×

Случанскія вытокі

11.06.2019 11:13,

Літаратурны фестываль“Случанскія вытокі”, які ўпершыню прайшоў у Слуцкім раёне, паказаў, што самыя маленькія дзеці здольныя на вялікія творчыя здзяйсненні. Удзельнікамі фестывалю сталі выхаванцы ўстаноў дашкольнай адукацыі.

Літаратурны фестываль сабраў таленавітых юных чытальнікаў у раённай бібліятэцы. Усе яны дэкламавалі розныя літаратурныя творы, выступаючы ў пяці намінацыях: “Паэзія”, “Проза”, “Фальклор”, “Чытаем разам”, “Беларуская песня”. Першыя тры намінацыі прадугледжвалі індывідуальны ўдзел, у намінацыі “Чытаем разам” дзеці выступалі разам з бацькамі ці выхавальнікамі, а спявалі ў намінацыі “Беларуская песня” як салісты, так і калектывы.

Сваёй творчасцю радавалі гледачоў 43 выхаванцы з 26 устаноў дашкольнай адукацыі. Яны чыталі вершы класікаў і сучасных аўтараў, шмат твораў было прысвечаны Беларусі і Слуцкаму краю. Усе старанна падрыхтаваліся — не толькі вывучылі вершы, але і падабралі касцюмы, рэквізіт, музыку. А самым галоўным аздабленнем нумароў стала дзіцячая непасрэднасць. Кожнае выступленне ператварылася ў маленькі спектакль.

Фестываль пры­свечаны Году малой радзімы. Абавязковай умовай было чытанне твораў на беларускай мове. Бо галоўная ідэя фестывалю — папулярызацыя роднай мовы сярод дзяцей і іх баць­коў. І гэтая ідэя, безумоўна, была цудоўнай. Прыгажосць роднай мовы дзеці ўзмацнілі сваімі эмоцыямі і талентамі. А гэта нікога не можа пакінуць абыякавым.

Дар’я РЭВА.
Фота прадастаўлена ўпраўленнем па адукацыі, спорце і турызме Слуцкага райвыканкама.