×

Школьны “ФАРМАТ”

01.08.2019 16:43,

Грамадству, якое хоча правільна развівацца, неабходны сучасныя адукаваныя і прадпрымальныя людзі, якія могуць самі прымаць адказныя рашэнні ў сітуацыі выбару, а таксама здольныя да супрацоўніцтва.

Такіх людзей дамагае выхаваць бізнес-кампанія “Фармат”, якая дзейнічае ў Даматканавіцкай сярэдняй школе Клецкага раёна з 2016 года. У дзейнасці кампаніі ўдзельнічаюць 10 вучняў 9—11 класаў.

Школьнікамі быў распрацаваны бізнес-план, які ўключае апісанне прадукцыі, вытворчы і фінансавы планы (з разлікам рэнтабельнасці і планам маркетынгу).

Асноўная мэта “Фармата” — дапамога ў арганізацыі практычнага навучання па асновах прадпрымальніцкай дзейнасці.

Сёння наша бізнес-кампанія вырабляе і рэалізуе прадукцыю, рыхтуе справаздачы і фінансавыя дакументы. Школьнікі займаюцца вытворчасцю тэматычных магнітаў (з выявамі любога характару) розных памераў і з розных матэрыялаў (на магнітнай фотапаперы і розных нарыхтоўках), звычайных, ламініраваных і металічных закладак-падказак па вучэбных прадметах, якія карыстаюцца папулярнасцю сярод вучняў нашай школы. Акрамя гэтага, каманда бізнесменаў вырабляе дызайнерскія бэйджы, якія рэалізуюцца сярод вучняў, настаўнікаў, работнікаў сельвыканкама, СВК “Шчэпічы” і іншых арганізацый мікрараёна і раёна.

Папулярнасцю карыстаюцца насценныя, настольныя і кішэнныя календары, фатаграфіі, якія заказваюць не толькі вучні ўстановы, але і жыхары нашага мікрараёна. У нас можна надрукаваць каляровыя фотаздымкі розных фарматаў. Юныя прадпрымальнікі могуць зрабіць фатаграфіі на пашпарт і іншыя дакументы. Прыемна, што кошт на нашы паслугі больш танны, чым прапануюць гарадскія студыі па фотадруку.

Папулярнасцю ў насельніцтва карыстаецца выраб візітак, простых блакнотаў з уласным малюнкам, а таксама паслугі па раздрукоўцы, ксеракопіі дакументаў і інш.

На працягу навучальнага года ў “Фармаце” былі выраблены магніты, календары, закладкі для ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, воінаў-інтэрнацыяналістаў і гасцей школы. Акрамя гэтага, перад агульнашкольным бацькоўскiм сходам была арганізавана выстава-продаж нашай прадукцыі. За атрыманыя грошы набылі матэрыялы і тэхніку для далейшага развіцця.

Такім чынам, за 2017/2018 навучальны год “Фармат” зарабіў 267 рублёў. У 2018/2019 навучальным годзе пасля набыцця 3D сублімацыйнага прынтэра даход ад прадукцыі істотна павялічыўся.

У мінулым годзе школьная бізнес-кампанія пачала аказваць камп’ютэрныя паслугі, звязаныя з устаноўкай Windows, праграмнага забеспячэння, а таксама рамонтам камп’ютэрнай тэхнікі.

Удзельнікі бізнес-кампаніі пастаянна вывучаюць патрэбы жыхароў нашага мікрараёна і ў будучыні плануюць запусціць яшчэ адзін цікавы праект: наносіць малюнкі на вопратку, металічныя закладкі, бірулькі і інш.

Дарэчы, напрыканцы навучальнага года ў Мінскім абласным інстытуце развіцця адукацыі праходзіў абласны фестываль “Школа прадпрымальніцтва”, дзе нашы школьнікі прымалі ўдзел у выставе вучнёўскіх бізнес-кампаній. Дзейнасць школьнай бізнес-кампаніі “Фармат” была ацэнена дыпломам галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінскага аблвыканкама ў намінацыі “Эфектыўнае прасоўванне тавару, які вырабляецца, ці паслугі, якая аказваецца”.

Ірына САЛАТА,
аграгарадок Даматканавічы.