×

Поспех і перамогі анлайн

28.06.2019 14:26,

Школьнікі Міншчыны гучна заявілі пра сябе перамогамі ў аўтарытэтных міжнародных конкурсах. Яны — сярод лепшых у конкурсе даследчых работ і конкурсе сачыненняў.

Конкурс імя У.І.Вярнадскага — адно са старэйшых і маштабных інтэлектуальных спаборніцтваў юных даследчыкаў. Ён праводзіцца ўжо 26 гадоў, і з кожным годам колькасць удзельнікаў яго расце. Сёлета ў конкурсе ўдзельнічала 1281 работа навучэнцаў з Расіі, Беларусі, Украі­ны, Казахстана і Чэхіі.

Арганізатары пазіцыянуюць мерапрыемства не проста як конкурс, а як адукацыйную праграму, галоўнай задачай якой з’яўляецца творчае развіццё ўсіх юных даследчыкаў, якія даслалі свае работы, і іх кіраўнікоў. У рамках конкурсу арганізавана прафесійнае рэцэнзаванне работ — кожны аўтар абавязкова атрымлівае разгорнутую ацэнку спецыяліста. Рэцэнзаванне адбываецца на першым, завочным, этапе. Другі этап — гэта Усерасійскія юнацкія чытанні імя У.І.Вярнадскага, якія праводзяцца ў Маскве. Лепшыя работы, дапушчаныя да другога тура, да пачатку чытанняў публікуюцца ў зборніку. Удзельнікі, якія былі запрошаны ў другі этап, але не змаглі прыехаць на чытанні ў Маскву, маюць магчы­масць прадставіць сваю работу экспертам дыстанцыйна — для іх створаны праект “Вярнадскі online”, абарона адбываецца ў рэжыме анлайн-канферэнцыі. Навучэнцы ўстаноў адукацыі Мінскай вобласці паспяхова скарысталіся прапанаванай магчымасцю.

Дыпломам I ступені ў секцыі “Лінгвістыка. Мова ў сучасным свеце (Linguistics)” узнагароджаны Ула­дзіслаў Прымака, вучань Сноўскай сярэдняй школы Нясвіжскага раёна. Юнак прадставіў на конкурсе даследаванне “Эмацыянальная карціна свету беларусаў (на прыкладзе кагнітыўных метафар і метафарычных эпітэтаў)”. Дапамагла Ула­дзіславу дасягнуць поспеху настаўніца Іна Рычардаўна Віннік.

Лаўрэатам праекта “Вярнадскі online” ў секцыі “Ма­стацтва і літаратура (Fine Art and Literature)” стаў Дзмітрый Грыбоўскі, навучэнец сярэдняй школы № 6 Барысава, з работай “Гля­дзець ці не глядзець? Буктрэйлер як новы фармат візуалізацыі твора”. Даследаваў тэму юнак пад кіраўніцтвам педагога Элы Уладзіславаўны Слабкоўскай.

Магчымасцю ўдзельнічаць у конкурсах дыстанцыйна і анлайн педагогі і навучэнцы карыстаюцца ўсё часцей. Яшчэ адзін прыклад поспеху ў гэтай справе — узна­гарода Вольгі Пятроўскай, навучэнкі гімназіі № 10 Маладзечна, у Міжнародным конкурсе сачыненняў. Вольга вучыцца ў 8 класе і даўно спрабуе сябе ў літаратурнай творчасці, удзельнічае ў прадметнай алімпіядзе і творчых конкурсах. На сайце сеткавага выдання “Навука і адукацыя online” дзяўчына даведалася пра правядзенне Міжнароднага конкурсу сачыненняў і вырашыла паспрабаваць свае сілы. Удзельнікамі конкурсу сталі прадстаўнікі каля 400 устаноў адукацыі Беларусі, Егіпта, Казахстана, Расіі, Таджыкістана, Узбекістана, Украіны.

Сачыненне Вольгі “Аб чалавечнасці” прысвечана 75-ай гадавіне вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У творы дзяўчына разважае пра каштоўнасць жыцця, расказваючы пра лёс свайго прадзеда, які быў расстраляны фашыстамі. Сачыненне Вольгі Пятроўскай заняло 2-е месца ў міжнародным конкурсе. На творчым шляху накіроўвае Вольгу настаўніца Наталля Анатольеўна Шаюк.

Дар’я РЭВА.