×

Стартапы барысаўскіх школьнікаў

28.09.2019 14:12,

Для кожнага чалавека важна знайсці сваю справу. А калі не атрымліваецца знайсці, то сваю справу можна стварыць самому. Такі шлях выбіраюць бізнесмены і арганізатары стартапаў. Па любым з гэтых шляхоў лягчэй ісці таму, хто ўзброены ведамі. Таму сёння ўсё часцей адкрываюцца курсы, інкубатары, школы, дзе моладзь можа атрымаць першыя веды аб вядзенні бізнесу. Так, у Барысаўскім раёне працуе стартап-інкубатар “Бізнес для падлеткаў”.

На Барысаўшчыне ствараюць умовы для таго, каб дзеці маглі атрымаць веды па актуальных, сучасных напрамках. Ужо не першы год у раёне развіваюць робататэхніку, праграмаванне, STEM-адукацыю.  Яшчэ адным крокам у гэтым кірунку стала стварэнне стартап-інкубатара для школьнікаў. Ініцыятыву актыўна падтрымлівае асацыяцыя “Адукацыя для будучыні”. 

У мінулым навучальным годзе быў пачаты пілотны праект па навучанні школьнікаў асновам прадпрымальніцтва. Працуе над праектам творчая група педагогаў на чале з настаўнікам-метадыстам Юліяй Уладзіміраўнай Саматыга. Сабралася каманда зацікаўленых энтузіястаў. У склад каманды ўвайшлі педагог Цэнтра творчасці дзяцей і мола­дзі Барысаўскага раёна Ларыса Міхайлаўна Качаткова, настаўніца хіміі Лошніцкай гімназіі Барысаўскага раёна Ірына Васільеўна Асінавая, настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 20 Барысава Таццяна Анатольеўна Чуйкова, намеснікі дырэктара сярэдняй школы № 13 Барысава Наталля Віктараўна Сцяпура і Алеся Пятроўна Пацукевіч, якая таксама з’яўляецца кіраўніком школьнай бізнес-кампаніі “ДАРУ.nak”. Да работы падключыліся і псіхолагі — Андрэй Ігаравіч Максіменка, які працуе ў ЦТДіМ Барысаўскага раёна, і Алена Леанідаўна Чэкан, супрацоўніца сярэдняй школы № 20 Барысава. Педагогі распрацавалі ўласную праграму работы з навучэнцамі 7—10 класаў. І стартап-інкубатар запрацаваў.

Работа ладзілася па суботах. На заняткі прыходзіла каля 20 вучняў з розных устаноў адукацыі раёна. Сустрэчы былі разлічаны на тры гадзіны, аднак нярэдка, захопленыя цікавай тэмай, дзеці і педагогі праводзілі разам значна больш часу.

Праграма складаецца з сямі тэматычных модуляў. На вывучэнне кожнага з іх запланавана розная колькасць га­дзін — ад 4 да 8. Вучням прапаноўваліся такія модулі, як “Эфектыўная камунікацыя”, “Самаарганізацыя і тайм-менеджмент”, “Лідарства. Стартап у бізнесе”, “Прафесіі будучыні”, “Я блогер” і інш.

Кожны модуль прадугледжвае тэарэтычны, практычны, псіхалагічны блокі, бізнес-гульні і абагульненне матэрыялу. Напрыклад, у тэарэтычным блоку модуля пад назвай “Юны прадпрымальнік. Бізнес-планаванне” падлеткі даведаліся аб структуры бізнес-плана, прынцыпах і паслядоўнасці яго распрацоўкі, праграмных прадуктах, якія могуць пры гэтым быць выкарыстаны. Разабраліся, што такое SWOT-аналіз і як можна аўтаматызаваць бізнес-планаванне. У практычнай частцы гэтага тэматычнага модуля прапаноўваўся воркшоп “Эфектыўны бізнес-план”, дзе разбіралі прыклады бізнес-планаў і вылучалі тыповыя памылкі. У рамках псіхалагічнага блока праводзіўся трэнінг “Як зацікавіць інвестара за 120 секунд”. Завяршалася работа над кожным модулем уласнымі праектамі. Падлеткі згенерыравалі ідэі і на працягу навучання спрабавалі стварыць з іх дзеючы стартап, прымяняючы атрыманыя на занятках веды. 

 — Нашы дзеці — актыўныя, ініцыятыўныя, творчыя. Ідэй у іх — безліч. Стаіць задача навучыць іх аналізаваць гэтыя ідэі, ставіцца да іх крытычна. А таксама правільна прымяняць вынікі аналізу, быць гнуткімі і мяняць ідэю, калі гэта патрэбна,  — расказвае Ірына Васільеўна Асінавая, педагог стартап-інкубатара.

На занятках з дзецьмі працуюць два педагогі і два педагогі-псіхолагі. Апошнія не толькі праводзяць трэнінгі, але і дапамагаюць сканцэнтравацца, аб’яднацца, узаемадзейнічаць.

У стартап-інкубатары падлеткі вучацца генерыраваць добрыя ідэі і праходзіць шлях ад іх нараджэння да рэалізацыі. Вучацца кіраваць справай, уздзейнічаць на спажыўцоў, ствараць рэкламу, весці дзелавыя перагаворы і многае іншае. Такім чынам яны атрымліваюць веды аб эканоміцы, фінансах, маркетынгу. Педагогі імкнуцца выхоў­ваць у падлеткаў якасці, якія будуць актуальныя для работы ў любой сферы.

— Мы імкнёмся не проста вучыць, а ўсебакова развіваць і выхоўваць мэтанакіраваную, матываваную асобу, здольную прымаць рашэнні ў крызісных сітуацыях, крэатыўна рашаць задачы, хутка рэагаваць на змены, праца­ваць у калектыве, — расказвае педагог Таццяна Анатольеўна Чуйкова.

Важная частка навучання — сустрэчы са спецыялістамі бізнес-сферы і наведванне тэматычных лекцый, семінараў. Са спікерамі барысаўскія школьнікі ўступаюць у актыўны дыялог — у іх шмат цікавых пытанняў.

Заняткі заўсёды насычаны інфармацыяй. Педагогі будуюць іх так, каб дзеці былі не слухачамі, а актыўнымі дзеячамі.

— Раней аб прадпрымальніцтве, бізнесе мы мелі толькі агульнае ўяўленне. Цяпер жа веды значна пашырыліся, — расказвае Арцём Ліннік, навучэнец гімназіі № 1 Барысава, які наведваў стартап-інкубатар. — Мне падабаюцца гэтыя заняткі, бо яны даюць разуменне таго, што ты можаш рэалізаваць сябе ў любой сферы, знайсці сваю нішу. Ты можаш не залежаць ні ад каго і ствараць сваю справу. Разам з тым прыходзіць і разуменне той адказнасці, якую на сябе трэба браць.

Падлеткі змаглі пераканацца, што кожны з іх здольны арганізаваць сваю справу. І не ў гульнявой сітуацыі на занятках, а ў сапраўдным жыцці. Адначасова яны ўсвядомілі, колькі рызык сустракаецца на шляху і як важна ведаць пра іх, умець спраўляцца з цяжкасцямі. Гэта зрабіла заняткі ў стартап-інкубатары яшчэ больш цікавымі і актуальнымі.

 —  Мае бацькі займаюцца бізнесам, і мне гэтая сфера таксама вельмі цікавая. А калі паглыбілася ў тэму на занятках, то наогул вельмі захапілася, — расказвае Хрысціна Мацюш, навучэнка гімназіі № 1 Барысава. — Я рада, што ў нас ёсць магчымасць вучыцца ў стартап-інкубатары. Лічу, што чым раней мы пачнём спасцігаць асновы вядзення бізнесу, тым менш памылак зробім, калі будзем займацца справай.

Яшчэ больш упэўненасці ў сваіх сілах надаюць першыя дасягненні выхаванцаў стартап-інкубатара. У гэтым го­дзе на Міншчыне ўпершыню праводзіўся конкурс стартапаў у рамках абласнога фестывалю “Школа прадпрымальніцтва”. Пераможцам конкурсу стаў праект Teen Design навучэнцаў Лошніцкай гімназіі Барысаўскага раёна. Яго стваральнікі Сімона Неўгень, Ягор Собаль, Аліна Маркава займаюцца ў стартап-інкубатары. Ідэя праекта — у аказанні анлайн-паслуг па дызайне пакояў для падлеткаў. Паслугі будуць аказваць юныя дызайнеры, якія разумеюць, чаго хочуць іх аднагодкі, і ў той жа час гатовы прапаноўваць праекты, якія задаволяць таксама і бацькоў.

У гэтым навучальным годзе ў Барысаўскім раёне работа з юнымі стартаперамі прадаўжаецца. У Лошніцкай гімназіі, школах № № 13 і 20 пачалі працаваць стартап-класы. Так павялічылася колькасць навучэнцаў, якія наведваюць заняткі, і ім стала зручней займацца, бо не трэба ехаць у іншую ўстанову. Заняткі па інтарэсах у гэтых “класах” разлічаны на чатыры гадзіны ў тыдзень, прыходзяць на іх вучні 7—11 класаў. Апрабаваная праграма мінулага года пашырана, а гэта значыць, вучні атрымаюць яшчэ больш карысных ведаў. 

Дар'я РЭВА.
Фота аўтара.