×

Сезон перамог

14.05.2019 16:11,

Сёлетняя вясна аказалася сезонам перамог для навучэнцаў устаноў адукацыі Мінскай вобласці. Іх імёны гучалі на цырымоніях узнагароджання адразу некалькіх прэстыжных міжнародных конкурсаў.

Міжнародны конкурс навуковых работ школьнікаў, студэнтаў і педагогаў “Прызма” прайшоў сёмы раз. Па выніках завочнага тура конкурс сабраў юных інтэлектуалаў у Маскве. У склад экспертнага журы ўвайшлі кандыдаты і дактары навук, выкладчыкі вядучых УВА Расіі і Беларусі, вучоныя-практыкі, лаўрэаты грантаў у сферы адукацыі.

Конкурснае спаборніцтва прапаноўвае чатыры намінацыі: у намінацыі “Вектар” удзельнічаюць даследчыя работы вучняў 7—11 класаў, у намінацыі “Выбар” прэзентуюцца сумесныя праекты вучняў і педагогаў або бацькоў, намінацыя “Наватар” адрасавана педагогам, а ў намінацыі “Ініцыятар” прымаюцца сацыяльныя праекты навучэнцаў, педагагічных работнікаў, а таксама іх сумесныя работы.

Прадстаўнікі Мінскай вобласці штогод удзельнічаюць у гэтым мерапрыемстве і з кожным годам усё больш масава і паспяхова. Так, у мінулым годзе ўсяго было прадстаўлена 24 работы, 13 з якіх былі адзначаны дыпломамі. У гэтым годзе работ было на 10 больш, адзначаны дыпломамі 19 з іх.

Паліна Нямальцева.
Паліна Нямальцева- пераможца конкурсу "Прызма".

Пераможцамі Міжнароднага конкурсу навуковых работ “Прызма” сталі прадстаўніцы гімназіі № 3 Барысава Валерыя Баброва і Паліна Млынчык. Дасягнуць поспеху дзяўчынам дапамаглі педагогі Ю.У.Сцяпанава і Л.У.Караткова. Таксама ў ліку пераможцаў Ганна Бянько, вучаніца сярэдняй школы № 9 Жодзіна, кіраўніком навуковай работы з’яўляецца А.А.Лахоўская. Перамогу святкавалі навучэнка сярэдняй школы № 2 Жодзіна Марыя Саўко (кіраўнік І.М.Дуброўская), навучэнка сярэдняй школы № 3 Любані Паліна Нямальцава (кіраўнік І.У.Нямальцава), Юлія Яроміч і Валерыя Рацкевіч, якія вучацца ў Нясвіжскім дзяржаўным каледжы імя Якуба Коласа (кіраўнік А.М.Рацкевіч).

Прызёрамі конкурсу сталі навучэнцы гімназіі № 3 Барысава, якія атрымалі 2 дыпломы, сярэдняй школы № 9 Жодзіна — 3 дыпломы, сярэдняй школы № 13 Барысава — 3 дыпломы, Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа імя Якуба Коласа — 3 дыпломы, Барысаўскага цэнтра экалогіі і турызму — 2 дыпломы.

Таксама ў Маскве прайшла XV адкрытая гуманітарная канферэнцыя школьных даследчых работ “Вышгарад-2019” (Маркелаўскія чытанні). У гэтым мерапрыемстве юныя прадстаўнікі Міншчыны ўдзельнічаюць пастаянна і паспяхова. І ў гэтым годзе вярталіся дадому з калекцыяй дыпломаў.
Дыпломамі I ступені ўзнагароджана Кацярына Каменка, навучэнка Нясвіжскай гімназіі, якая пад кіраўніцтвам І.У.Хаванскай стварыла даследаванне “Міфапаэтыка хранатопа ў сучаснай антыўтопіі (на прыкладзе аповесці В.Маканіна “Лаз”)”. Дыпламантам І ступені стаў таксама Аляксей Навіцкі. Конкурсную работу “Дом, у якім мы жывём” яму дапамагала ствараць кіраўнік работы А.В.Пахомава. Юны навуковец вучыцца ў 6 класе сярэдняй школы імя У.А.Крыштапенкі пасёлка Крупкі Крупскага раёна.


      Аляксей Навіцкі і педагог А.В. Пахомава на канферэнцыі"Вышгарад-2019".

Дыпломамі II і ІІІ ступені, дадатковымі ўзнагародамі канферэнцыі адзначаны навучэнцы Лошніцкай гімназіі Барысаўскага раёна, Жодзінскай жаночай гімназіі, Мінскага дзяржаўнага абласнога ліцэя, сярэдніх школ № 5 і № 4 Жодзіна, Нясвіжскай гімназіі.

Не толькі ў інтэлектуальных, але і ў творчых конкурсах праявілі сябе юныя жыхары Мінскай вобласці. Навучэнкі гімназіі № 1 Барысава Варвара Пападчанка і Кацярына Петражыцкая заваявалі дыпломы ІІ ступені ў Міжнародным конкурсе эсэ па геаграфіі. Назвай конкурсу і тэмай для разважання сталі словы М.В.Ламаносава “Колькі адбываецца карысці ад геаграфіі чалавечаму роду, пра тое кожны, хто мае паняцце і розум, разважыць можа”. Удзел у конкурсе ўзялі больш за 200 школьнікаў з краін СНД.

Творчы погляд на жыццё прынёс плён і навучэнцам Мінскага дзяржаўнага абласнога ліцэя, якія ўдзельнічалі ў X Міжнародным фестывалі экраннай культуры “Чалавечае кіно — 2019”, што праводзіцца ў расійскім Новасібірску. Фестываль аб’яднаў больш за 2500 удзельнікаў з Расіі, Казахстана, Літвы, Арменіі, Ірана, Кітая, Беларусі. У рамках фестывалю праводзіцца шэраг мерапрыемстваў, у тым ліку традыцыйны спецконкурс “Аб Чалавеку за тры дні”. Тэмай спецконкурсу гэтага года была абвешчана цытата Г.П.Шчадравіцкага: “Чалавек не нараджаецца, нараджаецца нейкая магчымасць стаць чалавекам”. Удзельнікі павінны былі за тры дні зняць сацыяльны ролік на зададзеную тэму. Што і зрабілі навучэнцы МДАЛ Антон Філіповіч, Ілья Мацвееў і настаўніца В.І.Койра. Іх сацыяльны ролік “Твой шанс” стаў пераможцам фестывалю па выніках анлайн-галасавання.

А дакументальны фільм “Адраджэнне”, зняты навучэнцамі ліцэя, стаў намінантам конкурснай праграмы фестывалю. Стваральнікамі фільма з’яўляюцца Дзіяна Аненкава, Антон Філіповіч, выпускніца МДАЛ Лада Бялькевіч і настаўніца В.І.Койра.

Перакананы, што сезон перамог яшчэ прынясе мноства сюрпрызаў і наша выданне яшчэ не раз раскажа пра гэта чытачам.


Дар'я РЭВА.
Фота з уласнага архіва ўдзельнікаў.