×

Сустрэча мудрасці і маладосці

27.06.2019 14:15,

З першых дзён  працоўнай дзейнасці педагогам неабходны дапамога, падтрымка, мудрая парада, ненадакучлівая падказка. Яны ўжо не студэнты, і ім патрэбны не павучанні, а зносіны, супрацоўніцтва, партнёрства, дыялог з вопытным пакаленнем. Дыялог як форма зносін дае магчымасць быць роўнымі ў гутарцы, абмяняцца ведамі, а дыялог пакаленняў — гэта неабходная ўмова ўзаемадзеяння маладых і вопытных. Менавіта пад назвай “Дыялог пакаленняў” праходзяць сустрэчы спецыялістаў-пачаткоўцаў і ветэранаў педагагічнай працы ў Нясвіжскім раёне.

 Нядаўняя сустрэча маладосці і мудрасці прай­шла на базе сярэдняй школы № 3 Нясвіжа. У гэтым го­дзе “Дыялог пакаленняў” быў прымеркаваны да 115-й гадавіны прафсаюзаў Беларусі. У сустрэчы прымалі ўдзел настаўнікі, якія былі актыўнымі ўдзельнікамі прафсаюзнага руху і на працягу многіх гадоў з’яўляліся старшынямі пярвічных арганізацый, бо прыклад актыўнасці, грамадзянскасці, патрыятызму для маладых — гэта прафсаюз.

Вобраз педагога з гадамі мяняўся. Гасцям мерапрыемства прапанаваны відэаролік, у якім прадстаўнікі старэйшага пакалення змаглі ўбачыць знаёмыя ім з савецкіх кінафільмаў вобразы і, магчыма, пазнаць сябе, і відэаролік, у якім быў прадстаўлены вобраз сучаснага педагога Нясвіжчыны.

Па выніках прагляду відэа ўдзельнікі мерапрыемства складалі партрэт ідэальнага настаўніка. Заданне было творчым. Маладыя паказалі вобраз педагога, які развіваецца, любіць дзяцей, знаходзіцца ў пастаянным пошуку новых ідэй, актыўнага, крэатыўнага чалавека. Вопытныя ўдзельнікі склалі вобраз мудрага, свядомага настаўніка, які ніколі не апускае рукі і ідзе наперад. “Два вобразы ўзаемадапаўняльныя, гэта прыклад ідэальнага педагога сучаснасці, да якога трэба імкнуцца”, — зрабілі  выснову прадстаўнікі розных пакаленняў.

Успаміны пра вучняў, запамінальныя падзеі са школьнага жыцця — вось, што звязвае масцітага настаўніка з мінулым і не дае забыць прыгажосць пражытых гадоў. Гасцям мерапрыемства было прапанавана прайсці экзамен і падзяліцца з маладымі вопытам. Ветэраны педагагічнай працы выцягвалі білеты з пытаннямі, якія тычыліся работы ў школе, цікавых выпадкаў з вучнямі, праблем і цяжкасцей, а таксама станоўчых, добрых момантаў, звязаных з настаўніцкай дзейнасцю. Адказваючы на іх, педагогі давалі мудрыя парады, выказвалі маладому пакаленню пажаданні аптымізму, настойлівасці ў працы.

Валянціна Станіславаўна Хілько, старшыня раённай арганізацыі ветэранаў педагагічнай працы і прафсаюзнага руху, настаўніца гісторыі і грамадазнаўства сярэдняй школы №1 Нясвіжа, звярнулася да калег з пажаданнямі прафесійнага росту і здзяйснення мар. Пра значнасць прафсаюза ў грамадскім жыцці, пастаянную падтрымку маладых спецыялістаў з боку раённай арганізацыі прафсаюза расказала старшыня Нясвіжскай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Людміла Уладзіміраўна Крупец, якая пажадала быць актыўнымі і мэтанакіраванымі, браць прыклад з вопытнага пакалення.

Маладыя спецыялісты ў сваю чаргу прэзентавалі ўласныя здабыткі: падзяліліся ўражаннямі пра першы праведзены ўрок, пра калектывы, якія сардэчна прынялі іх ва ўстановах, выказалі гатоўнасць працаваць далей на настаўніцкай ніве.

Успаміны не толькі пра школьнае жыццё, але і пра мінулыя гады былі навеяны музычнымі ўрыўкамі са школьных песень, па якіх трэба было пазнаць кінафільм. Ветэраны педагагічнай працы з настальгіяй і задавальненнем выканалі гэтае заданне. У невялікім спаборніцтве на кемлівасць, знаходлівасць удзельнічалі ўсе: вопытныя педагогі называлі прадметы, якія былі папулярнымі ў часы СССР, а маладыя — іх сучасныя аналагі. Гэта дапамагло з’яднаць два пакаленні і ўбачыць агульнасць інтарэсаў настаўнікаў розных эпох.

“Дыялог пакаленняў” як традыцыйная сустрэча маладых настаўнікаў і ветэранаў педагагічнай працы прахо­дзіць у цёплай, сяброўскай атмасферы. Для маладых — гэта магчымасць павучыцца ў старэйшага пакалення мудрасці, атрымаць добрую параду, якая спатрэбіцца ў іх прафесійнай дзейнасці, для вопытных калег — спроба паглядзець на школьнае жыццё, сістэму адукацыі ў цэлым вачыма пачаткоўцаў, па-іншаму ўявіць сабе адукацыйны працэс. Узаемадзеянне маладых і масцітых, абмен меркаваннямі пра адукацыю ў такім фармаце сайдзейнічаюць умацаванню сувязі паміж пакаленнямі.

Марына БОГУШ,
метадыст ВМК упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Нясвіжскага райвыканкама.