКАЯ,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 12 “Бярозка” Жодзіна.