×

Талент апярэджвае час

13.04.2019 11:34,

Шасцікласніца Ксенія Ачкас з Нясвіжа трыумфальна выступіла на Усерасійскім фестывалі творчых адкрыццяў і ініцыятыў “Леанарда”, які прайшоў у Маскве. Работа дзяўчыны была высока ацэнена членамі журы гэтага прэстыжнага мерапрыемства для юных творцаў і навукоўцаў.

Cімвалам фестывалю стаў Леанарда да Вінчы, геніяльнасцю якога захапляюцца і натхняюцца многія пакаленні. Гэта чалавек, які пера­адольваў перашкоды дзеля новых адкрыццяў і перспектыў, не баяўся глядзець на рэчы з нязвыклых бакоў і думаць не так, як усе.

Мерапрыемства праходзіла пад дэвізам “Талент апярэджвае час”. Фестываль закліканы аб’яднаць сучасную таленавітую моладзь, якая займаецца даследчай і праектнай дзейнасцю ў розных галінах ведаў, і даць ёй новыя веды, новыя магчымасці і перспектывы. Да ўдзелу ў фестывалі запрашаюцца вучні 1—11 класаў школ, якія пражываюць на тэрыторыі Расійскай Фе­дэрацыі і ў дзяржавах блізкага і далёкага замежжа. У гэтым годзе ўдзельнікаў было каля 600.

Фестываль прапа­ноўваў разнастайныя актыўнасці: конкурсы, майстар-класы, выставы творчых работ. Але галоўныя падзеі адбываліся падчас работы 12-і тэматычных секцый. Журы ацэньвала ўдзельнікаў у рамках трох узроставых катэгорый.

Ксенія Ачкас, на­ву­чэнка 6 класа сярэдняй школы № 4 Нясві­жа, прадставіла на фестывалі даследаванне “Залатая рыбка, або Фінансавыя выдаткі і тэрміны іх акупнасці пры развядзенні азёрнай рыбы”, якое здзейсніла пад кіраўніцтвам настаўніцы матэматыкі Кацярыны Уладзіміраўны Стралец. Работа была ўдастоена дыплома І ступені.

Дар'я РЭВА.
Фота з уласнага архіва ўдзельнікаў мерапрыемства.