×

Школа прадпрымальніцтва

03.06.2019 14:24,

Фестываль “Школа прадпрымальніцтва” сабраў удзельнікаў навучэнскіх бізнес-кампаній і юных аўтараў стартапаў Мінскай вобласці. Паспяхова рэалізаваныя праекты юных бізнесменаў, а таксама іх крэатыўныя ідэі змаглі ўбачыць і ацаніць эксперты і госці фестывалю. 

Мінская вобласць — піянер у стварэнні навучэнскіх бізнес-кампаній. Менавіта ў цэнтральным рэгіёне яны з’явіліся ўпершыню ў 2011/2012 навучальным годзе. Тут жа ў 2016 годзе быў праве­дзены першы фестываль бізнес-кампаній, які стаў традыцыйным мерапрыемствам. Фестываль мяняецца ў адпаведнасці з патрабаваннямі сучаснасці. Так, сёлета фестываль “Школа прадпрымальніцтва” прапаноўваў актыўнасці не толькі для ўдзельнікаў бізнес-кампаній, але і для стваральнікаў стартапаў. 

Для ўдзелу ў абласной выставе бізнес-кампаніям давялося прайсці папярэдні адбор — 43 кампаніі прадставілі для ацэнкі экспертаў свае бізнес-планы. У выніку ў выставе ўзяла ўдзел 21 бізнес-кампанія з 14 раёнаў вобласці. На мерапрыемстве яны сустрэліся з экспертнай групай і расказалі пра свае поспехі ў бізнесе і планы далейшага развіцця.

— Многія бізнес-кампаніі, прадстаўленыя на фестывалі, удзельнічаюць у мерапрыемстве не першы раз. І нам прыемна назіраць, што з году ў год яны развіваюцца, дасягаюць усё большых вынікаў, — расказвае Ірына Мікалаеўна Вецяорац, начальнік аддзела эканомікі адукацыі МАІРА, старшыня экспертнай групы. — На выставе ўдзельнікі бізнес-кампаній атрымліваюць не толькі ацэнку, але і парады ад экспертаў. Многія з гэтых парад увасабляюць у жыццё. Карысны ўдзел у фестывалі і для тых, хто прыязджае сюды ўпершыню. Яны могуць не толькі пагутарыць са спецыялістамі, але і набрацца вопыту, паназіраўшы за тым, як прэзентуюць сябе больш вопытныя юныя калегі.

Па выніках выставы лепшыя бізнес-кампаніі былі ўзнагароджаны спецыяльнымі дыпломамі ў  намінацыях “Лепшая бізнес-ідэя”, “Якасны бізнес-план”, “Эфектыўнае прасоўванне вырабленага тавару ці паслугі, што аказваецца”, а таксама “Лепшая прэзентацыя бізнес-кампаніі”.

Упершыню на фестывалі прайшоў конкурс стартапаў. Для ўдзелу ў ім была пададзена 21 заяўка. 6 стартапаў іх распрацоўшчыкі прадставілі вочна  журы на фестывалі. Юнакі і дзяўчаты прапанавалі вельмі цікавыя ідэі. Дзве з іх (“ProПсіхолаг” і Teen Design) былі прызнаны пераможцамі. Праект Teen Design прыдумалі навучэнцы Лошніцкай гімназіі Барысаўскага раёна Сімона Неўгень, Ягор Собаль, Аліна Маркава. Сваё вырашэнне спрэчкі бацькоў і дзяцей гімназісты знайшлі ў адным з пытанняў, а менавіта ў пытанні дызайну дзіцячага пакоя, бо падлеткі звычайна хочуць модны, стыльны інтэр’ер, а бацькі думаюць пра практычнасць і фінансавы бок праблемы. Ідэя праекта — у аказанні дызайнерскіх анлайн-паслуг у такіх выпадках. Юныя дызайнеры з Лошніцкай гімназіі добра разуме­юць, чаго хочуць іх аднагодкі, і ў той жа час гатовы прапаноўваць праекты, якія задаволяць бацькоў коштам і якасцю. Кіраўнік праекта — настаўніца хіміі і геаграфіі Ірына Васільеўна Асінавая.

Праект “ProПсіхолаг” прыдумалі вучаніцы Пліскай сярэдняй школы імя У.А.Мікуліча Вікторыя Рагожына, Вікторыя Юркевіч і кіраўнік праекта настаўнік фізікі і інфарматыкі Аляксандр Дзмітрыевіч Рубанаў. Разам яны стварылі платформу для апрацоўкі разнастайных псіхалагічных тэстаў. Апрацоўка тэстаў уручную займае вялікую колькасць часу. А тэстаў такіх шмат. “ProПсіхолаг” робіць гэта анлайн за лічаныя секунды. Праект мае сацыяльны характар і размешчаны ў свабодным доступе. Сёння ім карыстаюцца каля тысячы псіхолагаў, вельмі ўдзячных распрацоўшчыцам і іх настаўніку. 

Магчыма, гэтыя таленавітыя юнакі і дзяўчаты не стануць бізнесменамі і прадпрымальнікамі, аднак набытыя веды і навыкі — уменне думаць крэатыўна, планаваць, прэзентаваць сябе і свае думкі, працаваць у камандзе — будуць карыснымі  ў любой рабоце і ў штодзённых справах.

Дар'я РЭВА.
Фота аўтара.