×

Права на лета

07.08.2019 14:31,

Кожнае дзіця мае права на лета — без “асфальту”, сярод жывой прыроды, дзе няма школьнай дошкі і падручнікаў.

Лета бывае розным… Гарачым і халаднаватым, доўгім і кароткім, сонечным і дажджлівым. А яшчэ лета можа быць цікавым, карысным, даўгачаканым і заслужаным. Усё гэта залежыць ад тых, хто будзе побач з дзецьмі ў час іх адпачынку.

У летніку дзеці атрымліваюць менавіта тое, што ім патрэбна больш за ўсё: адчуванне свабоды, самастойнасці, самакаштоўнасці. Кожны наш выхавальнік памятае, што ў летніку самае галоўнае — дзіця, яго ўчынкі, адносіны да справы, да таварышаў па атрадзе. Усё ў нашым летніку засяроджана на дзецях, таму тут заўсёды пануюць смех, радасць, рамантыка, сяброўства і шчасце. І такое лета запомніцца надоўга.

Здаецца, лета толькі-толькі пачыналася, але не толькі чэрвень, але і ліпень праляцелі хутка і непрыкметна, бо ўсе мы знаходзіліся ў аздараўленчым летніку. Кожны дзень тут быў цікавым і непаўторным: выхавальнікі дапамагалі дзецям адкрываць для сябе штосьці новае, не заўважанае раней у штодзённым жыцці, дзеткі займаліся цікавымі справамі, грэліся на сонейку і гулялі на свежым паветры, удзельнічалі ш конкурсе малюнкаў на асфальце, цікавых віктарынах, забаўляльных праграмах, гульнях-падарожжах, спартыўных спаборніцтвах і інш.

Каб развіваць пазнавальную цікавасць і павагу вучняў да гістарычнай і культурнай спадчыны Бацькаўшчыны выхавальнікі арганізоўвалі паходы і экскурсіі па родных мясцінах. А яшчэ дзеці знаёміліся з прафесіямі сваіх бацькоў, бабуль і дзядуляў: пабывалі на мехдвары РСУП “Саўгас “Гарадок”, у дыспетчарскай, на збожжатаку, весавой, малочнатаварнай ферме, ПАСП № 12.

У адзін з дзён мы адправіліся на ПАВП-12 вёскі Войкава. Нас сустрэў начальнік паста Аляксандр Прыёмка. Спачатку ён запытаўся ў выхаванцаў ці ведаюць яны куды прыйшлі, хто тут працуе, па якім нумары неабходна тэлефанаваць у выпадку пажару. Задаволены адказамі дзяцей, начальнік паста расказаў ім куды паступае сігнал аб пажары, паказаў адзенне пажарнага, якое засцерагае ад вады і высокай тэмпературы, ад траўмаў пры тушэнні пажараў.

Затым ён паказаў пажарныя машыны (іх тут дзве), расказаў як тушаць пажар. Усе выстраіліся ў чаргу, каб паспрабаваць “тушыць пажар” вадой з рукава. А.Прыёмка паўтарыў з выхаванцамі правілы паводзін пры пажары, прасіў быць заўжды уважлівымі, помніць правілы пажарнай бяспекі і выконваць іх. Дзеці запэўнілі, што будуць старацца.

Выхаванцы зразумелі, што быць пажарным няпроста. Пажарны павінен быць смелым, мужным і вытрыманым. Дзеці вырашылі выхоўваць у сабе гэтыя якасці — раптам хто-небудзь стане ў будучыні пажарным.

Мы жывём у сельскай мясцовасці і бачым, што без працы ў сельскай гаспадарцы і гараджанам цяжка жыць. Зараз многія з горада пераязджаюць у вёску.

Нашы хлопчыкі мараць быць інжынерамі, механізатарамі, электрагазазваршчыкамі. Каб больш даведацца пра гэтыя прафесіі мы адправіліся на экскурсію на мехдвор РСУП “Саўгас “Гарадок”. Многія дзеці былі вельмі рады гэтаму, бо тут працуюць іх таты. Яны расказалі нам пра свае прафесіі. Дзеці былі ў захапленні ад вялікіх і магутных трактароў, кожнаму хацелася дакрануцца да іх.

Зазірнулі мы і ў майстэрню, і дыспетчарскую, дзе пазнаёміліся з прафесіямі токара, слесара, інжынера і шафёра, дыспетчара. Цяпер дзеці ведаюць намнога больш пра іх працу і разумеюць, што ўсе прафесіі неабходныя і важныя. Кожны выбірае сабе спецыяльнасць па душы.

Цікавымі, пазнавальнымі, насычанымі атрымаліся летнія канікулы. Шмат радасці, добрага настрою прынеслі яны хлопчыкам і дзяўчынкам, якім пашчасціла адпачываць ў аздараўленчым лагеры “Сонейка”. Лета прайшло на карысць.

Таццяна МАЛАШЭВІЧ,
дырэктар летніка “Сонейка”
Суткаўскага дзіцячага сада — базавай школы Уздзенскага раёна.