×

Шчаслівыя разам

03.06.2019 14:28,

Ёсць людзі з надзвычай вялікімі і добрымі сэрцамі — яны дораць любоў і клопат дзецям, якія асабліва маюць у гэтым патрэбу. Гэта таты і мамы, якія бяруць да сябе дзяцей, што засталіся без апекі біялагічных бацькоў. Іх праца пачэсная і важная, але надзвычай складаная. Падтрымаць іх і дапамагчы ў гэтай справе закліканы фестываль-форум замяшчальных сем’яў “Сэрца аддаю дзецям”, які прайшоў на Міншчыне.

Удзел у форуме ўзялі супрацоўнікі ўпраўленняў па адукацыі, спорце і турызме рай- і гарвыканкамаў, супрацоўнікі сацыяльна-педагагічных цэнтраў, педагогі-псіхолагі, прыёмныя бацькі і бацькі-выхавальнікі — усяго каля 180 чалавек.

На форуме абмяркоўвалася шырокае праблемнае поле: сям’я і яе роля ў развіцці асобы, розныя аспекты сацыяльнага сіроцт­ва, сучасныя формы і нарматыўныя асновы сямейнага жыццеўладкавання для дзяцей-сірот і дзяцей, што засталіся без апекі бацькоў, сучасныя формы работы з выхаванцамі замяшчальных сем’яў, апекунамі, прыёмнымі бацькамі, бацькамі–выхавальнікамі ва ўстановах адукацыі і многія іншыя тэмы. 

На адкрыцці мерапрыемства яго ўдзель­нікаў вітала С.П.Філіс­товіч, першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама:

— У нашай краіне вялікая ўвага ўдзя­ляецца сям’і і мацярынству, абароне дзяцей, — адзначыла Соф’я Пятроўна. — Наша задача — зрабіць так, каб кожнае дзіця знайшло сваю сям’ю. Упэўнена, што фестываль-форум стане пляцоўкай для канструктыўнага прафесійнага дыялогу. Разам мы знойдзем шляхі вырашэння існуючых праблем.

Распачалося мерапрыемства пленарным пасяджэннем. Пра праблемы дэінстытуалізацыі і ўладкавання ў сем’і дзяцей з інваліднасцю расказаў А.А.Ананенка, намеснік старшыні дабрачыннага грамадскага аб’яднання “Свет без меж”. Лінда Зівертэ, дырэктар па развіцці праграм “SOS-Дзіцячыя вёскі Латвіі”, паведаміла, як працуе сістэма абароны дзяцінства ў Латвійскай Рэспубліцы. А.М.Грынюк, начальнік аддзела сацыяльнай і выхаваўчай работы ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме Салігорскага райвыканкама, падзялілася вопытам работы Салігорскага раёна па абароне правоў і законных інтарэсаў дзяцей-сірот і дзяцей, што засталіся без апекі бацькоў. 

Прадоўжылася работа на некалькіх пляцоўках, дзе з удзельнікамі форуму працавалі спецыялісты розных кірункаў: псіхолагі, юрысты, дактары і іншыя. Так, удзельнікаў чакалі дыскусійныя пляцоўкі “Права на правы”, “Здароўе дзяцей — клопат дарослых”, “Суправаджаем баць­коў”. На інтэрактыўных пляцоўках усе жадаючыя маглі азнаёміцца з прыёмамі пясочнай, музычнай і арт-тэрапіі, навучыцца прымяняць метафарычныя асацыятыўныя карты і працаваць з цялеснымі імпульсамі.

У рамках фестывалю-форуму адбыліся заключныя мерапрыемствы Абласнога конкурсу замяшчальных сем’яў “Сэрца аддаю дзецям”. Конкурс на Міншчыне праводзіўся ўпершыню, удзел у ім узялі больш за 300 сем’яў. З іх у фінальны этап выйшлі 25. Кожная сям’я прадставіла на суд журы вырабы дэка­ратыўна-прыкладнога мастацтва “Та­лен­ты нашай сям’і”, “Кнігу жыцця” вы­хаванца, сачыненне бацькоў-выхавальнікаў на тэму “Прыёмныя бацькі як прызванне і прафесія”, сачыненне выхаванца на тэму “Лепшая сямейная гісторыя” і відэаролік “Адзін дзень з жыцця сям’і”. Па выніках гэтых завочных конкурсных заданняў 6 сем’яў выйшлі ў фінал і на фестывалі-форуме прайшлі тэсціраванне на веданне нарматыўных прававых асноў сямейнага жыццеўладкавання дзяцей, а таксама прадставілі на сцэне творчыя візітоўкі “Мы шчаслівыя разам”.

Пераможцай у катэгорыі “Дзіцячы дом сямейнага тыпу” аказалася сям’я Барытоль з Салігорскага раёна. У катэгорыі “Прыёмная сям’я” лідарам сталі Сергіевічы са Стаўбцоўскага раёна.

Падчас правядзення фестывалю-форуму бацькі-выхавальнікі, прыёмныя баць­кі пачулі шмат цёплых слоў падтрымкі і падзякі. Але, колькі б ні гучала такіх слоў, іх ніколі не бу­дзе шмат, бо гэтыя людзі робяць вялікую справу — до­раць дзецям сям’ю, якая з’яўляецца самым галоўным у жыцці кожнага чалавека. 

Дар'я РЭВА.
Фота аўтара.