×

Свята роднай мовы

28.02.2020 16:16,

З мэтай выхавання нацыянальнай свядомасці, любові да Радзімы, да захавання культурнай спадчыны ў Лысіцкім дзіцячым садзе – сярэдняй школе Нясвіжскага раёна 21 лютага прайшлі мерапрыемствы, прымеркаваныя да Міжнароднага дня роднай мовы. Стварэнню святочнага настрою спрыяла музычнае афармленне школы, арганізаванае настаўніцай беларускай мовы і літаратуры Н.І.Гурынай, якое пачалося ў 8 гадзін раніцы. Вучаніцы 6 класа М.Чухлей  і В.Чухлей у нацыянальных беларускіх касцюмах каля ўваходу сустракалі вучняў і настаўнікаў школы, уручалі эмблемы свята з выявай беларускага сімвалу – бусла.

На кожным перапынку былі арганізаваны вясёлыя акцыі “Размаўляем па-беларуску”. Для вучняў 4 – 8 класаў быў праведзены квест “З рога ўсяго многа”, падчас якога вучні разгадвалі крыжаванкі, загадкі, былі перакладчыкамі, рыфмавалі словы, успаміналі беларускія прыказкі і прымаўкі.

Вучні старшых класаў далучыліся да агульнанацыянальнай акцыі: пісалі дыктоўку “Беларусь памятае”, прысвечаную 75-годдзю вызвалення Радзімы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Настрой святу задаў конкурс на лепшага знаўцу беларускіх песень і гуртаў, у ходзе якога можна было паслухаць беларускія мелодыі і праверыць свой інтэлектуальны ўзровень у беларускай музыцы.

Сумесна з загадчыкам Лысіцкага клуба-бібліятэкі В.А.Пастуховіч было праведзена мерапрыемства “Беларусь мая сінявокая”, дзе вучні чыталі вершы на роднай мове, спявалі песні. Цікавай і запамінальнай стала ў час свята сустрэча з мясцовымі паэткамі Л.А.Бука і Г.У.Дземідовіч, якія прыгожа чыталі свае вершы на роднай мове пра нашу вёску, яе людзей. Задушэўныя і шчырыя словы паэтак пакінулі самыя лепшыя ўражанні і сведчанне таго, што ёсць і ў нашай вёсцы людзі, якія з пяшчотай размаўляюць, пішуць на роднай мове, клапоцяцца, каб мова наша была і заўтра, і паслязаўтра неабходная нам, беларусам.

Мы спадзяёмся, што ў сэрцы кожнага вучня нашай школы абудзілася любоў  да роднага слова, адказнасць за сваю Радзіму.

Ірына МЫШКАВЕЦ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры Лысіцкага дзіцячага сада - сярэдняй школы Нясвіжскага раёна
.