×

Слуцкія “жамчужынкі”

17.09.2019 14:52,

У розных кутках свету праслаўляюць сваю краіну юныя таленавітыя беларусы. Калектывы выхаванцаў Слуцкага цэнтра дзіцячай творчасці з поспехам выступілі на міжнародных мерапрыемствах у Эстоніі і Украіне.

Х Міжнародны фестываль-конкурс “Марская жамчужына” сабраў выканаўцаў і творчыя калектывы ў Адэсе. Да Чарнаморскага ўзбярэжжа адправіліся ўдзельнікі ансамбля эстраднага танца “Акварэль” Слуцкага ЦДТ.


Ансамбль “Акварэль” на фестывалі-конкурсе “Марская жамчужына”.

Ансамбль “Акварэль” стаў лаўрэатам I ступені па выніках конкурсу ў трэцяй узроставай катэгорыі, якая збірала ўдзельнікаў ва ўзросце 17—20 гадоў.  У першай узроставай катэгорыі (да 12 гадоў) і другой узроставай катэгорыі (13—16 гадоў) юныя слуцкія танцоры ўзнагароджаны дыпломамі лаўрэатаў II ступені. Падрыхтавала да ўдзелу ў конкурсе слуцкіх “жамчужынак” кіраўнік калектыву Ірына Генадзьеўна Селіванава.

Заззялі зорачкі талентаў случчан і на VI Міжнародным фестывалі славянскіх культур “Светач”, які прайшоў у эстонскім Пярну. Тут свае творчыя здольнасці дэманстравалі вакальныя і харэаграфічныя калектывы з Беларусі, Расіі, Украіны і Эстоніі.

Дзве ўзнагароды фестывалю атрымаў узорны ансамбль танца “Папараць-кветка” — дыплом І ступені ў намінацыі “Народны танец” і дыплом ІІ ступені ў намінацыі “Стылізаваны танец”. Дасягнуць поспеху дзецям дапамаглі кіраўнік калектыву Ірына Віктараўна Лаўрова і  балетмайстар Ірына Генадзьеўна Селіванава.


Выхаванцы Слуцкага ЦДТ на Міжнародным фестывалі славянскіх культур “Светач”.

Вакальныя нумары падрыхтавалі для фестывалю прадстаўнікі аб’яднання па інтарэсах “Спяваючыя сэрцы” Слуцкага ЦДТ пад кіраўніцтвам Алы Леанідаўны Матанскай. Выканаўца Алег Лаўрыкаў узнагароджаны дыпломам ІІ ступені ў намінацыі “Вакальная акадэмічная творчасць” і дыпломам ІІІ ступені ў намінацыі “Вакальная народная (фальклорная) творчасць”. Кацярына Шыловіч заваявала дыплом ІІ ступені ў намінацыі “Вакальная народная (фальклорная) творчасць”.

У рамках фестывалю выхаванцы Слуцкага ЦДТ змаглі прадэманстраваць і сваю дэкаратыўна-прыкладную творчасць. Упрыгажэннем мерапрыемства стала выстава “Захоўваючы традыцыі — ствараць новае”, якая складалася з вырабаў, зробленых рукамі навучэнцаў аб’яднання па інтарэсах “Чароўная шкатулка”. Па рашэнні журы гэтая выстава стала пераможцай у намінацыі “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва” і адзна­чана дыпломам і каштоўным кубкам. Свае ўменні ў аб’яднанні па інтарэсах дзеці атрымліваюць дзякуючы педагогу Аксане Аляксандраўне Піхцеравай.

Педагогі атрымалі падзяку ад арганізатараў міжнародных мерапрыемстваў за значны ўклад у развіццё культуры і мастацтва, падтрымку талентаў дзяцей і моладзі, плённую працу і высокі прафесіяналізм, папулярызацыю беларускай культуры.

Дар'я РЭВА.
Фота прадастаўлены Слуцкім ЦДТ.